Беларуская Служба

126 гадоў таму нарадзіўся адзін з самых вядомых польскіх святых

12.01.2020 08:19
Максімілян Кольбе абмяняў сваё жыццё на жыццё іншага вязня Аўшвіц-Біркенаў.
Аўдыё

Максімілян Кольбе Максімілян Кольбе

126 гадоў таму, 8 студзеня 1894 году, нарадзіўся Максімілян Кольбе, францішканін, святы Каталіцкага касцёла. Ён быў заснавальнікам кляштару і стваральнікам найбуйнейшага ў Польшчы выдавецтва рэлігійнага друку і кніг у Непакалянаве пад Варшавай. Акрамя таго, ён заснаваў марыйны рух «Рыцарства Беззаганнай» і вёў місійную дзейнасць у Кітаі, Індыі і Японіі.

У траўні 1942 году францішканін быў адпраўлены ў канцлагер Аўшвіц-Біркенаў. Калі пад канец ліпеня з лагеру ўцёк вязень, у якасці пакарання намеснік каменданта Карл Фрыц выбраў дзесяцярых вязняў і прыгаварыў іх да галоднай смерці. Сярод іх быў бацька дваіх дзяцей Францішак Гаяўнічак, замест якога ў камеру смерці добраахвотна пайшоў Максімілян Кольбе. Калі пасля двух тыдняў пакут манах яшчэ жыў, яму зрабілі ін’екцыю смяротнага фенолу. Ён памёр 14 жніўня 1941 году. Яго цела было спаленае ў крэматорыі.

Гады пазней Францішак Гаяўнічак (памёр у 1995 годзе) успамінаў апошнія хвіліны жыцця манаха.

- Іх завялі ў блок №11. Распранулі да гала, кінулі ў камеру. Яны павінны былі паміраць з голаду і холаду. Айцец Максімілян жыў найдаўжэй. 14 жніўня прыйшоў эсесман, паглядзеў, што ён яшчэ жыве і дабіў яго.

У 2011 годзе ў 70 гадавіну смерці айца Максіміляна Кольбе на тэрыторыі былога канцлагеру падчас Святой Імшы адзін з вязняў Тадэвуш Сабалевіч (памёр у 2015 годзе) казаў, што гадавіна мае для яго асабістае значэнне. Ён падкрэсліў, што дзякуючы пазіцыі святара ён не страціў надзеі.

- У 1941 годзе я прыехаў у Асвенцім, будучы 16-гадовым хлопцам. Гэта было тры месяцы пасля яго смерці. Але ад іншых я даведаўся, што быў такі выпадак. Для мяне гэта быў шок. Учынак Максіміляна даў мне сілу, каб далей змагацца са стратай надзеі.

У 1971 годзе Папа рымскі Павал VI абвясціў францішканца блаславёным, а ў 1982 годзе Ян Павал ІІ кананізаваў Максіміляна Кольбе. Падчас кананізацыйнай Імшы пантыфік сказаў, што айцец Кольбе паказаў, што любоў мацнейшая, чым смерць.

- Постаць святога Максіміляна застаецца сведчаннем эпохі і з’яўляецца знакам часу. Гэтую жахлівую эпоху характарызуе знішчэнне чалавечай годнасці. Але яна нарадзіла ў Асвенціме свой збавенны знак. Любоў аказалася мацнейшай, чым смерць. Мацнейшая, чым антылюдская сістэма. Любоў чалавека перамагла там, дзе здавалася перамагае нянавісць і пагарда чалавекам.

Папа Ян Павал ІІ быў першым папам, які маліўся ў камеры Максіміляна Кольбе падчас пілігрымкі ў Польшчы ў 1979 годзе. Тады святы айцец падкрэсліў, што айцец Кольбе перамог дзякуючы веры і любові. Папа падкрэсліў, што пакутніцтва айца Кольбе дапамагло перажыць цяжкія часы іншым вязням і цэламу Касцёлу.

- Гэты чалавек перамог у месцы, якое было адмаўленнем веры, веры ў Бога і веры ў чалавека, таксама на радыкальным знішчэнні ня толькі любові, але і ўсіх праяваў чалавечнасці.

Айцец Яцэк Сташэўскі ў 2018 годзе казаў аб тым, што айцец Масімілян асаблівым культам ахопліваў Беззаганную Маці Божую. Ад яго марыйнасці нарадзілася шмат канкрэтных дзеянняў:

- Можна сказаць, што Маці Божая спадарожнічала яму цэлае жыццё. У выніку ён засноўвае Рыцарства Беззаганнай у Рыме. Ставіць сабе за мэту маліцца аб навяртанні непрыяцеляў Касцёла. Гэта апостальства, якое фізічна праяўляецца ў медальёне з выявай Беззаганнай. Калі ты знаходзішся ў яе рыцарстве, то раздаеш гэты медальён іншым. Усё жыццё Міксіміляна была прасякнутая гэтай марыйнасцю.

У 20-х гадах мінулага стагоддзя айцец Кольбе заснаваў кляштар і выдавецтва ў Непакалянаве пад Варшавай. У 1930 годзе францішканец выехаў у Японію і там заснаваў «Японскі Непакалянаў». Ён распачаў засноўваць падобныя цэнтры ў Кітаі і Індыі. У 1939 годзе ён вярнуўся ў Польшчу, каб кіраваць Непакалянавам, які стаў самым вялікім каталіцкім манастыром у свеце. Калі выбухнула Другая Сусветная вайна там жылі 700 манахаў і кандыдатаў. Манастыр быў сусветным цэнтрам Рыцарства Беззаганнай. З 1938 году там было сваё радыё.

14 жніўня 2018 году айцец Максімілян Кольбе быў абвешчаны патронам асвенцімскай зямлі, на якой падчас вайны быў заснаваны нямецкі канцлагер Аўшвіц-Біркенаў.


ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Багацце веры