Беларуская Служба

Плогінг падбівае сэрцы бегуноў

17.01.2020 13:32
Энтузіясты джогінгу здаўна адчувалі расчараванне тым, што бегаюць сярод смецця, якое ляжыць паўсюль.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjnepixabay

Новая спартыўная дысцыпліна родам са Швецыі падбівае сэрцы бегуноў. Плогінг (plogging) спалучае ў адно прабежку (jogging) з прыборкай смецця (па-шведску – plocka – падымаць).

Сама ідэя не была новай. Энтузіясты джогінгу здаўна адчувалі расчараванне тым, што бегаюць сярод смецця, якое ляжыць паўсюль. Частка людзей пры нагодзе шпацыру падымае з зямлі смецце і заносіць іх у бліжэйшую сметніцу. У эпоху сацыяльных СМІ тое, што адзінкі рабілі даўно, мела шанец трапіць да больш шырокай групы, а нават стаць модным.

Плогінг спалучае два папулярныя трэнды – быць фіт і быць эка, клапаціцца пра сябе і клапаціцца пра навакольнае асяроддзе. У сацыяльных СМІ прыхільнікі плогінгу хваляцца чыстай ваколіцай і поўнымі воркамі. На Фэйсбуку ўзнікаюць падзеі, у рамках якіх бегуны аб’ядноўваюцца, каб прыбраць канкрэтнае месца.

Госць Польскага радыё Даяна Класоўская, якая займаецца плогінгам, адначасова з’яўляецца ўладальніцай фірмы па зборы смецця, гаворыць, што спачатку была экалогія, а пасля бег. Актывістка хацела бегаць, але ёй не хапала матывацыі. Даведаўшыся пра plogging яна «справілася» са сваймі сумневамі і вырашыла аб’яднаць два хобі. Актывістка расказвае, што звычайна яна займаецца плогінгам самастойна, але здараецца, што да яе далучаюцца знаёмыя, а нават пішуць і звоняць незнаёмыя асобы з пытаннем, ці могуць далучыцца.

Калі ў іншых еўрапейскіх краінах плогінг становіцца папулярным, то ў польскай рэчаіснасці – гэта толькі пачатак руху, гаворыць Даяна Класоўская:

- Гэта яшчэ не мае такога памеру, як, напрыклад, у Англіі. Я чула, што там нават існуюць адмысловыя трэнажорныя комплексы для плогінгу – дадаткова трэніруюцца рукі, каб збіраць гэтыя смецці. Гэта толькі пачатак, таму я не магу многа расказаць. Напэўна людзей гэта здзіўляе. У Польшчы людзі яшчэ не гатовыя рабіць нешта для іншых, але павольна пачынаюць разумець, што гэта дзейнічае. Смецці не вяртаюцца ў тыя месцы, дзе мы іх прыбярэм. Пазней гэтыя месцы значна чысцейшыя, таму я думаю, што ёсць сэнс.

Журналістка Чацвёртай праграмы Польскага радыё Карына Тэжоні гаворыць, што падчас прабежкі можна выкарыстоўваць іншыя экалагічныя трукі.

- Я ўжо больш за год на маіх трэніроўках п’ю ваду з крану. Гэта дало мне магчымасць заашчадзіць каля 200 бутэлек вады, таму я зрабіла свой унёсак у барацьбу з пластыкавымі смеццямі. Гэта адзін з маіх экалагічных навыкаў. Акрамя таго, калі я еду на спаборніцтвы, то заўсёды стараюся далучыцца да калег, ці запрасіць да майго аўтамабіля іншых удзельнікаў, каб не вазіць у машыне гэтак званае паветра. Я вельмі сачу за тым, каб не смяціць на марафонах. Часам зусім выпадкова можа выпасці кавалак паперы ці фольгі, але я сапраўды стараюся гэтага не рабіць. На арганізаваныя прабежкі я заўсёды стараюся прынесці свой кубак ці бітон, каб не карыстацца аднаразовымі кубкамі, хоць яны і так вельмі рэдка ў такіх месцах паяўляюцца.

Карысць ад плогінгу падвойная. Безумоўна, гэта велізарны плюс для навакольнага асяроддзя. З іншага боку – дадатковы расход калорый для бегуна. Каб падняць смецце, даводзіцца нагнуцца або прысесці, а гэта дадатковая нагрузка. Трэніроўкі атрымліваюцца інтэрвальнымі: спачатку прабежка, потым збор смецця, пасля – зноў бег на іншае месца, і так па крузе. Для параўнання: калі падчас звычайнай прабежкі чалавек спальвае ў сярэднім 230 ккал, то пры плогінгу іх колькасць вырастае да амаль 300 ккал.


ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце