18 студзеня 1919 пачалася Парыжская мірная канферэнцыя, якая была вынікам заканчэння Першай Сусветнай вайны.
Першая Сусветная вайна была з адной з самых буйных, па чалавечых і матэрыяльных стратах і па колькасці ўдзельнікаў войнаў у гісторыі чалавецтва. Пачалася яна ў 1914 годзе і скончылася ў 1918, яна прычынілася да рэвалюцый, знікнення вялікіх імперыяў (Аўстра-Венгыі, Расійскай, Асманскай), у выніку паўсталі новыя дзяржавы і палітычныя сістэмы.
З мэтай урэгуляваць вынікі гэтай вайны, 18 студзеня 1919 году, у Парыжы была арганізавана канферэнцыя, якая атрымала назву Парыжскай. Гэта была вельмі важная падзея і па колькасці пытанняў, якія трэба было вырашыць, і па колькасці ўдзельнікаў.
У канферэнцыі прыняло ўдзел некалькі тысячаў чалавек. Парыж, як месца для канферэнцыі быў прапанаваны прэм’ер-міністрам Францыі Жоржам Клемансо. Казалася пра тое, што Францыя найбольш пацярпела ад вайны і гэта будзе маральнай кампенсацыяй для французаў, хаця ЗША і Вялікабрытанія былі супраць і хацелі правесці канферэнцыю ў Швейцарыі.
Амерыканскую дэлегацыю прадстаўляў прэзідэнт Томас Вудра Вільсан. Расея на гэтую канферэнцыю запрошана не была, па-першае, яна разглядалася як краіна, якая прайграла вайну, падпісаўшы сепаратны мір з Нямеччынай, а па-другое, заходнія краіны не жадалі прызнаваць уладу бальшавікоў.
Першапачаткова была сфарміравана «Вярхоўная Рада», ці Рада «чатырох», у якую ўваходзілі прэм’ер- міністр Вялікабрытаніі Дэвід Лойд Джордж, прэм’ер-міністрам Францыі Жорж Клемансо, прэм’ер Італіі Выторыё Эмануэль Арланда, і прэзідэнт ЗША Томас Вудра Вільсан. Фактычна яны акрэслівалі важныя пытанні, якія павінны былі быць абмеркаваны на канферэнцыі.
З кароткімі перапынкамі Парыжская канферэнцыя працягвалася да 1920 году. У ёй удзельнічала 27 дзяржаваў і 5 дамініёнаў. Галоўныя рашэнні і, па сутнасці, новым пераўтварэннем свету займаліся тры дзяржавы: Англія, Францыя і ЗША. Канферэнцыя павінна была вырашыць тры асноўныя пытанні, падрыхтаваць і падпісаць дамоўленасці з Нямеччынай, Аўстрыяй, Венгрыяй, Балгарыяй, Турцыяй і яны былі падпісаныя на працягу году.
Другое пытанне было звязана з лёсам новых дзяржаваў. Іх па распадзе імперыяў узнікла 13 і трэба было ўрэгуляваць межы гэтых краінаў, каб пазбегнуць новых канфліктаў і войнаў.
Трэцім важным пытаннем было стварэнне агульнай сусветнай сістэмы бяспекі, фарміраванне міжнароднай арганізацыі, каб прадухіліць войны ў будучым.
Згодна пазіцыям удзельнікаў, Першая Сусветная вайна павінна была стаць апошняй. Ідэолагам і ініцыятарам стварэння Лігі Нацый быў прэм’ер-міністр Паўднёвага Афрыканскага Саюзу Ян Смэтс.
Наступным пытаннем была праблема рэвалюцыі і бальшавізму ў Расіі. Цікава, што Вільсан з аднаго боку, прытрымліваўся пазіцыі «непрызнання і неўмяшальніцтва», а з іншага, выступаў за тэрытарыяльную цэласнасць Расіі і не жадаў прызнаваць незалежнасці новых краінаў, апроч Польшчы. У сваю чаргу Лойд Джордж выступаў за ўтварэнне санітарнага, буфернага кардону з новых малых дзяржаваў, якія б утрымлівалі распаўсюджванне бальшавізму на Захад.
З аднаго боку Парыжская канферэнцыя вырашыла шмат узнікшых праблемаў, але з іншага стварыла ўмовы для супярэчнасцяў і паклала падмурак для Другой Сусветнай вайны.
Павал Усаў