Беларуская Служба

У некаторых вялікіх польскіх гарадах разводзіцца нават 50% усіх параў

21.01.2020 14:38
«Назіраецца даволі моцны негатыўны ўплыў СМІ, якія паказваюць у серыялах, што развод – гэта хуткая і простая справа».
Аўдыё
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjnevectorfusionart/Shutterstock.com

Тыдзень таму мы знаёмілі нашых слухачоў з дзейнасцю польскай Фундацыі мамы і таты, якая займаецца прасоўваннем сям’і як важнага элементу жыцця грамадства. Яе супрацоўнікі праводзяць даследаванні над станам польскай сям’і і выпрацоўваюць рэкамендацыі для дзяржаўных органаў, рыхтуюць грамадскія кампаніі і праграмы.

Сёння – працяг гутаркі са старшынёй фундацыі Марэкам Грабоўскім, на тэму разводаў у Польшчы, якія сталі сур’ёзнай грамадскай праблемай. Наш госць казаў нам тыдзень таму, што неабходна паказваць маладым людзям усю карысць, якую дае трывалы саюз з іншай асобай. Праведзена шмат даследаванняў, якія пацвярджаюць, што шлюб дае чалавеку шмат пазітываў, не толькі задавальненне і пачуццё споўненага жыцця, але таксама лепшае здароўе. Гэтую карысць нівеліруе развод, калі муж і жонка расстаюцца.

Па словах Марэка Грабоўскага, колькасць разводаў у Польшчы расце, але апошнім часам негатыўную тэндэнцыю ўдалося затрымаць.

- Колькасць разводаў на працягу дэкады вырасла, але, на шчасце, цягам апошніх двух гадоў яна мінімальна ўпала. Паводле статыстыкі, у Польшчы разводзіцца прыкладна кожнае трэцяе сужэнства (каля 30%), але ёсць прыклады гарадоў, як Лодзь або Шчэцін, дзе колькасць разводаў перавышае 50%. У выніку Польшча з’яўляецца адной з краін у Еўрапейскім Саюзе, якія трымаюць сумнае лідарства па дадзенай галіне, паколькі расстаецца вялікі адсотак заключаных шлюбаў.

Чаму так адбываецца, чаму ў некаторых вялікіх гарадах распадаецца нават палова ўсіх сем’яў?

- Прычыны шматвектарныя. З аднаго боку, спецыялісты кажуць пра пэўныя тэндэнцыі, якія назіраюцца ў нашай цывілізацыі – людзі выбудоўваюць усё слабейшыя адносіны з іншымі, члены грамадства ўсё больш канцэнтруюцца на сваіх справах, а не на тым, каб будаваць супольнасць. З другога боку, у выніку некаторых працэсаў глабалізацыі, мадэрнізацыі грамадства, людзі ў гэтым грамадстве становяцца ўсё больш мабільнымі, з лёгкасцю мяняюць сваё месца жыхарства і працы. Шмат палякаў выязджае на эміграцыю – у Вялікабрытанію, Германію, іншыя краіны. У такой сітуацыі цяжка ўтрымаць трывалы саюз, асабліва калі гэта не сезонная праца, а выезд на больш працяглы перыяд.

Калісьці людзі ўжо ў маладосці, а нават дзяцінстве ведалі, што іх чакае – у жанчыны, скажам, не было альтэрнатывы для сужэнства. Цяпер выбар жыццёвага шляху шырокі, можна заснаваць сям’ю, або застацца адзінокім. Таксама калісьці сем’і былі трывалыя, бо агулам не было традыцыі разводаў, а цяпер людзі лёгка расстаюцца, асабліва ў вялікіх гарадах, дзе жанчыны пераважна працуюць, у іх ёсць уласныя грошы, а фінансавы бок – вельмі важны складнік трываласці сям’і.

- Я б указаў хутчэй на безадказнасць многіх мужчын, якія, на жаль, даволі лёгка прымаюць рашэнне расстацца. Трэба сказаць, што тут назіраецца даволі моцны негатыўны ўплыў СМІ, якія паказваюць у серыялах, што развод – гэта хуткая і простая справа, а калі людзі закаханыя, то іх каханне павінна быць моцным і непарушным. Многія людзі пачынаюць у гэта верыць, а жыццё – гэта не серыял.

Галоўная мэта дзейнасці вашай фундацыі – прасоўванне ідэі трывалай сям’і, у тым ліку прадухіленне разводаў. Што вы робіце ў дадзенай галіне?

- Фундацыя падрыхтавала пакет рашэнняў яшчэ ў 2017 годзе. Мы назвалі яго «Стратэгія адбудоўвання сям’і». Галоўная ідэя – будаваць добры вобраз сям’і, нават, так сказаць, добры брэнд сям’і. Важна паказваць, што сям’я – гэта не музейны экспанат, а жывы арганізм, у якім адносіны мяняюцца з часам. Мы лічым, што многія людзі заўчасна прымаюць рашэнне расстацца. У Польшчы вельмі лёгка атрымаць развод, большасць сем’яў разводзіцца ўжо на першым судовым паседжанні, а такі судовы працэс працягваецца 15-20 хвілін. Мы выступілі з прапановай увесці іншую працэдуру, каб быў час на перамовы з членамі сям’і, якія імкнуцца расстацца, магчыма, яны перадумаюць. Трэба даць ім час – каля месяца – на роздумы, каб рашэнне расстацца не прымалася пад уплывам злосці, эмоцый. Іншая справа, над якой мы працуем – лепшая падрыхтоўка маладых людзей да ўступлення ў шлюбны саюз. Мы рыхтуем падручнік, які пакажа, як мяняецца сужэнства на працягу часу, якія здараюцца ў ім крызісы, і як гэтыя крызісы перамагаць. Калі крызіс перамагчы, то, як правіла, саюз будзе больш трывалы і моцны.

нг