Беларуская Служба

Дыягназ "рак" перастаў ужо быць смяротным прысудам

04.02.2020 15:19
Цяпер рак перастаў быць смяротнай хваробай, дактары ўсё часцей кажуць, што ён стаў хранічным захворваннем, як дзясяткі іншых хвароб.
Аўдыё
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock/Snezana Ignjatovic

Большасць людзей вельмі баіцца захварэць на рак, само слова «рак» гучыць жахліва, асацыюецца са смяротным прысудам, з канцом жыцця. І сапраўды, яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў таму дыягназ анкалагічнага захворвання азначаў амаль што стопрацэнтную смерць, цяпер жа рак перастаў быць смяротнай хваробай, дактары ўсё часцей кажуць, што ён стаў хранічным захворваннем, як дзясяткі іншых хвароб, скажам, цукровы дыябет ці гіпертанія. Тым не менш, анказахворванні ўсё яшчэ з’яўляюцца адной з галоўных прычын смерці, пераважна з-за таго, што грамадства імкліва старэе, а пажылыя асобы значна часцей хварэюць на анкалогію і горш пераносяць тэрапію, чым людзі ў сярэднім узросце.

4 лютага адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з ракам. Гэты дзень з’яўляецца выдатнай нагодай, каб яшчэ раз прыгадаць людзям, наколькі важна памятаць пра прафілактычныя абследаванні і здаровы стыль жыцця, калі мы не хочам захварэць на рак. Сістэматычныя аналізы – гэта вельмі добрая прафілактыка, паколькі анказахворванні, адкрытыя на ранняй стадыі, значна прасцей вылечыць, чым на пазнейшай стадыі развіцця. У Польшчы, на жаль, шматлікія выпадкі захворвання фіксуюцца занадта позна, хаця паступова пашыраюцца веды людзей аб тым, якім чынам займацца прафілактыкай рака.

У Польшчы на анкалогію хварэе як мінімум адзін мільён жыхароў. Па словах госця Польскага радыё ў Катавіцах, дырэктара Нацыянальнага інстытуту анкалогіі ў Глівіцах прафесара Кшыштафа Складоўскага, цяпер дыягназ «рак» абсалютна не з’яўляецца смяротным прысудам.

- Часам здараецца, што пацыент чакае, адразу не ідзе да лекара. Многія людзі на столькі баяцца рака, што зусім ірацыянальна адмаўляюцца запісацца на візіт да лекара, баючыся пачуць страшны дыягназ. Так абсалютна нельга паступаць, бо рак як правіла развіваецца вельмі хутка, расце з кожным днём, і калі пацыент трапіць да лекара, можа быць ужо позна. Такія выпадкі здараюцца, што людзі не адразу ідуць на абследаванні, тым не менш, назіраецца значнае пашырэнне ведаў пацыентаў на працягу апошніх 10-20 гадоў, яны на многа раней звяртаюцца да лекара, калі заўважаць нейкія падазроныя сімптомы. У сувязі з гэтым мы значна раней ставім дыягназ захворвання, чым было калісьці, і, адпаведна, вынікі лячэння цяпер на многа лепшыя.

Мы, канешне ж, ведаем, што рэзультаты тэрапіі ракавых захворванняў паляпшаюцца з кожным годам, паяўляюцца новыя, больш сучасныя і дасканалыя лякарствы, дзякуючы прафілактычным абследаванням дыягназ як правіла ставіцца раней. Аднак медычная прафілактыка – гэта не ўсё. Ёсць такія разнавіднасці рака, якія ў вялікай ступені залежаць ад стылю жыцця. Напрыклад, рак кішэчніка або лёгкіх. Найлепшая прафілактыка рака лёгкіх – адмаўленне ад курэння. Калі не хочам захварэць на рак кішэчніка, трэба клапаціцца пра здаровае харчаванне, з вялікай колькасцю садавіны, гародніны, клятчаткі, мінімальнай колькасцю спажыванага мяса, асабліва чырвонага. І нельга забываць пра фізічныя практыкаванні, якія лічацца найлепшай і самай таннай прафілактыкай рака. Не трэба бегчы адразу ў спартзал, можна ісці проста на прагулку, выйсці з аўтобуса ці трамвая раней і прайсці некалькі прыпынкаў, адмовіцца ад ліфтаў.

Аб тым, як клапаціцца пра сваё здароўе, каб пазбегнуць дыягназу «рак», казаў таксама прафесар Кшыштаф Складоўскі.

- Адмовіцца ад дрэнных прывычак – цыгарэт, алкаголю. Вельмі небяспечныя таксама так званыя электронныя цыгарэты. Няпраўда, што існуюць якія-небудзь дрэнныя прывычкі, якія не шкодзяць здароўю чалавека. Акрамя таго, трэба рэгулярна прахадзіць прафілактычныя абследаванні. У жанчын гэта мамаграфія, у мужчын аналізы крыві ў напрамку хвароб прастаты. Пацыенты, у якіх сярод сваякоў здарыліся выпадкі рака кішэчніка, абавязкова павінна звярнуцца да лекара па накіраванне на калонаскапію.

Дзякуючы прафілактычным даследаванням, на ранняй стадыі лёгка выявіць рак прастаты, малочнай залозы, шыйкі маткі і тоўстай кішкі. У некаторых краінах Заходняй Еўропы ўдалося практычна пазбавіцца ад рака шыйкі маткі, а прынамсі звесці колькасць выпадкаў да мінімуму, дзякуючы масавай прафілактыцы. У Польшчы свядомасць жанчын яшчэ не такая высокая, таму здараюцца смяротныя зыходы ад гэтага захворвання.

ІАР ПР/нг