Псеўдагадавальнікі хатняй жывёлы – гэта сур’ёзная праблема ў Польшчы, а таксама ў іншых еўрапейскіх краінах. Еўрапейскі парламент б’е трывогу, што прыйшоў час сказаць «не» і заклікае да крокаў па барацьбе з нелегальным продажам хатняй жывёлы. Тым больш, што ўсё больш папулярным становіцца гандаль жывёлай у інтэрнэце.
Нелегальныя гадавальнікі з’яўляюцца агульна еўрапейская праблемай – гаворыць Конрад Кузьмінскі з Інспекцыі аховы жывёлы ў Ніжняй Сілезіі:
- На жаль, псеўдагадавальнікі з’яўляюцца ў Польшчы вельмі папулярнай з’явай. На жаль, людзі зарабляюць на крыўдзе жывёлы. Вельмі часта такая жывёла ўтрымліваецца ў скандальных умовах. Такі заводчык мае толькі адну мэту – атрымаць як мага большы даход, укладваючы ў развядзенне як мага менш сродкаў. Такім чынам жывёла, якую прадаюць у нелегальных гадавальніках, часцей за ўсё з’яўляецца хворай і знаходзіцца ва ўмовах, якія пагражаюць яе здароўю і жыццю.
Нелегальныя заводчыкі часта ўтрымліваюць жывёлу ў кепскіх умовах, зарана аддзяляюць шчанюкоў і кацянят ад маці, перавозяць іх на далёкія адлегласці ў кепскіх умовах, часта без ежы і вады.
Першым сігналам таго, што жывёла можа паходзіць з нелегальнага гадавальніка, з’яўляецца ненатуральна нізкая цана. Гражына Пукач з Польскай кіналагічнай федэрацыі рэкамендуе перад пакупкай сабакі ці ката праверыць усю інфармацыю пра дадзены гадавальнік.
- Гэта павінен быць легальны разводчык, які з’яўляюцца членам іншай вонкавай арганізацыі, якая мае свой значок. Напрыклад, Кіналагічны саюз мае знак FCI, нашая арганізацыя – гэта ACW. Гаворка ідзе пра тое, што гэтыя гадавальнікі зарэгістраваныя, правяраецца дабрабыт жывёлы, якая там разводзіцца. Гаворка не ідзе пра сітуацыю, калі нехта мае пару сабак і ў іх нараджаюцца шчанюкі. У нелегальных гадавальніках такога няма, там няма нічога, ёсць толькі нізкая цана.
Эксперты адзначаюць, што ў Польшчы хатняя жывёла, як і нелегальныя разводчыкі не маюць абавязку рэгістрацыі. З нелегальнымі гадавальнікамі хоча змагацца Еўрапейскі парламент. Еўрадэпутаты хочуць, каб кожная жывёла мела чып. Дзякуючы гэтаму можна будзе стварыць адзіную еўразвязаўскую базу, у якой апынуліся б дадзеныя заводчыкаў, прадаўцоў, уладальнікаў, а нават ветэрынара дадзенай жывёлы.
Пакуль гэтага няма інспектар Марыюш Цярка з Галоўнай камендатуры паліцыі рэкамендуе, каб пра кожную падазраваную сітуацыю паведамляць у адпаведныя службы.
- Я разумею, што не заўсёды паліцыянты рэагуюць так, як бы гэтага хацелі інспектары з розных звязаў. Але трэба памятаць, што паліцыя мае пэўныя абмежаванні. Мы павінны дзейнічаць адпаведна з Крымінальным кодэксам, Законам аб ахове жывёлы. У гэтым законе многія задачы ўскладзеныя на плечы самакіраванняў. Многія не разумеюць, што шэраг крокаў, якія чакаюцца ад нас, павінны выконваць войт ці бургамістр.
Купляючы, напрыклад, сабаку з нелегальнай крыніцы, мы спрыяем нелегальнаму гандлю жывёлай – гаворыць Конрад Кузьмінскі:
- На ўсё патрэбныя немалыя фінансавыя сродкі. Нелегальныя заводчыкі гэтага не робяць, таму яны ў стане выставіць шчанюкоў па 300-500 злотых (70-120 еўра). Тамы я ўсіх заклікаю не купляць шчанюкоў за такія грошы, бо такім чынам яны падтрымліваюць псеўдагадавальнікі, падтрымліваюць бізнес, ад якога цярпіць у першую чаргу жывёла.
У Польшчы за нелегальнае развядзенне жывёлы пагражае штраф у памеры 5 тысяч злотых (1200 еўра) ці пазбаўленне волі. У Еўразвязе нелегальная развядзенне становіцца крыніцай даходу для арганізаваных злачынных груп, якія выкарыстоўваюць розніцы ў законах розных краін.
Нелегальны гандаль можа быць пагрозай для грамадскага здароўя, паколькі жывёлу з псеўдагадавальнікаў не прывіваюць. Яны могуць заразіць чалавека і скаціну шаленствам, паразітамі і інфекцыйнымі захворваннямі. Такі гандаль спрыяе парушэнню раўнавагі на ўнутраным рынку ЕЗ, паколькі кліенты, спакушаныя нізкімі цэнамі, часта купляюць хатнюю жывёлу па інтэрнэце, не маючы свядомасці пра рызыку.
Дэпутаты Еўрапарламенту таксама лічаць, што неабходным з’яўляецца адзінае паняцце нелегальнага гадавальніка.
ав