Беларуская Служба

З 1 сакавіка ў Польшчы вялікія супермаркеты плацяць штрафы за кожны кілаграм выкінутых прадуктаў

06.03.2020 15:05
Аўдыё
  • З 1 сакавіка ў Польшчы вялікія супермаркеты плацяць кары за кожны кілаграм выкінутых прадуктаў
Ілюстрацыйны здымакigorovsyannykov/pixabay.com/CC0

З 1 сакавіка ў Польшчы вялікія супермаркеты плацяць штрафы за кожны кілаграм выкінутых прадуктаў харчавання. Закон аб супрацьдзеянні марнавання прадуктаў харчавання ўвайшоў у жыццё 18 верасня 2019 году. Першыя паўгода працягваўся пераходны перыяд, падчас якога фірмы не плацілі караў за змарнаваныя прадукты.

Закон, прыняты ў верасні, накладае на большасць крамаў і аптовых складоў абавязак падпісання дамовы з выбранай няўрадавай арганізацыяй і абавязак перадачы ёй прадуктаў бясплатна. Яшчэ на працягу паўгода з гэтага абавязку будуць звольненыя крамы паверхняй да 400 квадратных метраў, палова даходаў якіх паходзіць з продажу прадуктаў харчавання. Праз два гады ад пачатку дзейнасці закону гэты абавязак накладаецца таксама на крамы паверхняй мінімум 250 квадратных метраў.

З 1 сакавіка за змарнаваныя прадукты частка крам (паверхня якіх большая за 400 квадратных метраў) плаціць штрафы. За кожны кілаграм – 10 грошаў. Уладальнікі самыя будуць на канец году падлічваць штрафы і выконваць перавод на рахунак якой-небудзь дабрачыннай арганізацыі да 30 красавіка наступнага году. Хто не будзе выконваць гэтыя патрабаванні, будзе плаціць штраф ад 500 злотых да 10 тысяч злотых (116 еўра-2300 еўра).

За працай крамаў будуць сачыць рэгіянальныя Фонды аховы навакольнага асяроддзя і воднай гаспадаркі.

Закон аб супрацьдзеянні марнавання прадуктаў харчавання набліжае нас да выконвання добрых учынкаў – гаварыў перад прыняццем закону ў Сейме міністр сельскай гаспадаркі і развіцця польскай вёскі Кшыштаф Ян Арданоўскі:

- Гэты закон, хоць і ў невялікай ступені, але ўводзіць кары для тых, хто дапускае марнаванне прадуктаў харчавання. Можа ён таксама паўплывае на рацыяналізацыю пакупак і прычыніцца да таго, што яны будуць рабіцца больш дакладна. Адказнасць у выглядзе караў таксама будзе да гэтага мабілізаваць. Думаю, справа не толькі ў карах. Справа ў тым, каб тыя прадукты харчавання, якія не ў стане прайсці дарогу ад поля да стала, не былі выкінутыя. Каб грамадскія арганізацыі, якія спецыялізуюцца ў раздаванні прадуктаў харчавання тым, хто гэтага патрабуе, зрабілі такія пастаўкі.

Падобныя праўныя вырашэнні функцыянуюць у іншых еўрапейскіх краінах, напрыклад, у Францыі, падкрэслівае Анджэй Гантнэр з Польскай федэрацыі вытворцаў прадуктаў харчавання:

- Там рынак выглядае крыху інакш. Там сапраўды больш за 80% рынку знаходзяцца ў руках вялікіх сетак. Можна сказаць, што там цэлы працэс крыху лягчэйшы. Лагістыка, захоўванне – вялікія сеткі ўсё гэта маюць. У нас крыху іншая структура. У нас 50% рынку – гэта традыцыйны гандаль. Частка гандлю – гэта крамы, якія ўжо змяшчаюцца на 250 квадратных метрах. Пачаткова хацелі прапісаць абавязак для малых крамаў, да 50 квадратных метраў. На маю думку, гэта было б невыканальным. На Захадзе сістэма працуе, прадукты ідуць да людзей у патрэбе. Ці гэта будзе працаваць у нас? Паглядзім.

Закон акрэслівае паняцце марнаваных прадуктах харчавання, вытворцы, прадаўца, а таксама прадуктаў харчавання для сацыяльных мэтаў. Гэта вельмі важна – гаворыць старшыня фонду «Нашая зямля» Славэк Бжузэк:

- З аднаго боку, вытворцы прадуктаў харчавання, якія б хацелі аддаваць прадукты, з другога – пастаўшчыкі, з трэцяга – няўрадавыя арганізацыі, а таксама, што вельмі важна, Падатковая інспекцыя не маюць сумневаў, што не абкладаюцца падаткам прадукты, якія перадаюцца на сацыяльныя мэты.

Некалькі гадоў таму на гэтую тэму былі праведзеныя даследаванні. Адкрыта, што ў Польшчы марнуецца 9 млн тон прадуктаў харчавання. Паводле падлікаў Банкаў харчавання, цяпер за палову прадуктаў, якія выкідваюцца ў Польшчы, адказваюць індывідуальныя спажыўцы (53%). На чарговым месцы знаходзіцца прамысловасць (19%). Гандаль марнуе каля 5% прадуктаў.

Праблема марнавання прадуктаў харчавання – гэта праблема высокаразвітых краін. У Польшчы на аднаго паляка ў сярэднім прыпадае 235 кг прадуктаў, выкінутых цягам 365 дзён. У сваю чаргу ў Афрыцы – ад 6 да 11 кг.
Найчасцей выкідваюцца печыва (49%), вяндліны (45%), садавіна (37%) і ёгурты (27%). Чарговыя месцы займаюць бульба, малако, мяса, сыры, рыба і яйкі.

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце