Беларуская Служба

На працягу бліжэйшых 8-10 гадоў можа знікнуць нават палова пясчаных пляжаў у цэлым свеце

03.04.2020 08:12
Вучоныя параўноўвалі спадарожнікавыя здымкі берагавых ліній за апошнія 35 гадоў. 
Аўдыё
  • На працягу бліжэйшых 8-10 гадоў можа знікнуць нават палова пясчаных пляжаў у цэлым свеце
.
.Peggychoucair/pixabay.com/CC0

Змены клімату і рост узроўню мораў могуць прычыніцца да таго, што на працягу бліжэйшых 8-10 гадоў можа знікнуць нават палова пясчаных пляжаў у цэлым свеце. Аб гэтым папярэджваюць навукоўцы з даследчага цэнтру Еўрапейскай камісіі. Вынікі іх амаль 40-гадовых даследаванняў апублікаваныя на старонках часопіса «Natura Climatе Change».

Вучоныя параўноўвалі спадарожнікавыя здымкі берагавых ліній за апошнія 35 гадоў. Таксама яны аналізавалі кліматычныя прагнозы, зробленыя на аснове розных мадэляў. Акрамя таго, даследчыкі зрабілі 100 млн сімуляцый выпадкаў шторму і праверылі вынікі ў выглядзе эрозіі берагоў.

-Сцэнар знікнення берагавой лініі бярэцца з назірання за зменамі лініі берага апошнія 35 гадоў. І, на жаль, трэба сказаць, што гэтая мадэль не абманвае, – ацэньвае эколаг Славамір Бжузэк. – Справа не толькі ў тым, што падымецца ўзровень мора і пляжы апынуцца пад вадой. Таксама з увагі на спецыфіку марскіх прыбярэжных плыняў мора «забярэ» пляжы, плыні іх вырвуць. Гэтая з’ява ўжо бачная на Балтыйскім моры. Мы прыязджаем, а пляж часамі шырэйшы, часам вузейшы, узяты марской плынню. І гэты механізм, гэтая з’ява будзе вельмі шырокая.

У самай кепскай сітуацыі, паводле даследчыкаў, знаходзіцца Аўстралія. Паводле прагнозаў, да 2100 году яна страціць ажно 15 тысяч км белых пляжаў.

-Калі паглядзець на глобус, то гэта цэлы кантынент выглядае як велізарная выспа. Там сапраўды цудоўнейшыя пляжы. Берагі Аўстраліі спецыфічныя. Ну і само сабой, калі такая вялікая выспа акружана глабальным акіянам, то яна будзе пад значна большай пагрозай страты пляжаў, чым Польшча, ці іншыя балтыйскія краіны. Узровень Балтыйскага мора будзе рэактыўна павялічвацца, але будзе гэта пазней. Будзе трэба больш часу, пакуль гэтая вада праціснецца праз Дацкі праліў.

Далей пад найбольшай пагрозай знаходзяцца пляжы Канады, Чылі і ЗША. Сярод краін з высокай рызыкай знаходзяцца таксама Бразілія, Мексіка, Расія, Кітай, Аргентына і Індыя.

-Краіны, у якіх пясчаныя пляжы з’яўляюцца важным элементам турызму, апынуцца перад сур’ёзнымі грамадска-эканамічнымі наступствамі. У Аўстраліі і ЗША ёсць вельмі высокі працэнт пясчаных пляжаў. Змены будуць заўважальнымі. Знішчэнне можа закрануць нават 80% з іх, – б’е трывогу кандыдат навук Зузанна Іліц з Універсітэту Ланкасцер.

Небяспека эрозіі высокая таксама ў краінах заходняй Афрыкі, такіх як Гамбія, ці Гвінеа-Бісаў. Вучоныя думаюць, што з іх тэрыторыі знікне каля 60% пясчаных пляжаў.

Калі некаму цікава, то ў інтэрнэце ёсць некалькі праграм, якія паказваюць, як змяняецца берагавая лінія праз 30, 50 і 100 гадоў.

Эксперты падкрэсліваюць, што публікаваныя прагнозы – вельмі карысныя, паколькі дазваляюць краінам, дзе ёсць рызыка, адпаведна падрыхтавацца. Злучаныя Штаты ўжо пачалі план разбудовы прыбярэжных сістэмаў аховы. На жаль, як кажуць навукоўцы з Даследчага цэнтра Еўрапейскай камісіі, не ўсе краіны змогуць сабе дазволіць такога тыпу тэхналагічныя вырашэнні.

Пясчаныя пляжы складаюць цяпер больш за 1/3 глабальнай берагавой лініі ў свеце. Паводле навукоўцаў, умераная палітыка абмежавання выкідаў цяплічных газаў можа прычыніцца да выратавання нават 40% пляжаў, якія знаходзяцца пад пагрозай. Усё ж і так 1/3 усіх пляжаў застаецца пад пагрозай знікнення.

Невядома, ці акрамя зменаў клімату навукоўцы бралі пад увагу іншую пагрозу для пляжаў – чалавека. Прывядзем прыклад Апенінскага паўвострава. Аказалася, што кожны, хто адпачывае на італьянскім пляжы, выносіць з яго каля 93 грамы пяску. Ён прычапляецца да вопраткі, абутку, да бамбукавых кілімак, лежакоў, парасонаў і пляжных сумак. Многія бяруць пясок на памяць, вывозяць яго ў бутэльках і слоіках. Такія выпадкі караюцца, напрыклад, у Сардзініі.

Справа сапраўды сур’ёзная. Улады Тасканіі апрацоўваюць стратэгію для пляжаў на выспе Эльба. Менавіта там знаходзіцца пляж Лакона, вядомы дробным як пыл пяском. Аказваецца, што кожны год з пляжу знікае 86 тон марскога пяску.

Пляжы важныя не толькі з увагі на рэкрэацыйныя і турыстычныя каштоўнасці. Яны з’яўляюцца натуральным бар’ерам, які ахоўвае бераг перад хвалямі і затапленнямі.


ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце