Скарб вагой каля 5,5 кг у выглядзе амаль 1800 срэбных манет быў перададзены музею ў Грубешаве выпадковым шукальнікам. На думку археолагаў, гэта адзін з найвялікшых скарбаў рымскага перыяду, знойдзены дагэтуль у Польшчы.
Пра знаходку Польскаму агенцтву друку паведаміў дырэктар Музея ў Грубешаве Бартламей Бартэцкі.
Скарб быў знойдзены ў 2019 годзе на полі каля вёскі Ціхобуж на поўдзень ад Грубешава. Раскіданыя на полі манеты заўважыў Марыюш Дыль, які шукаў рогі, што скідаюць лясныя парнакапытныя жывёлы.
Манеты знаходзіліся не ў адным месцы – падчас апрацоўкі глебы сельскагастэхніка іх раскідала на плошчы больш за 100 м2.
Па словах Бартэцкага, усе манеты першапачаткова знаходзіліся ў драўлянай скрынцы або скураным мяшочку. І хоць абломкі скрынкі не захаваліся да нашых часоў, то вядома, што яна была ўпрыгожаная бронзавымі заклёпкамі - восем з іх былі знойдзены сярод манет.
- Мяркуючы па выявах рымскіх імператараў – Нервы і Септымія Северы, археолагі зрабілі выснову, што манеты паходзяць з канца І-га, да канца ІІ-га стагоддзяў нашай эры, – кажа Бартэцкі.
На тэрыторыі цяперашняга Люблінскага ваяводства ў II стагоддзі н.э. жыло племя Вандалаў. Іх выгналі Готы, якія пачалі «вялікае шэсце» ад Скандынавіі да Паўднёва-Усходняй Еўропы. Гэта адбылося ў канцы ІІ-га, пачатку ІІІ-га стагоддзяў.
Бартэцкі падлічыў, што знойдзены скарб складаў прыблізнга шасцігадовы заробак рымскага легіянера ў той перыяд, таму што салдат зарабляў 300 дынараў у год. "У той час вёску за гэтую суму не купіш, але гэта былі немалыя грошы", – падкрэсліў спецыяліст.
Зараз манеты будуць даследаваныя адмыслоўцамі з Варшаўскага універсітэту. На гэта спатрэбіцца каля года.
Праз некалькі тыдняў музей у Грубешаве падрыхтуе выставу скарбу ў рэжыме онлайн.
Мужчына, які знайшоў рымскія манеты, хутчэй за ўсё атрымае ўзнагароду міністра культуры.
яс