Беларуская Служба

На наступным тыдні пачнецца вытворчасць польскіх тэстаў на каранавірус

23.04.2020 13:53
Інстытут біяарганічнай хіміі ПАН распрацаваў свой уласны прататып тэсту на каранавірус.
Аўдыё
  • На наступным тыдні пачнецца вытворчасць польскіх тэстаў на каранавірус
Польскі тэст на каранавірус Інстытуту біяарганічнай хіміі Польскай акадэміі навук фота: IChB PAN Poznań

Інстытут біяарганічнай хіміі Польскай акадэміі навук арганізаваў чарговую канферэнцыю на тэму першага польскага тэсту на каранавірус SARS-CoV-2.

Дырэктар Марэк Фіглеровіч паведаміў, што этап вытворчасці пачнецца праз некалькі дзён. Інстытут, які мае дзяржаўную датацыю, хоча на пачатку выпусціць 150 тысяч такіх тэстаў.


Дырэктар Марэк Фіглеровіч на прэс-канферэнцыі Дырэктар Марэк Фіглеровіч на прэс-канферэнцыі

Інстытут біяарганічнай хіміі ПАН распрацаваў свой уласны прататып тэсту на каранавірус. Тэст грунтуецца на рэактывах выключна польскіх вытворцаў і на рэактывах уласнай вытворчасці інстытуту.

Дырэктар Фіглеровіч расказаў, што іх план прадугледжвае стварэнне трох пакаленняў тэсту. Прыступаючы да працы навукоўцы задумваліся, якім павінен быць першы крок.

-Гэта было 2-3 тыдні таму і асноўнай праблемай было тое, ці ў Польшчы будзе «італьянскі варыянт», ці іншы. Мы вырашылі, што на пачатку мы падрыхтуем адказ на найгоршую сітуацыю: пандэмія развіваецца вельмі гвалтоўна, ёсць шмат хворых, а таму нам патрэбныя вельмі дакладныя тэсты ў двух аспектах. Па-першае, мы павінны ведаць, ці дыягностыка была праведзена правільна. Па-другое, ці сапраўды ў хворага ёсць вірус. У такога тыпу сітуацыях СААЗ рэкамендуе брытанскі тэст genesig. Таму мы вырашылі, што павінны стварыць нешта падобнае, ці лепшае.

Польскі тэст з аднаго боку выяўляе вірус, а з другога боку правярае, ці цэлы працэс узяцця аналізаў ад пацыента, іх захоўвання і ізаляцыі прайшоў правільна. А гэта, паводле Марэка Фіглеровіча, вельмі важна:

-Таму што ў крызісных сітуацыях аналізы могуць браць выпадковыя людзі, без патрэбнага досведу. Таксама ў гэтай цяжкай сітуацыі матэрыял можа празмерна доўга ляжаць. Таму вельмі важна ведаць не толькі, ці ёсць каранавірус, але і ці цэлы працэс дыягностыкі прайшоў правільна. Дакладнасць нашага тэсту правяралася ў двух месцах, у Познані і Варшаве. Яго правяралі з брытанскім тэстам. Калі на адной пробе крыві праводзіліся два тэсты, то наш тэст заўсёды паказваў той жа, што і ангельскі вынік. Часамі нават было лепш, бо нам удавалася выявіць вірус яшчэ на этапе, калі брытанскі гэтага зрабіць не мог.

Дырэктар Інстытуту біяарганічнай хіміі Польскай акадэміі навук адзначыў, што цяпер інстытут набліжаецца да этапу вытворчасці першага тэсту. На гэтым тыдні паявіліся прататыпы, якія будуць правяраць яшчэ раз. Пробныя тэсты трапяць у лабараторыі, дзе праводзяцца аналізы на Covid-19. Лабаранты ацэняць працу з польскімі тэстамамі.

Наступным этапам будзе праца над тэстам другога пакалення.

-Гэты тэст будзе больш тыповым, то бок, будуць два гены. Гэта тэсты, якія выкарыстоўваюцца не ў экстрэмальных умовах, але больш лагодных. Думаю, што гэта яшчэ 2-3 тыдні да часу, калі другі тэст будзе гатовы. Першы адказаў на самыя асноўныя пагрозы, калі б у Польшчы развіваўся «італьянскі варыянт». Яго вытворчасць распачнецца на наступным тыдні. Спадзяюся, што паявяцца першыя 10 тысяч тэстаў. Такія гарантыі далі нам фірмы, якія распачалі з намі супрацу. Усе тры фірмы – польскія. Адна з Познані, другая з Гдыні, трэцяя фірма будзе даваць марку прадукту – гэта Medica Farma з Радама.

Дырэктар Марэк Фіглеровіч адказаў на пытанне, дзякуючы чаму ўдалося так хутка стварыць польскі тэст на каранавірус. Паводле яго, гэта, па-першае, досвед інстытуту ў працы з нуклеінавымі кіслотамі. Па-другое, спецыялісты хацелі далучыцца да прац на поле барацьбы з каранавірусам. Паводле дырэктара, гэты энтузіязм надалей ёсць.
Іншыя краіны ўжо цікавяцца польскімі тэстамі. Са спецыялістамі інстытуту ўжо звязваліся навукоўцы з Нарвегіі, Германіі, ПАР.

Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі палічыла ідэю і працу Інстытута біяарганічнай хіміі Польскай акадэміі навук добрай і вырашыла фінансава падтрымаць праект. 9 красавіка тагачасны міністр Яраслаў Говін прызнаў пляцоўцы фінансаванне ў памеры амаль 15 млн злотых (3 млн 326 тысяч еўра).


ав

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка