У сераду, 22 красавіка, ва ўсім свеце адзначаўся Дзень зямлі. А ўсё пачалося 50 гадоў таму, калі ў ЗША нарадзіўся грамадскі экалагічны рух. 22 красавіка 1970 году тысячы школ і ўніверсітэтаў арганізавалі масавыя пратэсты супраць знішчэння навакольнага асяроддзя. У 1990 годзе ідэю святкавання Дня зямлі падтрымалі ў больш за 140 краінах у свеце, таксама ў Польшчы.
Сёння патрэбныя не толькі пратэсты, але і тэрміновыя захады, каб выратаваць планету і нас саміх – гавораць эколагі.
Сёлетнія святкаванні адбыліся ў вельмі трагічных абставінах. Вакол распаўсюджваецца каранавірус, які будзе мець уплыў на кожны аспект жыцця, у тым ліку прыроду. З нагоды Дня зямлі размаўляць можна на вельмі розныя тэмы, выбіраючы розныя аспекты, звязаныя з навакольным асяроддзем. Аднак, і так пераважаюць праблемы пацяплення клімату і павышэння сярэдняй тэмпературы паветра. Польшчы пагражае велізарная засуха, выкліканая кліматычнымі зменамі і састарэлай воднай гаспадаркай.
І вось у гэтыя дні польскія службы змагаюцца з пажарам Бебжанскага нацыянальнага парку. У выніку адсутнасці дажджоў лясная падсцілка вельмі сухая, што стварае сур’ёзную пажарную небяспеку. Ужо вядома, што прычынай пажару ў нацыянальным парку стала выпальванне травы мясцовымі фермерамі. Тушэнне пажару працягваецца з нядзелі. Згарэлі больш за шэсць тысяч гектараў лугоў і лесу.
Дырэктар парку Анджэй Грыгарук зазначае, што пасля знішчэння агнём шасці тысяч гектараў лугоў і лясоў страты для экасістэмы Бебжы будуць велізарныя. У першую чаргу гаворка ідзе пра месцы гнездавання вельмі рэдкіх гатункаў птушак:
-Знішчаная цэлая фаўна ў глебе. Згарэў не толькі дом, але і ўся харчовая база. Гаворачы па-людскі, гэта цэлы супермаркет, якім быў Бебжанскі нацпарк. У гэтую пару году ён даваў ежу мільёнам птушак.
Прыродазнаўцы і кіраўніцтва парку зазначае – адзінае, што можа выратаваць прыроду ад агню і сушы, гэта додж, а яго ў прагнозах няма.
Нацыянальны парк у Падляскім ваяводстве на паўночным усходзе Польшчы цягнецца ўздоўж ракі Бебжа амаль на 100 км. Гэта самы буйны з 23 нацыянальных паркаў Польшы. Ён быў заснаваны 9 верасня 1993 года. Ягоная агульная плошча складае 592,23 км², з іх лясамі занята 155,47 км², палямі і лугамі 181,82 км², нізіннымі балотамі 254,94 км².
Год таму Анджэй Грыгарук расказваў на хвалі Польскага радыё, чаму Бебжанскі нацыянальны парк з’яўляецца такім незвычайным:
-Гэта адзіны ў Польшчы нацыянальны парк, які мае такую паверхню. Гэта самы вялікі парк, акрамя таго ён балотны. Большасць нашых паркаў лясная, а наш – вельмі разнародны. Даліна ракі, а таксама лясы, што вельмі любіць жывёла, асабліва лосі, якія летам ідуць на раку і шпацыруюць па нашых лугах. У сваю чаргу бліжэй зімы яны вымушаныя адсюль сысці, бо даліна замярзае, і таму патрэбна такі вялікі парк, каб жывёла магла жыць.
Гжэгаж Врацэньскі з нацыянальнага парку гаворыць, што ў парку ёсць цэлае мноства турыстычных сцежак – як пешых, так і роварных. Ёсць таксама водны шлях, сцежкі для бегуноў.
-Калі казаць пра колькасць, то пешых сцежак у нас 14, агульнай даўжынёй 514 км, з іх 130 км праходзяць праз тэрыторыю парку. 8 водных шляхоў маюць працягласць 380 км. А самым галоўным з іх з’яўляецца водны шлях Бебжы – каля 150 км. Запрашаем усіх, бо Бебжа – вельмі лянівая, павольная рака, якая бяжыць спакойна. Можна захапляцца цішынёй і прыродай. Мы маем і роварныя шляхі, каля 650 км. Праз наш парк праходзяць роварныя шляхі Green Velo і Eurovelo 11. Мы будуем турыстычныя масты, аглядныя вежы. У нас іх каля 20.
Заданнем парку з’яўляецца таксама прыродная адукацыя – гаворыць Бэата Глэмбоцка.
-У рамках гэтай адукацыі мы прапануем адукацыйныя заняткі на розныя тэмы, варштаты, адчыненыя імпрэзы, у якіх кожны можа прыняць удзел. Запрашаем на нашыя адукацыйныя сцяжынкі, іх у нас ажно 15. Усе яны вельмі маляўніча размешчаныя, цікавыя ў кожную пару году. Нашай прапановай штогод карыстаецца нават 25 тысяч чалавек. Гэта дзеці, дарослыя, моладзь.
Напэўна да пажару Бебжанскага нацыянальнага парку прычынілася засуха, але яшчэ ў большай ступені ў гэтым вінаваты чалавек. Штогод выпальванне травы, хоць забароненае законам, прычыняецца да сотняў пажараў, якія могуць выклікаць ажно такія сур’ёзныя наступствы.
ав