За апошнія некалькі месяцаў свет, у якім мы жывем, дыяметральна змяніўся. Калі б яшчэ не так даўно мы ўбачылі сцэны з польскіх гарадоў, то не маглі б паверыць, што так выглядае жыццё, а не здымкі катастрафічнага фільму – усе ходзяць у масках. Беларуская вуліца змянілася менш, чым польская, але хто ведае, ці неўзабаве эпідэмічная сітуацыя не змусіць беларускія ўлады ўвесці такія ж радыкальныя захады, якія былі ўведзеныя ў Польшчы нейкі час таму.
У сувязі са штодзённым ростам колькасці хворых на COVID-19, прычынай якога стаў вірус нетыповай пнеўманіі, людзям прыходзіцца мяняць свае навыкі. Адной з неабходных мераў па стрыманні эпідэміі з’яўляецца ізаляцыя або самаізаляцыя людзей у грамадстве. Гаворка ідзе не толькі пра ізаляцыю хворых асобаў, што не падлягае дыскусіі, але і пра тое, каб здаровыя людзі мелі як мага менш кантактаў з іншымі асобамі, ад якіх маглі б падчапіць хваробу або перадаць ім вірус.
Калі жыхары Беларусі бачаць на вуліцах плакаты з лозунгам «Мы пераможам», то жыхары Польшчы чуюць з усіх бакоў «Застанься дома». І калі першыя пару дзён, а нават тыдняў такое сядзенне ў хаце многім нават падабалася, то цяпер людзі ўсе больш скардзяцца на сітуацыю, яны ўжо вельмі хочуць, каб свет вярнуўся ў свае нармальныя каляіны.
Ёсць такая прымаўка – калі не можаш змяніць, то палюбі. Можа, замест таго, каб скардзіцца на нуду, лепш пашукаць добрыя бакі ізаляцыі? У многіх паявілася ўрэшце магчымасць больш часу прысвяціць заняткам, на якія раней не было часу – на сваё хобі, чытанне кніг, прагляд любімых кінакарцін. Пра гэта мы спыталі псіхолага і псіхатэрапеўта Ігара Ротберга (Igor Rotberg).
- Я назіраю за тым, што адбываецца навокал. Маё знаёмыя пішуць, што ў іх цяпер паявілася шмат часу, каб рыхтаваць сабе ежу. Раней яны гэтага не рабілі або рабілі значна радзей. Гэта адно з наступстваў ізаляцыі, якое можна назваць карысным. Некаторыя людзі, якія прымушаныя прабываць на каранціне або знаходзяцца дома, паколькі іх фірма не працуе, зазіраюць у шафы і вырашаюць, што ў іх назбіралася шмат вопраткі, якой яны ўжо даўно не носяць. Цяпер ёсць час, каб навесці парадак у шафах. Трэба цаніць тое, што даў нам лёс, што мы можам заняцца сабой, сваімі прыемнасцямі, пачытаць урэшце кнігу, якую адкладалі некалькі месяцаў. Можа таксама аказацца, што нашым дзецям не патрэбная такая колькасць цацак, якая ў іх ёсць, ім дастаткова нашай кампаніі, каб добра бавіцца.
Парадак можна навесці не толькі ў шафах і шуфлядах, але таксама ў кантактах з іншымі людзьмі, – адзначае псіхолаг.
- Муж і жонка, пары могуць мець крыху больш часу для сваёй палавінкі. Пары, якія прыходзяць да мяне на прыём, часта кажуць, што яны сустракаюцца з мужам або жонкай вельмі рэдка. У іх няма часу, каб паразмаўляць, каб наладзіць тэт-а-тэт са сваім абраннікам, а цяпер у многіх сем'ях’сітуацыя памянялася. Канешне, гэта не азначае, што мы сядзім дома і нічога не робім, большасць людзей, нават калі знаходзяцца дома, то далей працуюць дыстанцыйна. Тым не менш, гэтага часу атрымліваецца крыху больш, адпаведна, можна яго прысвяціць сваім блізкім або сабе.
Аказваецца, што пры жаданні можна знайсці пазітыўныя бакі актуальнай сітуацыі. Праўда, калі ў чалавека раптоўна паяўляецца шмат свабоднага часу, а пры гэтым эканоміка краіны стаіць перад сур’ёзным крызісам, гэта таксама можа быць крыніцай стрэсу і чорных думак. Магчыма, некаторых людзей гэта загартуе, навучыць спраўляцца з цяжкасцямі, – мяркуе госць Польскага радыё.
- Мы можам навучыцца быць больш цярплівымі, навучыцца спраўляцца з няўпэўненасцю. Дзякуючы гэтаму мы пераканаемся, што цяжкасці нас не аслабляюць, а наадварот – узмацняюць. У нармальных умовах жыцця, калі мы ходзім на працу, сустракаемся з іншымі людзьмі, нас бамбардуе вельмі шмат раздражняльнікаў, вялізная колькасць інфармацыі. Калі гэтыя кантакты адрэзаны, мы можам сканцэнтраваць увагу на сабе. Зразумела, можа аказацца, што мы адкрыем унутры сябе нейкія непрыемныя думкі ці пачуцці, але, можа варта над імі папрацаваць. Няма адказу на пытанне, колькі чалавек можа правесці часу ў ізаляцыі без шкоды для душэўнага здароўя. На маю думку, гэта індывідуальная справа.
Магчыма, праз нейкі час, калі ізаляцыя будзе знятая, некаторыя будуць успамінаць яе даволі цёпла, але, пры гэтым, мы будзем больш цаніць тыя магчымасці, якія ў нас ёсць і карыстацца імі.
Мацей Освальд/нг