Абодва бакі імкнуліся да таго, каб спрэчная тэрыторыя – Верхняя Сілезія – была далучана да іх краіны.
Дзеля таго, каб вырашыць пытанне гэтых тэрыторыяў, еўрапейскія краіны прапанавалі правесці рэферэндум. У 1920 годзе была паклікана Саюзная камісія па кіраванні і правядзенні плебісцыту ў Верхняй Сілезіі.
Нямецкая адміністрацыя мела там даволі моцныя ўплывы і трымала кантроль над гэтай тэрыторыяй. Выкарыстоўвала ўзброеную адмысловую паліцыю, якая сваёй дзейнасцю забяспечвала інтарэсы Нямеччыны падчас плебісцыту. Паліцыя запалохвала палякаў, нямецкія прадпрымальнікі выкарыстоўвалі эканамічны ціск супраць польскіх работнікаў і пагражалі ім звальненнем за падтрымку польскай справы. Нямецкія парамілітарныя атрады нападалі на польскія камітэты па арганізацыі плебісцыту, пераследавалі лідараў польскага руху: забілі доктара Анджея Мелендзкага і Пятра Недурнага.
Пераслед палякаў стаўся прычынай Другога паўстання ў Верхняй Сілезіі, якое выбухнула ў жніўні 1920 году.
Паўстанне прывяло да паляпшэння ўмоваў удзелу польскага насельніцтва ў плебісцыце. Тым ня менш, гэта не змяніла агульнай сітуацыі палякаў у Верхняй Сілезіі.
У выніку плебісцыту, які адбыўся 20 сакавіка 1921 годзе, 55% жыхароў Верхняй Сілезіі прагаласавала за далучэнне да Нямеччыны, і 44% – да Польшчы.
Краіны Антанты, выкарыстоўваючы вынікі плебісцыту, вырашылі падзяліць Горную Сілезію на дзве часткі: ¾ тэрыторыі Сілезіі з шахтамі, прыроднымі рэсурсамі і развітымі прамысловымі аб'ектамі павінна было адысці да Нямеччыны. Польшчы прызначалася сельскагаспадарчая тэрыторыя.
Палякі Верхняй Сілезіі не адобрывалі такога падзелу, і распачалі паўстанне.
У выніку ўначы з 2 на 3 траўня 1921 году пачалося трэцяе польскае паўстанне ў Верхняй Сілезіі. Гэтакзваная Група Вавельберга падарвала масты на рацэ Одэр, каб зрабіць немагчымым нямецкую вайсковую дапамогу. Варта адзначыць, што паўстанцы змагаліся не толькі з нямецкімі вайскоўцамі, але і саюзнікамі, якія знаходзіліся ў Сілезіі падчас плебісцыту (агульная колькасць дасягала 22 тыс. чалавек).
Паўстанне, з невялікімі перапынкамі (перамір’ямі) доўжылася да пачатку ліпеня.
Пасля чаго Саюзная камісія па кіраванні і правядзенні плебісцыту вырашыла пераглядзець падзел Верхняй Сілезіі на карысць Польшчы. У выніку да Польшчы перайшло аж 50% прамысловасці, 76% вугальных шахтаў, што ў значнай ступені паўплывала на развіццё польскай гаспадаркі.
У 1922 годзе на ўсходняй тэрыторыі Верхняй Сілезіі была ўсталявана польская адміністрацыя.
Павал Усаў