Вясна – сухая. Ападкі былі на самым нізкім узроўні за апошнія 30 гадоў. Запасы вады ў глебе вельмі нізкія, а гэта азначае дэфіцыт вады для раслін.
Тэма засухі з’яўляецца цяпер адной з самых важных у Польшчы. Асаблівым чынам праблему адчуваюць фермеры, засуха выклікае надзвычайную небяспеку ў лясах, а ўзровень вады ў рэках – катастрафічна нізкі.
Здымкі рэк, якія апошнім часам паяўляюцца ў сеціве, вельмі выразна паказваюць, як абмялелі рэкі. Актуальны стан вады ў Вісле знаходзіцца на рэкордна нізкім узроўні амаль на цэлай даўжыні. Прэс-сакратар Інстытуту метэаралогіі і воднай гаспадаркі Гжэгаж Валіеўскі ў размове з Польскім прэсавым агенцтвам гаварыў, што тыдзень таму ўзровень Віслы ў станцыі замярэння Варшавы-Бульвары складаў каля 50 см. Пры гэтым ён зазначыў, што мяжа, якая інфармуе, што стан вады Віслы ў сталіцы ўваходзіць у зону нізкай вады, гэта 165 см. У гэтым годзе ён распачаўся 11 сакавіка.
Гідролаг таксама агучыў статыстыку, з якой вынікае, што самы нізкі ўзровень вады ў Вісле ў Варшаве быў зафіксаваны ў апошнія дні жніўня 2015 году. Тады ён складаў 26 см. –У мінулым годзе 22 красавіка гэта былі 88 см, цяпер вадамер паказвае 59 см. Да абсалютнага мінімуму не хапае толькі 35 см, – заўважыў Гжэгаж Валіеўскі.
Гідролаг таксама расказаў, што самы нізкі ўзровень вады павінен быць восенню, а не вясной. Рэкі маюць акрэслены рэжым папаўнення. У Польшчы ён акрэсліваецца як снежна-дажджавы. –Зімой павінны быць ападкі снегу, які тае вясной. Дзякуючы яму паправіліся б вільготнасць глебы, узровень грунтовых водаў і стан вады ў рэках. Але ў гэтым годзе гэтага не было, паколькі зіма была бясснежнай і экстрэмальна цёплай, – гаворыць гідролаг.
Міністр марской гаспадаркі і рачнога флоту Марэк Грубарчык гаворыць, што сёлетняя засуха з’яўляецца больш сур’ёзнай, чым леташняя. Ён дадае, што засуха ахапіла ўжо амаль усю краіну.
-Яшчэ ў сакавіку гэта была 1/10 тэрыторыі, у прынцыпе толькі сярэдзіна Польшчы была сухая. Цяпер засуха разраслася на 90% паверхні нашай краіны. Я гавару пра гідралагічную засуху. Гэтая з’ява пачалася чатыры гады таму, бо засухі ў нас паяўляюцца цыклічна.
Міністр Грубарчык дадаў, што адной з прычын сёлетняй засухі была найцяплейшая за апошнія 150 гадоў зіма. Студзень быў найбольш сухім месяцам у гісторыі вымярэння ападкаў.
Сэргіюш Керузэль з «Польскіх водаў» адзначае, што ў барацьбе з засухай неабходным з’яўляецца захоўванне дажджавой вады і яе разумнае выкарыстанне. Ён падкрэслівае, што збіраць дажджавую ваду павінны паасобныя хатнія гаспадаркі, лакальныя і цэнтральныя ўлады.
Сэргіюш Керузэль казаў, што ў Польшчы толькі невялікую частку вады з ападкаў збіраюць у спецыяльныя вадасховішчы:
-Трэба збіраць дажджавую вады і не марнаваць яе. Я маю на ўвазе мікраўзровень, лакальны, але і вялікія інвестыцыі. Мы захоўваем 6,5% вады з ападкаў. Гэта адзін з самых нізкіх паказчыкаў у Еўропе. Напрыклад Іспанія, дзе таксама горача і ёсць недахоп вады, захоўвае 40%. У іспанцаў ёсць вялікая праграма па захоўванні вады. З 90-х гадоў яны кожны год аддаюць у карыстанне некалькі, а нават некалькі дзясяткаў рэзервуараў вады.
Польскую праграму будовы сховішчаў пад назвай «Стоп засуха» рэалізуе менавіта прадпрыемства «Польскія воды». Сярод яго мэтаў – будова шматлікіх шматфункцыйных рэзервуараў, якія будуць служыць як падчас паводак, так і падчас засухі – нагадаў Сэргіюш Керузэль.
-План «Польскіх водаў» прадугледжвае будову каля 100 рэзервуараў сярэдняй і вялікай велічыні на працягу 8-10 гадоў на суму больш за 10 млрд злотых. Гэта доўгатэрміновая праца.
Ужо рэалізоўваецца праграма па захоўванні вады на палях.
Да праблемы засухі звяртаўся таксама прэзідэнт Анджэй Дуда. Ён лічыць, што адказам на засуху павінна быць рэалізацыя праграмы захоўвання дажджавой вады. Пра гэта прэзідэнт размаўляў з міністрамі сельскай гаспадаркі, навакольнага асяроддзя і марской гаспадаркі і рачнога флоту. Анджэй Дуда казаў, што замест меліярацыі, якая праводзілася гадамі, трэба праводзіць адваротныя працэсы:
-Прыйшоў час, каб пачаць гэта адказна рэалізоўваць у кожнай частцы краіны. У нашай краіне яна надалей празмерна нізкая. У нас амаль няма ападкаў, а дадаткова, як кажуць міністры, 70% ападкаў мы трацім. Мы не затрымліваем гэтую ваду. Мы павінны рабіць усё, каб вада даходзіла да розных абшараў. Трэба не вызваляць зямлю ад вады, але наадварот яе абрашаць. Вады сёння не хапае паўсюль.
Красавік з’яўляецца адным з самых сухіх месяцаў у апошнім часе ў Польшчы. Па прычыне засухі адбываюцца пажары, а леснікі папярэджваюць, каб адказна захоўвацца ў лясах і на лугах.
ав