Пацвердзіў гэта кіраўнік НАСА Джым Брайдэнстаін (Jim Bridenstine). Ён заявіў учора (6.05.2020), што ўстанова, якой ён кіруе, збіраецца наладзіць супрацоўніцтва з акцёрам Томам Крузам і дапаможа яму зняць фільм на Міжнароднай касмічнай станцыі. Гэта будзе першы мастацкі фільм, зроблены ў космасе.
«НАСА ўсхвалявана перспектывай працы з Томам Крузам на Міжнароднай касмічнай станцыі! Нам патрэбныя папулярныя сродкі масавай інфармацыі, каб натхніць новае пакаленне інжынераў і навукоўцаў і ператварыць грандыёзныя планы НАСА ў рэальнасць», – напісаў Брайдэнстаін у Twitter.
Згодна з паведамленнямі сайта Deadline, у праект таксама павінен быць уключаны мільярдэр Ілан Маск, заснавальнік канцэрнаў SpaceX і Tesla.
Падрабязнасці праекта пакуль невядомыя – вядома толькі, што гэта будзе баявік і што не будзе гэта фільм з серыі «Місія: Невыканальная».
яс