Рух Zero Waste, з аднаго боку, не з’яўляецца нечым новам, бо ён абапіраецца на гісторыі экалогіі. Аднак, яго вялікая папулярнасць пачалася ад кнігі і блога Бэі Джонсан, якая стала «гуру» цэлага руху. Жанчына з сваёй сям’ёй (4 чалавекі) за год выпускае паўлітровы слоік адходаў. Яна ездзіць па свеце, праводзіць натхняльныя лекцыі і сустрэчы. Там дзе Бэа Джонсан пабывала, паяўляліся арганізацыі, друкаваліся кнігі. Падобным чынам было і з Польшчай – расказвае Малгажата Гэнца.
У 2018 годзе Бэа Джонсан прыехала ў Польшчу, што і падштурхнула да заснавання Польскага таварыства Zero Waste. Малгажата Гэнца кажа, што гаворка пра тое, каб максімальна абмежаваць колькасць непатрэбнага смецця. Паводле яе, усяго смецця пры цяперашняй гаспадарцы немагчыма абмежаваць, таму гаворка ідзе пра непатрэбныя адкіды, асаблівы зробленыя са штучных рэчываў. Яны маюць катастрафічны ўплыў на экасістэму, на здароўе людзей, на гаспадарку таксама.
Гэтак званая піраміда Zero Waste мае пяць прынцыпаў.
-Чарговасць – вельмі важная. Дзякуючы ёй кожны чарговы крок з’яўляецца лягчэйшым для выканання. Першы прынцып – гэта адмова. Адмовіцца ад таго, што нам непатрэбнае. Напрыклад, можна адмовіцца ад бессэнсоўнага пробніка, які мы атрымалі ў краме. Зусім нядаўна падчас пакупак, хоць я прасіла не далучаць рэкламныя гаджэты, мне і так паклалі аўтамабільны скрабок і пластмасавую асадку. Гэта рэчы, якія мне ўвогуле непатрэбныя. Таму можна адмаўляцца ад такіх рэчаў, а можна ў больш глабальным вымярэнні адмовіцца ад удзелу ў матэрыяльнай культуры.
Другім крокам з’яўляецца абмяжоўванне таго, што непатрэбнае. Малгажата Гэнца гаворыць, што гэта ў пэўным сэнсе мінімалізм. У рамках другога прынцыпу, можна пазбавіцца ад непатрэбных рэчаў дома, трэба старацца не марнаваць ежы і электраэнергіі, таксама вады. Прыхільнікі Zero Waste абменьваюцца рознымі рэчамі, выкарыстоўваюць старое, замест пакупкі новага.
Трэці крок – гэта шматразовае ўжыванне таго, што ўжо ёсць.
-Можна замяніць аднаразовыя рэчы, асабліва пластмасавыя, рэчамі шматразовага ўжывання. Думаю, усе слухачы маюць моцныя шматразовыя торбы для пакупак, замест аднаразовых. Можна замяніць пластмасавыя бутэлькі на ваду на якасны тэрмас, я рэкамендую стальны. Калі яго не згубіць, то цэлае жыццё можна карыстацца адной ёмістасцю на ваду. Такім чынам, мы выкарыстоўваем рэчы шмат разоў. Станоўчым вынікам такога шматразовага карыстання з’яўляецца тое, што гэта вымагае ад нас крэатыўнасці. Мы інакш глядзім на рэчы, чым дагэтуль. Думаем, што б яшчэ можна было зрабіць, выкарыстаць, можа не зусім тыпова. Такім чынам – адмаўленне, абмяжоўванне і шматразовае выкарыстоўванне. Гэта тры самыя галоўныя прынцыпы.
Два астатнія, як кажа экспертка, менш любімыя, але не менш важныя, гэта перапрацоўка таго, у чым не ўдалося сабе адмовіць, абмежаваць, ці выкарыстаць яшчэ раз.
-Паколькі мы ведаем, на колькі мізэрным з’яўляецца працэнт перапрацоўкі смецця, то трэба старацца, каб як мага менш рэчаў дайшло да гэтага этапу. Сапраўдная перапрацоўка заключаецца ў тым, што мы перапрацоўваем рэч на нешта, такой жа добрай якасці. Пластмасы, якая часцей за ўсё атаесамляецца з другаснай сыравінай, можна перапрацоўваць два разы. Але варта ведаць, што перапрацоўка пластмасы – гэта хлусня. Не варта ў гэта верыць. У цэлым свеце з 40-50-х гадоў, калі пластмаса трапіла на наш рынак, да сённяшняга дня, толькі 9% яе было перапрацавана. Прызнаюся, што для мяне гэтая інфармацыя была шокам. Гэта значыць, што 91% гэтай пластмасы надалей знаходзіцца ў прыродзе, яна не раскладзецца, толькі распадзецца на ўсё меншыя часціцы і стане яшчэ больш небяспечнай. Думаю, кожны чуў пра мікрапластмасу, які пранікае ў наш арганізм, у нашую гарманальную сістэму. Атрымліваецца 91% пластмасы стала дзесьці ляжыць, на смеццезвалках, альбо яе спалілі, а гэта значыць, што ён вярнуўся да нас у забруджанні паветра. Таму чацвёрты пункт – гэта перапрацоўка таго, ад чаго не ўдалося адмовіцца, абмежаваць, ці паўторна выкарыстаць.
І апошні крок – гэта кампаставанне. Гэты этап прыхільнікі руху Zero Waste асаблівым чынам любяць. Яны кажуць, што гэта ўзор перапрацоўкі ўзяты з прыроды. Малгажата Гэнца кажа, што кампаставаць можна паўсюль, нават у малой кватэры, на вакацыях, падчас падарожжа.
-Гэта няцяжка. Нядаўна паявілася першая кніга пра кампаставанне польскага аўтара. Гэта сапраўднае кампаставанне, амаль кватэрнае. Гэта тое, што мы б хацелі ўвесці ў вялікім маштабе. Каб кухонныя адкіды, па-першае, былі правільна сартаваныя, а пасля траплялі ў вялікі прамысловы кампосцер, каб грамадства магло скарыстацца гэтым, каб можна было падкарміць глебу.
Да пяці прынцыпаў можна дадаць яшчэ два:
6. Рамантуй – зашывай вопратку, рамантуй абутак, спайвай роварную раму ці паламаны кабель.
7. Памятай – вучыся жыць свядома, памятай, што твае спажывецкія выбары і тое, як ты праводзіш вольны час, уплываюць на навакольнае асяроддзе.
ав