Да летніх канікулаў засталося зусім няшмат часу, а большасць з нас яшчэ не ведае, як правядзе лета. У Беларусі, канешне, пытанне стаіць інакш, чым у Польшчы. Беларускія ўлады, у адрозненні ад польскіх, не ўвялі жорсткіх абмежавальных мераў у сувязі з пандэміяй каранавіруснай інфекцыі, але многія людзі самі на ўсялякі выпадак могуць адмовіцца ад выезду ў водпуск, каб не рызыкаваць захварэць. Ды і межы пакуль што не ўсюды адкрытыя. У сваю чаргу палякі, нават калі б хацелі кудысьці адправіцца ў падарожжа, асабліва за мяжу, могуць не мець такой магчымасці з-за перакрытых межаў і абавязку прахадзіць двухтыднёвы каранцін пасля вяртання.
Як кажуць прадстаўнікі турыстычнай галіны, гэта могуць быць самыя дзіўныя летнія канікулы, якіх раней яшчэ не было. У цяжкіх абставінах палякаў ратуе пачуццё гумару. Пасля таго, як міністр аховы здароўя Лукаш Шумоўскі заявіў, што гэтым летам можа прыйдзецца застацца дома, людзі масава пачалі ствараць карцінкі, як яны праводзяць водпуск на балконах ды купаюцца ва ўласных ваннах. Тым не менш, уладальнікам турбюро і супрацоўнікам галіны турызму не да смеху. Шматлікія кампанія могуць проста не перажыць некалькіх месяцаў закрыцця, а нават калі санітарныя меры будуць знятыя, то ў людзей можа быць значна менш фінансавых сродкаў на летні адпачынак.
У многіх польскіх гарадах захаваўся своеасаблівы рэлікт савецкіх часоў. Гаворка ідзе пра гэтак званыя працоўныя дачныя ўчасткі. Яны як правіла знаходзяцца ў вельмі прывабных частках гарадоў, у тым ліку амаль у цэнтры Варшавы, таму было нямала спробаў з боку дэвелопераў адабраць ва ўладальнікаў іх згаданыя «шэсць сотак», але людзі бароняць свой кавалачак зямлі як незалежнасць, і пераважна забудоўшчыкі ад яго адмаўляюцца. А цяпер нечакана гарадскія дачныя ўчасткі атрымалі значна большую каштоўнасць у вачах гараджанаў. Калі няма магчымасці кудысьці вырвацца з гораду, то такі кавалачак зямлі дае хаця б абмежаванае адчуванне адпачынку на прыродзе і свежым паветры.
Пераважна цяжка знайсці свабодны дачны ўчастак, але калі хтосьці вельмі хоча і распараджаецца адпаведнымі сродкамі, то можа свае шэсць сотак набыць. Праўда, шэсць сотак здараецца рэдка. Як правіла ўчасткі крыху меншыя – 4-5 сотак. Зямля не з’яўляецца ўласнасцю таго, хто ёй карыстаецца. У яго прыватная ўласнасць толькі на насаджэнні і збудаванні, якія знаходзяцца на дачы. Напрыклад, у Лодзі цэны ўчасткаў вар’іруюцца ад 10 да 40 тыс. злотых (да 10 тыс. долараў ЗША). Па словах старшыні лодзінскай акругі Польскага саюза дачнікаў Ізабэлі Ажэгальскай, назіраецца значны рост зацікаўлення дачамі.
- На самой справе, мы прымаем цяпер шмат званкоў, шмат прыходзіць карэспандэнцыі па электроннай пошце. Людзі звоняць, пішуць з пытаннямі, ці ў нас ёсць свабодныя дачныя ўчасткі, якім чынам можна атрымаць, купіць дачны ўчастак у нашым комплексе. Так што зацікаўленне на самой справе значна павялічылася.
Дачныя ўчасткі прыстасавалі сваю дзейнасць да санітарных патрабаванняў, звязаных з пандэміяй каранавіруснай інфекцыі. Між іншым, дачнікі ня могуць карыстацца дзіцячымі пляцоўкамі і агульнымі для ўсіх карыстальнікаў памяшканнямі.
Дачнікі ведаюць, што калі яны не змогуць выехаць з гораду, то хаця б у іх ёсць магчымасць правесці водпуск на сваёй зямлі, хаця б невялікім участку. Асабліва важна гэта для сем’яў, у якіх ёсць малыя дзеці. Гаворыць дачніца Марта, якая не выключае, што правядзе лета са сваімі дзецьмі менавіта на дачы.
- Планы палякаў на летні адпачынак цяпер стаяць пад пытальным знакам, паколькі сітуацыя ў нас такая, як усе ведаюць – працягваецца эпідэмія каранавіруснай інфекцыі новай пнеўманіі. Але я спакойна да гэтага падыходжу – на нашай дачы мы заўсёды выдатна праводзім свабодны час, знаходзім сабе шмат цікавых заняткаў. І таму, калі б аказалася, што наша сям’я не зможа паехаць на арганізаваны адпачынак, у нас ёсць добрая альтэрнатыва на правядзенне бліжэйшых канікул.
А дзецям шмат не трэба – дастаткова прысутнасці мамы і таты, самых блізкіх і важных людзей, а таксама пясочніцы і арэляў.
- У нас ёсць арэлі, басейн, трамплін, пясочніца. Усё гэта цудоўна.
Магчыма, у палякаў не будзе неабходнасці праводзіць усё лета на дачы або ўласным балконе. Гатэлі ўжо адчыняюць свае дзверы, але пакуль што ў абмежаваным рэжыме – без рэстаранаў, спартзалаў і касметычных кабінетаў. Аднак гэта не адпужвае часткі аматараў падарожжаў. Паводле апытання Польскай турыстычнай арганізацыі, каля 30% жыхароў Польшчы збіраецца ў бліжэйшым часе адправіцца ў падарожжа па сваёй радзіме.
нг