Беларуская Служба

22 траўня ў Польшчы адзначаецца Дзень правоў жывёлы

22.05.2020 08:09
Сёлета ён прысвечаны патрэбе аховы матылькоў.
Аўдыё
    160      3200  .
У Польшчы выступае каля 160 гатункаў матылькоў і больш за 3200 гатункаў моляў. Nikiko/pixabay.com/CC0

Ініцыятарам заснавання Дня правоў жывёлы з'яўляецца экалагічная арганізацыя Клуб «Гая». Сёлета тэмай дня выбраныя матылькі. Паводле старшыні арганізацыі Яцэка Божэка, жывёла ў горадзе – гэта не толькі сабакі і каты, але цэлае мноства дзікай жывёлы, якая жыве ў парках, скверах, лугах. Матылькі адносяцца да апыляльнікаў, без якіх прырода магла б выглядаць цалкам інакш.

-Мы павінны павольна пачаць бачыць сузалежнасці, якія ёсць у свеце прыроды і свеце чалавека. Мы на гэтай планеце ўсе спалучаныя. Чалавек пра гэта забыў, таму ёсць такія гіганцкія праблемы з кліматычнай катастрофай у свеце. Гэта вынікае з таго, што мы не разумеем прыроды, забываем, што мы ад яе залежым. Адным з такіх прыкладаў з’яўляюцца апыляльнікі, матылькі, усе насякомыя, якія працуюць для нас бясплатна, бо такая іх натура. Як я ужо сказаў, мы пра гэта забылі. І ў некаторых краінах, як Кітай, ці ЗША, адсутнасць апыляльнікаў выклікае гіганцкія эканамічныя страты. Напрыклад, некаторыя з гэтых страт мы не заўважаем штодзень, гэта адсутнасць цудоўнай прыроды вакол нас. Але, як казаў Эйнштэйн, калі памруць пчолы, то чалавек згіне на працягу трох гадоў. Але гаворка не толькі пра пчол. Гаворка пра ўсіх апыляльнікаў. Мы іх знішчаем вельмі проста. Ім няма чаго есці, дзе адкладваць свае яйкі, няма дзе размнажацца. У гарадах мы апырскваем, каб пазбавіцца ад камароў, але ў выніку знішчаем цэлую масу іншых насякомых. Вельмі часта чалавек выкарыстоўвае сродкі аховы раслін, небяспечныя для чалавека, але яшчэ больш небяспечныя для гэтых малых істотаў. І пра гэта трэба казаць. Мы маем цудоўны кантакт з сабакамі і катамі, але ў выпадку апыляльнікаў справа з’яўляецца нашмат больш сур’ёзнай.

У рамках Дня правоў жывёлы Клуб «Гая» падказвае і вучыць, як можна падтрымаць апыляльнікаў. Кожны ахвотны можа збудаваць адмысловыя домікі для матылькоў. Таксама можна рабіць паілкі, якія ў часе засухі вельмі дапамогуць насякомым. Важным з’яўляецца насаджванне раслін, якія матылькі любяць.

-Цяпер матылькі маюць усё менш месцаў, дзе можна знайсці корм. Ужо няма матылькоў, якія былі ў маім дзяцінстве. Чаму? Матылькі харчуюцца на акрэсленых раслінах. Матылёк не можа знайсці ежу на кожнай расліне. Калі ў вас ёсць маленечкі агарод, то можна пасадзіць расліны, якія матылькі любяць, напрыклад, будлея. І тады раптам, цудоўным чынам, паяўляюцца матылькі, якія сядаюць на гэтай расліне. Мы знішчылі цэлае мноства кустоў у гарадах, на палях, таксама на ўскраінах лясоў. Ужо няма таго, што матылькам патрэба, – гаворыць Яцэк Божэк.

Папуляцыя насякомых-апыляльнікаў вельмі моцна змяншаецца. Паводле даследчыкаў, у Польшчы выступае каля 160 гатункаў матылькоў і больш за 3200 гатункаў моляў. Нягледзячы на працэс урбанізацыі ў гарадах усё яшчэ можна сустрэць некалькі дзясяткаў гатункаў дзённых матылькоў і каля тысячы начных.

Дзень правоў жывёлы быў вызначаны Клубам «Гая», каб падкрэсліць вагу прынятага польскім парламентам Закону аб ахове жывёлы ў 1997 годзе, расказвае Яцэк Божэк.

-Дзень правоў жывёлы Клуб «Гая» ўсталяваў, каб адзначаць тую надзвычайную юрыдычную бітву, якую мы правялі і выйгралі. Закон аб ахове жывёлы, які быў усталяваны ў канцы 90-х гадах, быў першым у Польшчы. Да 1997 году такога закону не было. Гэта быў велізарны поспех не толькі Клубу «Гая», але і ўсіх іншых арганізацый, палітыкаў, якія нам дапамагалі. Мы сабралі больш за 600 тысяч подпісаў пад словамі да спікера Сейму: «Жывёла – гэта не рэч». Адсюль у Законе аб ахове жывёлы першы абзац гаворыць аб тым, што жывёла не з’яўляецца рэччу. Гэта вельмі важная змена ў падыходзе да таго, як трэба ставіцца да жывёлы. Канешне, гэта яшчэ не такая змена, як бы нам хацелася, каб жывёла сапраўды ахоўвалася. Гэта толькі пачатак дарогі. У многіх краінах гэтая справа ідзе значна больш наперад. Думаю, што ў Польшчы раней ці пазней так таксама будзе. Але з моманту прыняцця гэтага закону лёс жывёлы можна абараняць таксама ў судзе.

Ужо многія гады Дзень правоў жывёлы з’яўляецца дасканалай нагодай, каб прадпрымаць лакальныя крокі рознымі арганізацыямі і валанцёрамі ў цэлай краіне. Сам Клуб «Гая» з нагоды сённяшняга дня замантаваў домікі для матылькоў сярод квітнеючых раслін у двух садках у Бельску-Бялай. Таксама адукатары арганізацыі падрыхтавалі фільмік, на якім расказваюць як падтрымліваць насякомых-апыляльнікаў.

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце