Беларуская Служба

Дакументальны фільм пра педафілію ў асяроддзі славутых асоб выклікаў рэзананс у Польшчы

26.05.2020 10:00
Фільм «Нічога не здарылася» нанава выклікаў дыскусію на тэму педафіліі ў розных асяроддзях.
Аўдыё
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock/Photographee.eu

Тэма сексуальнага выкарыстоўвання малалетніх рэдка закранаецца журналістамі і аўтарамі кінакарцін ці дакументальных стужак. Гэта брудная і непрыемная справа, якая яшчэ да нядаўняга часу была практычна тэмай табу, але жыхары Польшчы ўсё часцей даведваюцца, што педафілы здараюцца нават у тых слаях грамадства, якія павінны якраз клапаціцца пра дзяцей, а не выкарыстоўваць іх дзеля ўласнай прыемнасці.

Роўна год таму вялікі рэзананс у краіне атрымаў фільм братоў Сэкельскіх пра педафілію ў каталіцкім касцёле. Тады дзяржаўныя ўлады актыўна асуджалі педафілію, заяўлялі, што ні для каго не будзе палёгкі, вінаватыя будуць пакараныя, і абяцалі сфармаваць адмысловую дзяржаўную камісію, якая даследуе справу. Камісія дагэтуль не паўстала, затое ў процівагу фільму Сэкельскіх была знятая іншая стужка, у якой таксама гаворка ідзе пра выкарыстанне непаўналетніх, але ў асяроддзі славутых журналістаў, бізнесменаў ды іншых асоб, вядомых з першых старонак СМІ.

20 мая Польскае тэлебачанне ўпершыню паказала фільм Сыльвэстра Ляткоўскага «Нічога не здарылася» пра кулісы педафіліі ў кругах вядомых людзей. Рэжысёр казаў у эфіры Польскага радыё, што ён займаўся тэмай педафіліі ўжо 15 гадоў таму, але з таго часу нічога не змянілася, а шматлікія справы не былі расследаваныя.

- Гэта будзе аповесць пра бяссільнасць. У 2005 годзе я зняў фільм «Педафілы». З таго часу я назіраю, старанна сачу за некалькімі справамі, пішу, каментую. І магу сказаць адно: нічога не мяняецца. Калі справа датычыць багатых ды ўплывовых людзей, ім заўсёды ўдаецца абыйсці закон. Мяне здзіўляе і пужае гэтае пачуццё беспакаранасці, калі я з імі сустракаюся і размаўляю. Яны заўсёды ўпэўненыя, што перамогуць, што з імі нічога дрэннага не здарыцца.

У дакуменце згадваюцца два начныя клубы ў Сопаце на ўзбярэжжы Балтыйскага мора – «Заліў мастацтва» (Zatoka sztuki) i «Dream Club». Сыльвэстэр Ляткоўскі адзначае, што ў гэтых месцах ахвотна праводзілі свабодны час славутыя асобы з Варшавы.

- Доказам на гэта з’яўляюцца гука- і відэазапісы вядомых асоб – акулаў варшаўскага бізнесу, старшынь магутных фірмаў якія давалі грошы на гэты клуб, на розныя імпрэзы. Там бывалі бізнесмены, акторы, варшаўская эліта. Цяпер жа ніхто не прызнаецца, што там быў. Немагчыма сабе ўявіць, што адбываецца ў Польшчы.

Фільм «Нічога не здарылася» нанава выклікаў дыскусію на тэму педафіліі ў розных асяроддзях. Па словах віцэ-міністра юстыцыі Міхала Вуйціка, сексуальнае выкарыстанне непаўналетніх можа здарыцца ў кожным асяроддзі, і неабходна змагацца з педафіліяй незалежна ад таго, кім з’яўляецца зламыснік. На думку Вуйціка, барацьба з педафіліяй павінна адбывацца паводле прынцыпу «аб’яднаных сілаў».

- Гэта праблема, якая павінна аб’яднаць розных палітыкаў, розныя асяроддзі, каб была магчымасць праблему вырашыць. Аднак, каб з дадзеным злачынствам змагацца, неабходна ставіцца да справы сумленна. Нельга казаць, што за апошнія гады польскі ўрад, улады Аб'яднаных правых сілаў нічога не зрабілі па дадзеным пытанні. Гэта няпраўда. Законы былі змененыя, я нават скажу, што змены рэвалюцыйныя. Дзякуючы новым правілам паявіўся афіцыйны спіс педафілаў, рыхтуецца камісія па пытаннях сексуальных злачынстваў супраць непаўналетніх.

На думку іншага прадстаўніка сістэмы юрыспрудэнцыі, другога намесніка міністра юстыцыі Марціна Вархола, суды надта мякка ставяцца да педафілаў. Па словах міністра, рэдка здараецца, каб хтосьці быў арыштаваны, трапіў у следчы ізалятар за сексуальнае злачынства ў адносінах непаўналетняга. У сваю чаргу, калі адбудзецца судовы працэс, педафілы як правіла атрымліваюць нізкія тэрміны.

- Здзіўляе і шакуе затарможанасць і мяккі падыход польскіх судоў, паколькі 51% усіх пакаранняў – гэта тэрміны ад аднаго года да двух гадоў. Нагадаю, што за згвалтаванне Крымінальны кодэкс прадбачвае пакаранне ад двух гадоў да 12 гадоў. Гэта паказвае, што за педафілію звыш паловы ўсіх пакаранняў датычаць самай нізкай мяжы магчымага пакарання.

Міністр М. Вархол заявіў, што будзе склікана адмысловая група пракурораў, якія зоймуцца расследаваннем фактаў, прадстаўленых у фільме Ляткоўскага. Эксперты правераць, ці ў адносінах паказаных здарэнняў былі праведзеныя адпаведныя следчыя дзеянні.

- Калі такіх дзеянняў не было, то яны будуць распачатыя, пачнецца следства. Група правядзе аналіз усіх справаў, апісаных у фільме. Калі судовае следства было закрыта, яно зноў пачнецца.

Складваецца ўражанне, што дакументальная стужка Сыльвэстра Ляткоўскага «Нічога не здарылася» стала адказам на фільмы братоў Сэкельскіх «Толькі не кажы нікому» і «Гульня ў хованку», у якіх ідзе гаворка пра выкарыстанне непаўналетніх з боку каталіцкіх духоўных. Нагадаем, у фільме Ляткоўскага выяўленыя факты сексуальнага выкарыстання падлеткаў у клубах, дзе частымі гасцьмі былі палітыкі, акторы, бізнесмены ды іншыя прадстаўнікі эліты.

нг