Беларуская Служба

Кожны пяты бусел на свеце – паляк

31.05.2020 07:02
31 траўня ў Польшчы адзначаецца Дзень белага бусла.
Аўдыё
  • 31 траўня ў Польшчы адзначаецца Дзень белага бусла
.
.Alexas_Fotos/pixabay.com/CC0

Белы бусел – самая польская з польскіх птушак, верагодна, ён нават больш атаесамляецца з Польшчай, чым арол з гербу, якога, у адрозненні ад бусла, вельмі цяжка заўважыць у прыродзе. 31 траўня ў Польшчы адзначаецца Дзень белага бусла.

Польскія буслы складаюць 20% сусветнай колькасці гэтага гатунку, такім чынам кожны пяты бусел на свеце – гэта паляк. Дзень белага бусла адзначаецца з 2003 году дзякуючы ініцыятыве Польскага таварыства сяброў прыроды «pro Natura». Свята з’яўляецца нагодай для папулярызацыі ведаў на тэму жыцця буслоў і іх асаблівага месца ў польскай культуры і краявідзе. Дзень бусла таксама звяртае ўвагу на неабходнасць абароны гэтых птушак, бо нягледзячы на станоўчыя адносіны да буслоў, чалавек стаў прычынай цэлага шэрагу пагроз, якія выклікаюць смяротныя выпадкі сярод буслоў, ці іх знікненне з характэрных для іх тэрыторый.

Катажына Граблеўска з Польскага таварыства аховы птушак тлумачыць, чаму бусел заслугоўвае на сваё ўласнае свята:

-Калі б нам прыйшлося шукаць другую птушку на наш герб, то пэўна ім быў бы бусел. Пасля арлана-белахвоста гэта самая папулярная польская птушка. Яна карыстаецца вялікай сімпатыяй сярод людзей. І вельмі добра. Бусел пераважна жыве ва Усходняй Еўропе, у Заходняй яго ўсё менш. Напэўна, трэба больш клапаціцца пра бусла. Рабіць так, каб былі месцы, дзе ён можа здабываць ежу для сябе і сваіх птушанят. І сапраўды, у нас ёсць яшчэ параўнальна шмат такіх месцаў, чым у Германіі, ці Заходняй Еўропе. Хоць яны змяншаюцца. Усё больш паяўляецца шматгектарных угоддзяў, усё больш хіміі ў сельскай гаспадарцы. І гэта ўсё не адпавядае буслам. Кепска на іх уплывае меліярацыя балотаў, асушванне мокрых лугоў. Людзям патрэбныя гэтыя землі, але буслам таксама.

Абаронца правоў жывёлы Томаш Юстынярскі, аўтар кнігі «Мой сябра бусел» пацвярджае, што буслы так любяць Польшчу, бо яна яшчэ з’яўляецца чыстай краінай.

-Можна нават сказаць экалагічнай у параўнанні з іншымі. У нас цудоўныя зялёныя тэрыторыі, балоты, якімі мы павінны ганарыцца. А бусел з’яўляецца знакам. Ён, як компас, які паказвае, куды можна ляцець, дзе добрыя ўмовы.

Нават калі ў Польшчы і іншых краінах будуць захаваныя добрыя ўмовы для гэтых птушак, то і так па дарозе ва Усходнюю Еўропу буслоў сустракае мноства пагроз – гаворыць Катажына Граблеўска.

-Вельмі шмат буслоў, але не толькі, бо гэты лёс сустракае амаль усіх мігруючых птушак, адстрэльваюць падчас нелегальнага палявання ў краінах Міжземнамор’я і краінах Блізкага Усходу. На жаль, няма іншага шляху, птушкі павінны ляцець праз гэтыя краіны. Пра паляванні штогод гаворыцца ўсё больш, паяўляецца ўсё большая свядомасць тэмы, таксама ў Польшчы. Некалькі гадоў таму ў Францыі паявілася вялікая петыцыя да прэзідэнта, каб забараніць паляванні на буслоў. У Еўропе дзейнічае дырэктыва аб птушках, якая забараняе гэта, але надалей такім шляхам гіне ўсё больш птушак, нават 25 млн у год.

Сур’ёзную небяспеку для іх уяўляюць энергетычныя лініі, тым больш, што ўсё больш буслоў будуюць гнёзды менавіта на слупах электраперадач. Маладыя птушкі, якія вучацца лятаць, часта гінуць ад удараў токам. Праблема тычыцца і дарослых буслоў, якія ахвотна сядаюць на трансфарматарах.

Іншай праблемай з’яўляюцца пакінутыя на палях шнуркі для снапоў. Птушкі збіраюць іх для падсцілкі ў гнёздах. Катажына Граблеўска гаворыць, што шнуркі становяцца прычынай калецтва, а нават смерці буслоў.

-Штогод да нас звяртаюцца людзі, які заўважылі дарослага бусла, а нават птушаня, якое ў полі, ці гняздзе пазаблытвалася ў шнуркі, а нават пакеты. Часцей за ўсё гэта шнуркі, якія дарослыя буслы знаходзяць на полі і нясуць для будовы гнязда. Гэта няпростая аперацыя, бо трэба выкарыстаць пад’ёмнік. Але здараюцца выпадкі, калі мы разблытваем ногі, ці шыю маладога бусла. Калецтва для дзікай жывёлы часта азначае смерць. А так здарыцца, калі шнурок не будзе разблытаны на час. Ён будзе ўразацца ў нагу разам з ростам бусла.

Польшча з’яўляецца найбуйнейшым прыстанішчам для буслоў у свеце. Падчас апошняга падліку ў 2004-2005 гадах у краіне было больш за 50 тысяч пар. Сусветная папуляцыя буслоў складае каля 200 тысяч пар.

Асушэнне мокрых тэрыторый, рэгуляцыя рэк і ручаёў, прамысловая сельская гаспадарка з ужываннем хімічных прэпаратаў прычыняюцца да знікнення гэтых птушак. Гэта стала прычынай рэзкага змяншэння колькасці буслоў у многіх рэгіёнах Еўропы. За апошнія 100 гадоў буслы амаль цалкам зніклі з тэрыторыі Францыі, Германіі, Швейцарыі, краін Бенілюксу і Скандынавіі.

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце