Беларуская Служба

Кіроўцы буйных польскіх гарадоў гатовыя замяніць аўтамабіль на грамадскі транспарт

12.06.2020 15:29
Умова: якасная паслуга калектыўнага перамяшчэння ўзамен.
Аўдыё
  • Кіроўцы буйных польскіх гарадоў гатовыя замяніць аўтамабіль на грамадскі транспарт
A
AўтобусPhoto: balticmedia /pixabay.com/CC0 Public Domain

Кіроўцы буйных польскіх гарадоў гатовыя замяніць аўтамабіль на грамадскі транспарт пры ўмове, што ўзамен яны атрымаюць якасную паслугу калектыўнага перамяшчэння. Даследаванне правяла арганізацыя «Польская смогавая трывога», эксперты якой адзначаюць, што яны прыемна здзіўленыя некаторымі вынікамі апытання.

Большасць польскіх гарадоў не мае даследаванняў пра структуру руху ў горадзе. Невядома, колькі аўтамабіляў перамяшчаецца па вуліцах, колькі чалавек ездзіць грамадскім транспартам ці роварамі.

Падлік гэтай інфармацыі і быў адной з асноўных задач аналізу, праведзенага па замове экалагічнай арганізацыі «Польская смогавая трывога». Па-другое, актывісты арганізацыі хацелі даведацца, як жыхары бачаць развіццё транспарту ў сваім горадзе, чаго яны спадзяюцца. «Польская смогавая трывога» ужо даўно падазравала, што ўлады розных гарадоў маюць памылковае ўяўленне аб тым, да якіх змен у сферы транспарту гатовыя жыхары.

Найчасцей, калі ідзе дыскусія аб тым, што трэба абмежаваць аўтамабільны рух, уладары гарадоў кажуць, што гэта немагчыма, паколькі жыхары на гэта не пагодзяцца. Аднак, праведзеныя «Польскай смогавай трывогай» даследаванні паказваюць цалкам іншы вобраз.
Барташ Пілат прызнаў, што вынік здзівіў нават іх.

-Я не падазраваў, што жыхары ажно на столькі пагаджаюцца ўвесці некаторыя змены. Гаворка, між іншым, пра павелічэнне штрафаў для людзей, якія перамяшчаюцца няспраўнымі аўтамабілямі, і ў сувязі з гэтым выкідваюць у паветра шмат шкодных рэчываў. Згодныя на такія змены 90% апытаных у кожным з выбраных гарадоў. А апытанне праводзілася ў Катавіцах, Кракаве, Варшаве, Уроцлаве і Познані. Шмат хто згадзіўся б забараніць перамяшчэнне старых аўто з дызельным рухавіком у цэнтры гарадоў – сярэдняя 67%. Найменшую згоду атрымала прапанова павышэння коштаў за паркоўку. То бок справа, якая тычыцца гаманца кожнага з апытаных. Хоць і так, я здзіўлены гэтым узроўнем, бо сярэдняя для польскіх гарадоў склала 40%.

Даследаванні паказалі, на колькі важнымі з'яўляецца калектыўныя сродкі перамяшчэння. І гэта ад іх стану залежыць узровень згоды на тыя ці іншыя змены ў гарадах – дадае Барташ Пілат.

-Зноў жа, гэта залежыць ад гораду. У сярэднім гарадскім транспартам карыстаецца штодзённа 47% жыхароў. Аўтамабілямі ездзіць 44%. І паяўляецца важная розніца паміж мясцовасцямі. Там, дзе якасць і арганізацыя грамадскага транспарту ацэньваюцца дастаткова нізка, то працэнт людзей, якія выбіраюць аўтамабілі, вышэйшы. І тут мы гаворым пра Катавіцэ ці Уроцлаў, дзе гарадскі транспарт ацэнены дастаткова нізка. У Катавіцах грамадскім транспартам ездзіць 38% жыхароў, 49% – аўтамабілямі. Ва Уроцлаве 41% і 49% адпаведна. Адваротна сітуацыя выглядае ў гарадах, якія ацэньваюць грамадскі транспарт лепш – Кракаў і Варшава. У Кракаве аўтобусамі ездзіць 50%, аўтамабілямі – 39%. Прычым у Кракаве многія ходзяць пешшу, бо адлегласць паміж працай і домам невялікая. У Варшаве гэтыя адносіны яшчэ больш карысныя для гарадскога транспарту – 59% гарадскі транспарт і 36% – аўтамабілі.

Калі нехта дзівіцца, што ў Варшаве столькі людзей ездзіць гарадскім транспартам, а на вуліцах польскай сталіцы стала стаяць коркі, то эксперт тлумачыць, што акрамя варшавянаў трэба далічыць паўмільёна аўтамабіляў, якія ўязджаюць у сталіцу з навакольных мясцовасцяў. А іх меркаванне ў даследаванні не бралася пад увагу.

Даследаванне паказвае, што для тых, хто перамяшчаецца па горадзе, важнай зʼяўляецца якасць і час падарожжа, а не канкрэтны сродак транспарту. Ажно палова кіроўцаў, якія ездзяць аўтамабілямі, заявіла, што гатовая адмовіцца ад штодзённага карыстання аўтамабілем, калі будзе мець большую колькасць аўтобусаў, блізкую адлегласць да прыпынку і меншыя коркі.

-Выразна бачна, што гарады сапраўды павінны зрабіць інвестыцыю ў грамадскі транспарт. Што нас зноў прыемна здзівіла – гэта гатоўнасць замяніць частку палосаў руху на аўтобусную паласу для таго, каб мець пэўнасць, што аўтобус прыедзе, што час яго праезду праз горад будзе стала аднолькавы. І хоць у розных гарадах працэнт крыху адрозніваецца, то, паводле мяне, гэта і так добры вынік. 76% жыхароў Варшавы падтрымліваюць такі крок, у Кракаве – 70%, у Познані – 69%, і толькі 49% жыхароў Уроцлава. Думаю, прычынай можа быць нізкая ацэнка калектыўнага транспарту ў горадзе. Даследаванні адназначна паказалі, што кіроўцы і Варшавы, і Кракава ў стане згадзіцца з такімі крокамі.

«Польская смогавая трывога» занялася распаўсюдам інфармацыі аб выніках праведзенага апытання сярод звычайных грамадзян, а таксама сярод асоб, якія адказваюць за транспарт. У планах прэзентацыя вынікаў даследавання і ацэнак экспертаў падчас індывідуальных сустрэч з лакальнымі ўладамі.

Барташ Пілат кажа, што выказаная палякамі гатоўнасць да змен будзе моцнай падтрымкай для захадаў арганізацыі на карысць змен у польскіх законах. Але пра гэта ў наступнай перадачы.

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце