Беларуская Служба

Польскі прэзідэнт хоча запісаць у канстытуцыі, што аднаполыя саюзы не могуць усынаўляць дзяцей

07.07.2020 13:06
Анджэй Дуда стараецца пераканаць выбарцаў сацыяльнымі праграмамі і супрацівам адносна рэвалюцыі нораваў.
Аўдыё
  .
Польскі прэзідэнт А. Дуда змагаецца за прераабранне на пасадуфота: PAP/Marcin Obara

Важным элементам кампаніі перад другім турам прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы з’яўляюцца пытанні светапогляду. Калі кандыдат «Грамадзянскай кааліцыі» Рафал Тшаскоўскі будуе свой імідж хутчэй на ліберальных поглядах, адкрытасці на іншых, у прыватнасці, сексуальныя меншасці, то яго апанент, дзейсны прэзідэнт Анджэй Дуда стараецца пераканаць выбарцаў сацыяльнымі праграмамі і супрацівам адносна рэвалюцыі нораваў. На мінулым тыдні прэзідэнт Дуда ўнёс у Сейм – ніжэйшую палату парламенту – законапраект пад назваю «Бацькі вырашаюць». Па словах Дуды, менавіта бацькі павінны вырашаць, якім чынам выхоўваюць іх дзяцей у школе або іншых установах. Гэта павінна ім гарантаваць польская Канстытуцыя.

- І таму ўчора я падаў у Сейм праект закону пад назваю «Бацькі вырашаюць». Дзеля таго, каб бацькі маглі мець уплыў на тое, якія заняткі праводзяць у школе асобы, што прыходзяць звонку, гэта значыць, няўрадавыя арганізацыі ды таварыствы, якія ладзяць сустрэчы ў школе.

На думку Анджэя Дуды, па пытаннях выхавання дзяцей самы важны голас павінны мець бацькі. Таму іншыя арганізацыі, якія ладзяць выхаваўчыя заняткі, павінны перш за ўсё спытаць бацькоў, ці яны згаджаюцца на такія заняткі. І таму вонкавыя ўстановы павінны прадставіць спярша сваю праграму.

- Бацька павінен мець права выказаць сваё меркаванне, ці ён згаджаецца, каб нехта вучыў яго дзіця паводле сваіх поглядаў, ці не. Таму гэтыя арганізацыі прымушаныя будуць прадставіць свае праграмы – чаму яны намераны вучыць дзяцей, і хто будзе вучыць дзяцей. Гэта патрэбнае дзеля таго, каб бацькі маглі выказаць сваё адабрэнне або свой пратэст супраць зместу праграмы. І гэта менавіта прадбачана ў законапраекце. Я спадзяюся, што праект атрымае падтрымку.

Бацькі выхоўваюць сваіх дзяцей згодна з уласнымі поглядамі. Гэта гарантуе ім польскі асноўны закон – прыгадаў галава дзяржавы. Калі так, то яны маюць таксама права ведаць, чаму ўчуць дзяцей у школе.

- Бацькі маюць права кантраляваць адукацыйны змест, які прапануюць у адукацыйнай установе, куды ходзіць сын або дачка. Таму быў падрыхтаваны дакумент, які павінен на практыцы даць магчымасць бацькам рэалізаваць іх правы. Закон павінен перш за ўсё ахоўваць дзяцей ад такога навучання, якое бацькі лічаць шкодным для дзіцяці, якое бацькі лічаць, напрыклад, дэмаралізуючым.

Змены канстытуцыі, якія прапануе Анджэй Дуда, ахопліваюць таксама артыкул, які ўвядзе поўную забарону ўсынаўлення дзяцей аднаполымі партнёрскімі саюзамі.

- Усынавіць можна толькі непаўналетнюю асобу, толькі для паляпшэння яе ўмоваў жыцця. Канешне, гэты прынцып захоўваўся і раней, але цяпер ён будзе ўведзены ў канстытуцыйны ранг. Акрамя таго, усынавіць дзіця разам можа толькі сужэнства. У польскім асноўным законе прысутнічае акрэсленне сужэнства – гэта саюз мужчыны і жанчыны. У змест канстытуцыі ўведзена папраўка, што ўсынавіць дзіця не можа чалавек, які жыве ў саюзе з асобай таго ж полу.

Прэзідэнт распавёў на канферэнцыі, што адпаведныя дзяржаўныя органы павінны правяраць людзей, якія імкнуцца ўсынавіць дзіця.

- Калі маем дачыненне з фактычным саюзам, а вядома, што такія існуюць, тады суд ды іншыя органы павінны будуць праверыць, ці асоба, якая самастойна хоча ўсынавіць дзіця, жыве ў аднаполым саюзе, ці не.

Нагадаем, падчас перадвыбарчай кампаніі Анджэй Дуда падпісаў гэтак званую «Карту сям’і». Асноўным зместам дакументу з’яўляецца ахова дзяцей ад дрэннага ўплыву, таксама гаворыцца, што дзяржава павінна прадпрымаць максімум высілкаў, каб ахоўваць і падтрымліваць сям’ю ў розных аспектах – эканамічным ды сацыяльным, а польская сям’я павінна мець «годныя ўмовы жыцця, не баяцца галечы ці розных негатыўных ідэалагічных уплываў». «Карта сям’і» прадбачвае, у прыватнасці, ахову дзяцей ад гэтак званай ідэалогіі ЛГБТ.

У законапраекце, пададзеным у Сейм, гаворка ідзе таксама пра дамашнюю адукацыю. Анджэй Дуда адзначыў, што на працягу апошніх некалькіх месяцаў практычна ўсе польскія школьнікі вучыліся дома, гэта была дамашняя адукацыя, якая паказала, што такая форма перадачы ведаў сябе апраўдвае. Таму, на думку прэзідэнта, дадзеная форма адукацыі павінна быць максімальна пашыраная і даступная па жаданні бацькоў, паколькі, як паказаў прыклад самаізаляцыі, яна не горшая, чым адукацыя ў школе. Калі бацькі жадаюць самі вучыць сваіх дзяцей, неабходна гэта ім дазволіць.

нг