Сёння я запрашаю пазнаёміцца з рэгіёнам Заходняя Памеранія, інакш Заходняе Памор’е, а канкрэтна з Выспай Волін. Волін - гэта найбуйнейшы польскі востраў у Балтыйскім моры, плошча якога налічвае 265 квадратных кілaметраў.
Волін аддзелены ад мацерыковай часткі Памор’я Шчэцінскім залівам (Zalew Szczeciński) і пралівам Дзіўна(Dziwna), а ад другой мясцовай выспы Узедам(Uznam) - пралівам ракі Свіны (Świna). На выспе знаходзіцца аднайменны горад Волін.
Выспа Волін. By Aotearoa - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index. php?curid=878949
Прыродныя ўмовы выспы разнастайныя: тут мы сустрэнем балоты, нізіны, лясы, а таксама марэнныя ўзгоркі з найвышэйшай гарой Гжывач (Grzywacz) – 116 метраў над узроўнем мора і самае высокае ў Польшчы скальнае ўзбярэжжа, якое ўздымаецца на вышыню каля 80 метраў і цягнецца на даўжыні 15 кілaметраў.
Жыхары выспы Волін у асноўным займаюцца турызмaм, рыбалоўствам і сельскай гаспадаркай.
Выспа Волін - гэта не толькі незвычайная прырода, шырокія пляжы, цудоўныя заходы сонца, вядомыя курортныя гарадкі, развіты агратурызм, разнастайныя водныя атракцыёны. Гэта таксама надзвычай багатая культура.
Вельмі доўгай і цікавай з’яўляецца гісторыя Воліна, якая пачалaся ў раннім сярэднявеччы, калі тут узнікла паселішча над пралівам Дзіўна. З-за размяшчэння на гандлёвых шляхах яно вельмі хутка развівалася - тут быў створаны порт, да якога заходзілі гандлёвыя судны з розных куткоў свету.
Падчас археaлагічных даследаванняў на выспе былі выяўленыя знаходкі, якія паходзяць нават з далёкіх куткоў зямнога шара.
У сярэднявеччы Волін стаў цэнтрам пакланення Святавіту - язычніцкаму бaжаству ў заходне-славянскай міфалогіі, які ўшаноўваўся таксама як бог вайны і дастатку. Паводле некаторых навукоўцаў, знаходкі могуць сведчыць таксама пра тое, што Волін быў сядзібай вікінгаў.
Лодкі вікінгаў. By Piotr - https:\/\/www.nordligesverdahird.pl//galeria/WYPRAWA2007/index.html, Attribution, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=2596303
У часы ўзнікнення польскай дзяржаўнасці горад-дзяржава, распаложаная на выспе, праводзіла незалежную палітыку і ваявала з войскам Мяшка І - творцы польскай дзяржаўнасці, але пасля яго перамогі Волін разам з усім Заходнім Памор’ем быў далучаны да Польшчы.
Багатай і цікавай гісторыі Воліна прысвечаныя многія музейныя ўстановы. Асноўнай з іх з’яўляецца Музей славян і вікінгаў пад адкрытым небам. Тут мы можам пабачыць рэканструяванае раннесярэднявечнае паселішча, якое калісці існавала на востраве і стала ядром сённяшняга Воліна, ёсць некалькі дзясяткаў хацін, 4 вароты з валам і набярэжнымі, таксама гістарычная верфь.
Музей славян і вікінгаў. Photo: jarko7/pixabay.com/CC0 Public Domain
Гэтае месца варта наведаць падчас штогадовага Фестывалю славян і вікінгаў. Гэта мерапрыемства дазваляе лепш пазнаёміцца з iх культурай на гэтай тэрыторыі.
У сваю чаргу каля гарадской ратушы ў Воліне размешчаны краязнаўчы музей, дзе паказаныя экспанаты, звязаныя з племем валініянаў, абаронныя сістэмы горада, майстэрства і вераванні сярэднявечных жыхароў Волінa. Адным з цікавейшых экспанатаў, які прыцягвае турыстаў ва ўстанову, з’яўляецца мініяцюра славянскага бога з чатырма тварамі – Святавіта, знойдзеная археолагамі падчас раскопак у Воліне.
Апрача таго, варта прыглядзецца і да іншых помнікаў архітэктуры, у тым ліку да гатычнага касцёла святога Мікалая з XV стагоддзя.
Цікавым аб’ектам з’яўляецца волінская ратуша, пабудаваная ў нeагатычным стылі (1880-1881) на месцы замку і манастыра. Зa ратушай можна пабачыць таксама фрагменты сярэднявечнай абароннай сістэмы з XIV-XV стагоддзяў.
Bолінская ратуша. By Radosław Drożdżewski (Zwiadowca21) - Praca własna, CC BY 2.5, https:// commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=970164
У заходняй частцы выспы знаходзіцца галандскі ветраны млын з 1850 года, пабудаваны на плане круга.
Тым не менш турыстаў на выспу прыцягвае, перш за ўсё, чароўная прырода, якую ахоўвае Нацыянальны волінскі парк плошчай у больш за 10 тысяч гектараў. Парк размешчаны паміж Шчэцінскім залівам і Памеранскай бухтай (Zatoka Pomorska). Яго заснавальнікам быў ляснічы Мечыслаў Тархлянскі (Mieczysław Tarchlański).
Нацыянальны волінскі парк. By Beax - Praca własna, CC BY-SA 2.5 pl, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=3167537
Самае прыгожае ў парку - багатая флора і фауна. Амаль палову тэрыторыі парку займаюць лясы, сярэдні ўзрост якіх складае больш за 100 гадоў. Тут можна сустрэць больш за 1 300 відаў раслін, у тым ліку шмат такіх, што ахоўваюцца. У лясах пераважаюць бук, дуб, хвоя, елка і лістоўніца. Гэта таксама дом для многіх птушак, для якіх парк з’яўляецца прыпынкам на шляху міграцыі паміж Азіяй і Еўропай, а таксама для многіх лясных жывёл, такіх як дзікі, алені, лісы і барсукі. Ва ўсходняй частцы парка знаходзяцца ледавіковыя азёры.
Умовы Нацыянальнага Волінскага парку заахвочваюць знаёміцца з ім у паходах або падчас велaсіпедных экскурсіяў. Уваход у парк бясплатны. Прыродны музей Нацыянальнага Волінскага парку размешчаны ў цэнтры курортнага гарадка Мендзыздрое(Międzyzdroje).
На выспе знаходзіцца таксама Ферма зуброў – гэта незвычайнае месца на мапе не толькі Заходне-Паморскага ваяводства, але і ўсёй Польшчы. Ферма была заснавана ў 1976 годзе, калі былі прывезены першыя чатыры зубры з лясоў Белавежскай і Барэцкай пушчаў.
Ферма зуброў . By I, Matio, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=2502232
У Мендзыздроях знаходзіцца таксама музей васковых фігураў, вядомы кінатэатр „Эва”, Квача гура(Kwacza Góra) з назіральнай пляцоўкай, касцёл святога Пятра Апостала, а таксама вялікая колькасць гатэляў, чароўных пансіянатаў і дамоў адпачынку. Для многіх турыстаў Мендзыздрое – абавязковы пункт праграмы экскурсіяў па Балтыйскім узбярэжжы. Турыстаў прыцягваюць тут не толькі чыстыя пляжы, выдатны ландшафт і добрая турыстычная інфраструктура, але і шмат атракцыёнаў, у тым ліку знакаміты Еўрапейскі фестываль зорак.
Прычал для яхтаў у Мендзыздроях. By I, Matio, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=2424718
У горадзе знаходзіцца таксама прычал для яхтаў, якога даўжыня складае амаль 400 метраў, і які з'яўляецца адным з самых даўжэйшых у Еўропе.
Анна Задрожна