Этнічныя супярэчнасці на тэрыторыі Галіцыі і Валыні, напружаныя адносіны паміж рознымі ўкраінскімі і польскімі вайскова-палітычнымі групамі, адрознае бачанне пасляваеннай будучыні гэтых тэрыторыяў, прывялі да адной з самых трагічных падзеяў у гісторыі Польшчы і Украіны.
Гаворка вядзецца пра Валынскую разню, якая была ініцыяваная і рэалізаваная ўкраінскімі нацыяналістычнымі збройнымі групамі Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Украінская паўстанцкая армія (АУН і УПА).
Галоўнай мэтай масавых забойстваў польскага насельніцтва было недапушчэнне вяртання гэтых тэрыторыяў у склад Польшчы пасля вайны.
Украінцы імкнуліся не дапусціць да таго, што міжнародныя арганізацыі на аснове працэнтнай колькасці палякаў прызнаюць гэтую тэрыторыю Польшчы.
У 1943 годзе адбылася 3-я канферэнцыя АУН, на якой было абвешчана пра пачатак «нацыянальнай рэвалюцыі». Гэта было ўспрынята як сігнал да дзеянняў.
Па меркаваннях часткі даследчыкаў, украінскі тэрор стаўся адказам на дзеянні палякаў у дачыненні да ўкраінскага насельніцтва.
Гутарка вядзецца пра спецыяльныя батальёны паліцыі (шуцманшафт), якія былі сфарміраваныя фашыстаміз палякаў. У траўні 1943 году кіраўнік УПА Дмытро Клячкіўскі выпусціў зварот, у якім абвінавачваў польскае насельніцтва ў супрацы з нацыстамі і ў падпальванні ўкраінскіх вёсак. У гэтым звароце былі пагрозы, што калі такія дзеянні будуць працягвацца, украінцы пачнуць праводзіць падобную палітыку.
Узаемныя атакі і тэрор на гэтых землях быў выгадны як нямецкім акупантам, так і савецкім уладам, якія выкарыстоўвалі яго ў сваіх інтарэсах, каб аслабіць нацыяналістычныя рухі абодвух бакоў і перацягнуць насельніцтва. За паў гады ўкраінскія нацыяналісты забілі каля 10 – 15 тыс. палякаў.
Пік этнічных чыстак на Валыні прыйшоўся на ліпень 1943 году, ключавымі сталі падзеі 11 ліпеня (Крывавая нядзеля)
АУН і УПА арганізавалі спланаваную атаку на 99 (па некаторых дадзеных 167) населеныя пункты, у якіх пражывалі палякі.
Атрады нацыяналістаў дзейнічалі па адпрацаванай мадэлі. Адна група аточвала выбраны пункт (галоўным чынам вёскі), каб ніхто не змог збегчы, другая захоплівала мясцовасць, збірала ўсіх жыхароў і пачынала масавыя забойствы. Забівалі ўсіх, не зважаючы на пол ці ўзрост. Агулам за гэты дзень было забіта больш за 3 тыс. чалавек.
Згодна з дадзенымі гісторыкаў, у ліпені ўкраінскія нацыяналістычныя атрады атакавалі 520 польскіх вёсак, загінула каля 11 тыс. чалавек.
Другая хваля этнічных чыстак распачалася напрыканцы жніўня 1943 году, калі загінула больш за 15 тысяч чалавек.
Агульная колькасць загінулых палякаў на тэрыторыі Валыні ацэньваецца рознымі крыніцамі ў 50-100 тысяч чалавек.
Павал Усаў