За першую палову гэтага году ў Варшаўскім заапарку нарадзілася 251 новая жывёла. Сярод іх знікаючыя гатункі, такія як зубр, лемуры-каты і снежны леапард. Некаторыя з іх прымуць удзел у міжнароднай праграме размнажэння знікаючых відаў.
Анна Карчэўская (Anna Karczewska), прэс-сакратар Варшаўскага заапарка, паведаміла, што нованароджаныя жывёлы – гэта прадстаўнікі каля 50 відаў, многія з якіх знаходзяцца пад пагрозай знікнення.
- У нас з'явілася шаблярогая антылопа – гатунак, які ўжо не назіраецца ў дзікай прыродзе, плямісты алень, які таксама не жыве на волі, ёсць лемуры-каты, лемуры вары, папугай кеа з Новай Зеландыі, снежны леапард, кубінскі ўдаў, эму, вялікі рыжы кенгуру.
Маленькі зубр нарадзіўся 26 мая, гэта самец. Ён яшчэ не атрымаў імені, але паводле звычаю ў польскіх цэнтрах развядзення гэтай жывёлы, яго імя пачнецца са складу «По».
Усе зубры ў свеце палічаныя, і іх радаводы вядомыя, таксама ступень роднасці. У цяперашні час у варшаўскім заапарку жывуць 9 зуброў, – расказала Карчэўская.
Снежныя леапарды, пара Аяна і Джамір, якія прыбылі ў Варшаўскі заапарк у 2017 г., нарэшце дачакаліся малога. Нарадзіліся таксама чатыры маладыя гепарды.
Паколькі заапаркі не могуць утрымліваць усёй жывёлы, якая нарадзілася ў іх, некаторыя пераводзяцца ў праграмы размнажэння знікаючых відаў, якую праводзіць Асацыяцыя EAZA. У рамках праграмы нованароджаная жывёла атрымлівае сваіх каардынатараў, якія правяраюць роднасць і паходжанне, ацэньваюць умовы ў мэтавым заапарку і ў канчатковым выніку вырашаюць, у які заапарк адправіць дадзеную жывёліну.
Варшаўскі заапарк адкрыты для наведвальнікаў з сярэдзіны мая. У ім можа адначасова знаходзіцца 5000 чалавек.
яс/PAP/Аліцыя Скіба