Партал bitwa1920.gov.pl сучасным чынам паказвае прычыны, хаду і наступствы Варшаўскай бітвы. На ім выкарыстаныя шматлікія інтэрактыўныя матэрыялы, дзе чытачы самыя, напрыклад, могуць праверыць, як разбіць савецкі шыфр.
Варшаўская бітва (вядомая таксама як Цуд над Віслай) лічыцца 18-ай вырашальнай бітвай у сусветнай гісторыі. Яны захавала незалежнасць Польшчы і выратавала Еўропу ад бальшавізму.
Мультымедыйны партал уцягвае карыстальнікаў у атмасферу тых дзён, праводзячы праз самыя важныя падзеі польска-бальшавіцкай вайны.
Паводле прэс-сакратара Бюро праграмы «Незалежная» Каміля Унука, мультымедыйны партал з’яўляецца расказам пра выключны час і выклік, перад якім апынулася польскае грамадства 100 гадоў таму. Ён утрымлівае шмат унікальных архіўных рэчаў:
-Гэта відэаздымкі, аўдыёзапісы з архіва Польскага радыё і іншых архіваў у Еўропе. Яны паказваюць, як палякі ставіліся да гэтай вайны, як да яе падрыхтаваліся. Які ўплыў на ваенныя дзеянні мела дапамога з-за мяжы. Таксама мы зможам пабачыць, які ўплыў на вайну мела радыё інтэрв'ю.
Каміль Унук кажа, што партал нагадвае вядомыя постаці, якія прынялі ўдзел у вайне з бальшавікамі, між іншым, Мэрыяна Купера:
-Ён быў амерыканскім пілотам, сямейная гісторыя якога была звязана з Польшчай. У 1920 годзе ён прыехаў сюды і вырашыў стаць польскім пілотам, змагацца за незалежнасць Польшчы. І сапраўды ён лятаў, падтрымліваў польскае войска з паветра. Здавалася б, гісторыя банальная, калі б не тое, што пасля вайны ён вярнуўся ў ЗША і атрымаў Оскара за свайго «Кінг-Конга».
На партале змешчаныя больш за 30 запісаў галасоў удзельнікаў бітвы з Архіва Польскага радыё і Радыё Свабодная Еўропа – гаворыць намеснік дырэктара Інфармацыйнага радыё агенцтва Кшыштаф Касоўскі:
-Гэта такія постаці як Ігнацы Дашыньскі, Юзаф Пілсудскі. Але і менш вядомыя асобы, шараговыя жаўнеры. Цікава, што гэта таксама выказванні людзей не з Польшчы. Ёсць пазнейшы прэзідэнт Францыя Шарль дэ Голь, ёсць камандуючы амерыканскай паветранай эскадрыллі, якая ў той час лятала над Польшчай. Гэта вялікая колькасць архіўных матэрыялаў цяпер даступная для кожнага.
Кшыштаф Касоўскі гаворыць, што на партале выкарыстаны цэлы шэраг інтэрактыўных матэрыялаў:
-Гэта нешта паміж фільмам і кампутарнай гульнёй. Сапраўды, там змешчаныя веды, факты, але ёсць і ўзаемадзеянне з наведвальнікам. Ёсць, напрыклад, раздзел, прысвечаны канцэпцыі федэрацыі маршала Пілсудскага і карыстальнік, кіруючыся падказкамі Пілсудскага, выбірае з мапы краіны, якія маглі б увайсці ў федэрацыю, пра якую думаў Пілсудскі. Калі выбар будзе няправільным, то мы патлумачым, чаму гэтыя краіны не могуць увайсці ў склад федэрацыі. Калі выбар правільны, то мы тлумачым, чаму гэта магло здарыцца.
Марцін Рэмбач з Бюро праграмы «Незалежна» дадае, што адным з герояў парталу з’яўляецца падпалкоўнік Ян Кавалеўскі, які разам з камандай крыптаграфаў разбіў шыфры Чырвонай Арміі:
- З поўнай упэўненасцю можна сказаць, што гэта адна з ключавых постацяў і адзін з бацькаў поспеху ў абароннай вайне з 20-х гадоў. Пра яго варта расказаць больш цікавінак. Акрамя таго, што ён разбіў шыфры Чырвонай арміі, то пасля выехаў у Японію і абучаў імператарскую выведку. Пры кожнай нагодзе варта ўзгадваць пра гэтага незвычайнага чалавека, паколькі Джэймс Бонд пры ім – малы.
Марцін Рэмбач кажа, што партал даступны на шасці мовах:
-Гэта ўніверсальная англійская мова. Таксама нямецкая і французская, паколькі ўдзел французаў у Варшаўскай бітве з’яўляецца гістарычным фактам. Але мы пачынаем з вайны за незалежнасць Украіны ў 20-м годзе, таму таксама ўкраінская мова. Руская мова з’яўляецца цалкам натуральнай. Аповед грунтуецца на канкрэтных, цвёрдых дадзеных, без іх інтэрпрэтацыі. Таму мы перакананыя, што аповед на рускай мове з’яўляецца надзвычай важным.
Неўзабаве павінна паявіцца вугорская версія парталу.
Партал падрыхтаваны з думкай пра чытачоў у краіне і за мяжой, таму карыстальнік атрымае веды не толькі пра самую бітву, але і пра генезіс падзей 1920 году ў кантэксце Першай сусветнай вайны, Кастрычніцкай рэвалюцыі і Польска-бальшавіцкай вайны. У іншых раздзелах можна даведацца пра самыя важныя постаці і матывы абодвух бакоў канфлікту. На партале хапае таксама культурніцкага кантэксту і невядомых цікавінак пра Варшаўскую бітву.
ав