Беларуская Служба

Яшчэ гэтым летам палякі змогуць скарыстацца турыстычным ваўчарам

21.07.2020 13:33
Ваўчар у памеры 500 злотых зможа атрымаць кожнае дзіця да 18 года жыцця, незалежна ад матэрыяльнага статусу яго бацькоў.
Аўдыё
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock/alexmak7

Пад канец ліпеня або на пачатку жніўня палякі змогуць ужо карыстацца турыстычным ваўчарам. На мінулым тыдні польскі парламент прыняў адпаведны законапраект, а ў пятніцу падпісаў яго прэзідэнт Анджэй Дуда.

Турыстычным ваўчарам змогуць скарыстацца сем’і з дзецьмі. Ваўчар у памеры 500 злотых (130 долараў ЗША) зможа атрымаць кожнае дзіця да 18 года жыцця, незалежна ад матэрыяльнага статусу яго бацькоў. У сваю чаргу на дзяцей-інвалідаў бацькі атрымаюць ваўчар у памеры 1000 злотых.

Галоўная мэта турыстычнага ваўчара – падтрымка польскіх сем’яў з дзецьмі і галіны турызму ў краіне, – казаў пасля падпісання закону прэзідэнтам віцэ-старшыня Канцылярыі прэзідэнта міністр Павел Муха.

- Дапамога ў памеры 500 злотых на кожнае польскае дзіця – гэта агулам дае каля 6 млн. дзяцей, якія атрымаюць ваўчар. У сваю чаргу дзеці з інваліднасцю атрымаюць дадатковы ваўчар у памеры 500 злотых. Каб атрымаць ваўчар, неабходна звярнуцца праз інтэрнэт ва Ўпраўленне дзяржаўнага страхавання па спецыяльны код. Паводле нашых падлікаў, каля 85% прызначаных на ваўчары сродкаў атрымаюць мікра- і малыя прадпрыемствы, а таксама сярэднія прадпрыемствы. Гэта каля 3,5 млрд. злотых, якія пойдуць на дапамогу польскай галіне турызму.

Ваўчар можна будзе выкарыстаць выключна на аплату турыстычных паслуг на тэрыторыі польскай дзяржавы – за адпачынак у гатэлях, пансіянатах, аграсядзібах, за летнія лагеры для дзяцей. У адрозненні ад праграмы дапамогі сем’ям з дзецьмі Сям’я 500+, бацькі не атрымаюць сродкаў у выглядзе наяўных грошай на банкаўскі рахунак. Гэта будзе электронны ваўчар, які можна будзе атрымаць, зарэгістраваўшыся на электроннай платформе Ўпраўлення дзяржаўнага страхавання. Скарыстацца ваўчарам можна будзе толькі ў той турыстычнай фірме, якая зарэгіструецца ў адмысловай сістэме Польскай турыстычнай арганізацыі.

Каб атрымаць ваўчар, не трэба будзе звяртацца асабіста ў дзяржаўныя структуры, можна будзе самому зарэгістравацца ў інтэрнэце і атрымаць доступ да ваўчара, – адзначае міністр развіцця Ядвіга Эмілевіч.

- Жыхары самастойна змогуць скарыстацца ваўчарам, калі зарэгіструюцца на партале Ўпраўлення дзяржаўнага страхавання. Яны атрымаюць такі віртуальны гаманец, пры дапамозе якога змогуць аплаціць прабыванне ў гатэлі або іншым тураб’екце, напрыклад, начлег.

Дзеля таго, каб скарыстацца вакацыйным ваўчарам, неабходна зарэгістравацца на электроннай платформе Ўпраўлення дзяржаўнага страхавання (ZUS). Пра гэта нагадала ў эфіры Польскага радыё старшыня ZUS Гэртруда Усціньска. Ваўчар неабходна будзе актываваць за некалькі дзён да выезду на адпачынак.

- Трэба будзе таксама паведаміць свае актуальныя кантактныя дадзеныя: адрас, электронную пошту і нумар сотавага тэлефона. Калі нехта хадайнічае за дадатковы ваўчар на дзіця з абмежаванымі магчымасцямі, ён павінен напісаць адмысловую заяву на гэтым сайце.

Прадстаўнікі турыстычнай галіны Польшчы задаволеныя, што ваўчар быў уведзены адносна хутка, паколькі турфірмы найбольш пацярпелі ад жорсткіх мераў ізаляцыі, звязаных з эпідэміяй каранавіруснай інфекцыі. Пазітыўна ацэньвае ідэю вакацыйнага ваўчара намеснік мэра гораду Свінавуйсце на ўзбярэжжы Балтыйскага мора Павел Суйка. Яго меркаваннем, вельмі важна, што грошы можна будзе выдаткаваць выключна ў межах польскай дзяржавы.

- Без сумнення, бацькам будзе прасцей прыняць рашэнне пра адпраўку дзяцей, напрыклад, у дзіцячы спартыўны лагер. Палякі – вельмі кемлівы народ, і можа так здарыцца, што розныя турфірмы пачнуць канкураваць паміж сабою за кліентаў з турыстычным ваўчарам, прапануючы ім дадатковыя зніжкі або паслугі, скажам, забаву ў гарах зімой, дадатковы рэйс паруснікам або на байдарцы па моры.

Гэтыя сродкі вельмі патрэбныя польскім турфірмам, паколькі яны выключна моцна пацярпелі ад пандэміі, – гаворыць Марэк Каменьскі з Асацыяцыі терагентаў.

- Турызм – гэта тая галіна польскай эканомікі, якая дае бюджэту немалы даход – 7% ВУП. А гэтая сфера эканомікі пацярпела, бадай, найбольш з усіх астатніх. Летні сезон мы пачалі толькі цяпер, а павінны яго пачаць у красавіку-маі.

Бацькі самі вырашаюць, на што выдаткаваць ваўчар – на летні або зімовы адпачынак усёй сям’ёй, ці на дзіцячы лагер для дачкі або сына. На выкарыстанне сродкаў ёсць даволі шмат часу, пра што нагадаў віцэ-старшыня Канцылярыі прэзідэнта міністр Павел Муха.

- Бацькі самі вырашаць, ці прызначыць гэтыя сродкі на адпачынак на цудоўным польскім моры або ў гарах яшчэ ў гэтыя вакацыі, ці пачакаць і спакойна вырашыць, на што прызначыць ваўчар, можа ўзімку або наступным летам. Перспектыва выкарыстання ваўчара даволі доўгая.

Турыстычны ваўчар – 500 злотых на кожнае дзіця да 18 года жыцця – неабходна выкарыстаць да канца сакавіка 2022 года.

нг