Колькі зуброў жыве па польскім боку Белавескай пушчы? З першага пункту гледжання вельмі простае пытанне, але сёння навукоўцы не могуць назваць дакладнай лічбы. Чаму ахоўваемы законам кароль пушчы, самы буйны млекакормячы ў Еўропе не дазваляе сябе палічыць? Дырэктар Інстытуту біялогіі млекакормячых ПАН, кандыдат навук Рафал Кавальчык паспрабуе адказаць на гэтае пытанне.
У гэтую пару на свет прыходзіць чарговае пакаленне зуброў. Адна самка зубра прыводзіць адно малое. Дастаткова дабавіць колькасць маладых да тых, што ўжо былі, і праблема вырашаная.
-Былі гады, калі так рабілі. Адымаліся зубры, якія былі знойдзеныя мёртвымі, адлоўленых, ці адстрэленых, але гэта “крэатыўная бугалтэрыя”, паколькі папуляцыя дзікай жывёлы не з’яўляецца зачыненай. Па-першае, у асяроддзі Белавескай пушчы не ўдаецца знайсці ўсіх памерлых зуброў, частка з іх таксама мігруе. Праблемай з’яўляецца таксама тое, што калісці зімой яны знаходзіліся ў месцах зімовай прыкормкі. Цяпер з увагі на пагрозу захворвання, паразітаў мы рэкамендавалі, каб зуброў кармілі менш, каб яны былі больш раскіданыя, а ў выніку былі пад меншай пагрозай распаўсюду хваробаў.
Зімы цяпер больш лагодныя, таму і зубры да кармушак прыходзяць радзей?
-Да кармушак яны прыходзяць нашмат менш, разбіваюцца на меншыя статкі. Ёсць статкі, якія ўсю зіму праводзяць каля аднаго месца прыкормкі. Але ёсць усё больш зуброў, якія зімой выходзяць на адкрытую тэрыторыю, на лугі, дзе ёсць шмат натуральнага корму ў выглядзе сухой травы. Гэтыя зубры перамяшчаюцца на вялікай тэрыторыі і ў выніку іх цяжка палічыць. У выпадку белавескага статку, дзе паводле апошніх падлікаў каля 770 асобнікаў, падлік зуброў – гэта велізарны высілак. Калі іх не палічыць у гэтым месцы за адзін дзень, то яны пяройдуць у іншае месца.
Пры гэтым колькасць з’яўляецца не самай галоўнай. Важна ведаць, у якім яны стане. Белавескі статак у Польшчы з’яўляецца самым буйным.
-Белавескі статак з’яўляецца самым вялікім, наступным па велічыні з’яўляецца статак у Бяшчадах – каля 600 зуброў, статак заходнепаморскі каля 250. Кнышыньскі статак налічвае каля 180 асобнікаў. У Барэцкай пушчы жыве каля 110 зуброў. І Аўгустоўская пушча - 8-10 зуброў. У некаторых статках гэтых зуброў не столькі шмат і іх лягчэй палічыць. Усё залежыць ад асяроддзя.
Ці можна сказаць, што ў Польшчы ёсць каля 2 тысяч зуброў?
-Паводле апошніх падлікаў дакладна 2048 зуброў на свабодзе, бо яшчэ каля 200 штук знаходзяцца ў рознага відах гадоўлях. Калі казаць пра дзікіх зуброў, то ў Польшчы жыве кожны трэці ўсіх зуброў у свеце. Ва ўсім свеце на свабодзе жыве каля 6200 зуброў. З іх каля 2000 жыве ў Польшчы. Польшча пасля Беларусі з’яўляецца другой па колькасці гэтай жывёлы.
Але яшчэ 100 гадоў таму не было прычын для аптымізму. Апошні зубр на свабодзе быў забіты ў 1919 году, калі нараджалася незалежная Польшча. Для ратавання гатунку ў 1923 годзе, як напісана ў многіх гістарычных крыніцах, па ініцыятыве прафесара Яна Штольцмана было заснаванае Міжнароднае таварыства аховы зубра. Першым крокам было вызначэнне колькасці зуброў, якія жылі ў няволі. Іх было налічана 54 у цэлым свеце. Аднак, не ўсе былі прыдатныя для развядзення, канчаткова былі выбраныя 12 асобнікаў. Два першыя зубры на свабодзе аказаліся восенню 1929 году менавіта ў Белавескай пушчы. Як раз перад вайной у 1939 іх было 16 штук. Жывёле ўдалося перачакаць Другую сусветную вайну.
У наступнай перадачы, праз тыдзень, мы адкажам на пытанне, чаму менавіта Польшчы ўдалося вярнуць у прыроду зубра?
-Група прыродазнаўцаў на чале з прафесара Шафэрам на пачатку 1919 году сцвердзіла, што зуброў ужо няма. Перад Першай сусветнай вайной іх тут жыло амаль 700. Яны гінулі падчас нямецкай акупацыі, таксама зуброў забівалі мясцовыя жыхары, каб нешта есці. Пасля ў 1929 годзе прывезлі першых зуброў у Белавескую пушчу і распачалося іх вырошчванне ў запаведніку. На свабоду зуброў выпусцілі толькі ў 1952 годзе. Чаму мы? Польшча побач з Расіяй, дзе зубры жылі да 1926 году, была адзінай краінай, дзе жылі дзікія зубры. Папуляцыя зуброў, якія жылі ў Белавескай пушчы, захапляла людзей. Зубр быў апошнім прадстаўніком гэтак званай легендарнай мегафаўны, то бок мамантаў, шарсцістых насарогаў, гіганцкіх аленяў. Яны вымерлі, а зубр, насуперак усяму, выжыў. І выжыў у Польшчы. Краіна пасля часу падзелаў была дастаткова знішчаная, аднак, знайшліся людзі, установы, якія фінансавалі аднаўленне гэтага ўнікальнага гатунку. У сусветным маштабе гэта было нешта незвычайнае: бедная краіна ў часе, калі ахова прыроды ў Еўропе толькі нараджалася, аднаўляе дзікі гатунак. Гэты гатунак быў нашай нацыянальнай спадчынай. Было вядома, што месцам аднаўлення будзе Белавеская пушча, бо гэта там яны змаглі выжыць. Там хутка стварылі запаведнікі і пачалася міжнародная праграма аднаўлення гатунку. Зубры прыбывалі з розных краін.
Яны паходзілі ад прыватных уладальнікаў. Паколькі ў XVI-XVII стагоддзях зубр быў унікальным, вельмі дарагім падарункам. Польскія каралі, рускія цары адлаўлівалі іх у Белавескай пушчы і давалі ў якасці падарунку. Дзякуючы гэтаму зубры трапілі ў розныя краіны Еўропы, у прыватныя рукі, пасля ў заапаркі.
У дадзены момант зубры на свабодзе жывуць у 45 месцах. У Белавескай пушчы 750 асобнікаў на польскім баку і больш за 600 на беларускім. Працэс аднаўлення гатунку стала працягваецца, напрыклад, нядаўна паявіўся статак у Румыніі. Але зубр надалей ўнікальны і застаецца пад пагрозай.
У 2016 годзе паявіліся вынікі выкапнёвага ДНК зуброў, з якіх вынікае, што зубр – гэта скрыжаваныя першабытны зубр і тур. Іх скрыжаванне адбылося ажно 120 тысяч гадоў таму. Вакол якіх праблемаў, прысвечаных зубрам, адбываюцца дасьледаванні цяпер?
-Апошнімі гадамі гэтыя палеалагічныя даследаванні, якія аднаўляюць гісторыю гатунку, які ідзе ў нашым Інстытуце біялогіі млекакормячых, гэта “Таямніца зуброў, схаваная ў касцях”. Яны захаваліся ў некаторых музейных калекцыях. Мы іх даследуем. Ізатопы вугалю ці азоту гавораць нам аб тым, якія расліны зубры з’ядалі. Ці яны жылі на больш адкрытай тэрыторыі, а можа зачыненай. Мы можам даследаваць сляды сцёртых зубоў. Гэта гэтак званае выкапневае ДНК. Але апошнімі гадамі ўсё часцей вядуцца даследаванні на тэму харчавання зуброў, на тэму іх уплыву на навакольнае асяроддзе, выкарыстоўванні імі прасторы, вандроўкі зуброў. Ёсць шмат даследаванняў пра здароўе зуброў, напрыклад, паразіты, хваробы. Гэтыя даследаванні адбываюцца таксама абапіраючыся на белавескі статак, які гадамі быў найлепш даследаваны. Кірункі даследаванняў вельмі розныя.
Зубр з’ядае велізарную колькасць раслін. Няпраўдай з’яўляецца, што іх любімым гатункам з’яўляецца трава-зуброўка, паколькі яна дастаткова рэдка паяўляецца ў прыродзе. У Белавескай пушчы любімым дэлікатэсам зуброў з’яўляецца куст маліны. Яны з’ядаюць лісты грабу, крапіву, куклікі.
Мы ўзгадвалі пра прысутнасць зубра ў прыродзе, пра яго значэнне. Якую ролю ў прыродзе выконвае траваедны зубр.
-Шчыра кажучы, я не люблю пытання пра ролю канкрэтнай жывёлы. Вельмі часта мы не ўсведамляем, якую ролю адыгрывае дадзены гатунак у прыродзе, а калі не адыгрывае, то і так мае права існаваць у дзікай прыродзе. У выпадку зубра вядома, што ён пераносіць насенне раслін. Амаль палова раслін, якую зубры з’ядаюць, не прыстасаваныя да таго, каб іх расліны пераносіліся ветрам ці вадой. Тое, што зубр іх з’есць, гэта адзіны шанец на тое, што насенне будзе перанесена на вялікія адлегласці. Зубры за дзень могуць прайці нават дзясяткі кіламетраў. Агулам зубр з’ядае каля 400 гатункаў раслін.
Даследаванні таксама паказалі, што зубры ў стане затрымліваць разрастанне лесу на палянах, у далінах рэк. У многіх месцах Еўропы для захавання адкрытых тэрыторый выкарыстоўваецца быдла і коні. А гэтая адкрытасць вельмі важная з пункту гледжання аховы многіх гатункаў раслін, матылькоў, насякомых.
Зубры таксама пасля смерці выконваюць немалую ролю ў біяразнастайнасці. Калі зубр памрэ ў натуральным асяроддзі, то яго з’ядае каля 40 гатункаў млекакормячых і птушак – ад малой сініцы да ваўка, а ў гарах мядзведзя. Таксама ёсць цэлы шэраг насякомых, які спецыялізуюцца ў з’яданні такой вялікай тушы.
Нават адпачываючы зубры робяць добрую справу. Пасля адпачынку зубра на зямлі застаецца пляма голай зямлі дыяметрам 2-3 метры. Гэта месца, дзе аднаўляюцца розныя гатункі дрэваў і раслін.
Гісторыя зуброў паказала, як лёгка прывесці да знікнення гатунку жывёлы і як шмат трэба зрабіць, каб ён зноў паявіўся ў навакольным асяроддзі. Ці цяпер можна сказаць, што зубру нічога не пагражае?
-У Польшчы, можна сказаць, што гэта бяспечны гатунак, што не азначае адсутнасць праблем з яго аховаю. Але ў выпадку свету мы так сказаць не можам. Добрым прыкладам з’яўляюцца 90-ыя гады ва Украіне было каля 600 зуброў. У выніку некантраляваных паляванняў браканьераў іх колькасць зменшылася да 200. У Расіі таксама ўзлёты і падзенні, калі казаць пра папуляцыю зуброў. Таму ахова ў многіх краінах не з’яўляецца дастатковай. Ёсць шмат пагрозаў. Гэта хваробы, паразіты. Вядома, што ў польскіх Бешчадах паявіўся туберкулёс буйной рагатай жывёлы. Прыйшлося застрэліць увесь статак, каб не дапусціць распаўсюду хваробы.
Дырэктар Інстытуту біялогіі млекакормячых ПАН Рафал Кавальчык кажа, што вывучэнне зуброў стала працягваецца. Атрыманыя веды выкарыстоўваюцца для аховы жывёлы.
Дарота Трушчак/ав