Беларуская Служба

У Польшчы ідзе абмеркаванне праблемы захавання традыцыйных каштоўнасцяў

28.07.2020 18:00
Ёсць прапанова выхаду са Стамбульскай канвенцыі, а замест яе прыняцце дакументу, які абараняе правы сям’і.
Аўдыё
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: bboellinger /pixabay.com/CC0 Public Domain

У Польшчы ідзе абмеркаванне праблемы захавання традыцыйных каштоўнасцяў. Прыхільнікі кансерватыўных поглядаў на сям’ю прапануюць выйсці са Стамбульскай канвенцыі, а замест яе прыняць дакумент, які абараняе правы сям’і.

Польскія арганізацыі, якія дзейнічаюць у абарону кансерватыўных каштоўнасцяў – Хрысціянскі сацыяльны кангрэс ды Інстытут у карысць прававой культуры Ordo Iuris – выступілі з заканадаўчай ініцыятывай «Так для сям’і, не для гендару». Арганізацыі настойваюць на выхадзе з гэтак званай Стамбульскай канвенцыі (Канвенцыі рады Еўропы аб прадухіленні гвалту ў адносінах жанчын і барацьбе з ім, а таксама барацьбе з хатнім гвалтам). Прадстаўнікі гэтых устаноў прапануюць дэнансаваць дадзены дакумент, а замест яго прыняць Міжнародную канвенцыю правоў сям’і. Ініцыятары заканадаўчых зменаў заняліся зборам подпісаў, каб унесці адпаведны законапраект у парламент.

Былы старшыня Сейму (ніжэйшай палаты парламенту) ды ініцыятар Міжнароднай канвенцыі правоў сям’і Марэк Юрэк (Marek Jurek) адзначае, што адрасатамі новага дакументу павінны стаць перш за ўсё дзяржавы Цэнтральнай Еўропы, якія не ратыфікавалі Стамбульскай канвенцыі.

- Міжнародная канвенцыя правоў сям’і – гэта выдатная магчымасць адкрыць шлях да супрацоўніцтва тых дзяржаваў-членаў Еўрапейскага Саюзу, якія на першым месцы ставяць прынцып непарушнасці правоў сям’і. Неабходна нагадаць, што ў Еўропе мы суіснуём адзін каля аднаго, неабходна пра дадзеныя пытанні размаўляць. Неабходна асабліва нагадваць іншым, што ніхто звонку не можа прымушаць нас змяніць наша заканадаўства, якое датычыць аховы жыцця, выхавання дзяцей і сям’і.

Меркаваннем Караліны Паўлоўскай (Karolina Pawłowska), дырэктара Інстытуту ў карысць прававой культуры Ordo Iuris, Стамбульская канвенцыя з’яўляецца дакументам, у адносінах якога існуе шэраг юрыдычных сумненняў.

- У Стамбульскай канвенцыі быццам бы гаворка ідзе пра змаганне з сур’ёзнымі праблемамі, але на самой справе яе аўтары імкнуцца да таго, каб прымусіць усе дзяржавы прыняць гендарную ідэалогію. У нашым праекце мы не толькі гаворым аб тым, што неабходна ануляваць Стамбульскае пагадненне, але мы хочам таксама выступіць з пазітыўнай прапановай – якім чынам змагацца з праблемамі, якія закранаюць сям’ю.

Прадстаўнікі кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» ды іншых правых сілаў ужо нейкі час таму заяўлялі пра неабходнасць выхаду з дадзенага дагавора. Некалькі дзён таму міністр юстыцыі і генеральны пракурор Збігнеў Зёбра афіцыйна заявіў пра дэнансаванне канвенцыі. Ён назваў хлуснёй і агіднай прапагандай абвінавачанні ў тым, што, дэнансуючы дагавор, Польшча дазволіць гвалт у адносінах жанчын і хатні гвалт. Зёбра заявіў, што ў польскім заканадаўстве ёсць элементы, якія маглі б быць узорам для іншых дзяржаваў у галіне барацьбы з хатнім гвалтам. Меркаваннем кіраўніка Міністэрства юстыцыі, у канвенцыі ёсць змест ідэалагічнага характару, які з’яўляецца шкодным.

- Ёсць выснова, што біялогія не вызначае, ці нехта з’яўляецца жанчынай ці мужчынам. Гэта быццам бы выбар чалавека ў культурна-сацыяльнай плоскасці. І кожны чалавек можа зрабіць свой выбар. З гэтай ідэалагічнай прадпасылкай звязана таксама рэкамендацыя мяняць адукацыю дзяцей у школах, а таксама ў праграмах пазашкольнай адукацыі. Калі мы згаджаемся з прадпасылкамі канвенцыі, то і польская моладзь павінна прыняць гэтыя, на нашую думку, па сваёй прыродзе фальшывыя, тэзісы.

Супраць дэнансацыі канвенцыі выступаюць палітыкі апазіцыйных партый, у тым ліку Саюзу левых дэмакратычных сілаў. На думку Уладзімежа Чажастага (Włodzimierz Czarzasty) з дадзенай групоўкі, дагавор павінен застацца ў сіле, таксама, як іншыя канвенцыі, падпісаныя польскай дзяржавай. Па словах Чажастага, існаванне ўнутраных прававых нормаў не з’яўляецца аргументам, каб адмаўляцца ад міжнародных нормаў. Ён прывёў прыклад Канкардату (дамоўленасці паміж Польшчай і Ватыканам) ды Еўрапейскай канвенцыі правоў чалавека.

- Я магу прывесці прыклад Канвенцыі правоў чалавека, якую падпісалі ўсе дзяржавы Еўрапейскага Саюзу. Яна дае права на справядлівы судовы працэс, права на прыватнае жыццё, на заснаванне сям’і, свабоду сумлення і веравызнання, свабоду сходаў. Гарантыя ўсіх гэтых правоў ёсць таксама ў польскіх законах. Ці ў такім выпадку мы павінны дэнансаваць Еўрапейскую канвенцыю правоў чалавека?

Дэпутат Саюзу левых дэмакратычных сілаў звярнуў увагу на тое, што кожны дзень польская паліцыя фіксуе прыкладна 250 выпадкаў хатняга гвалту. Прадстаўнікі левых сілаў заклікалі прэзідэнта Анджэя Дуду падпісаць пагадненне ў імя захавання Стамбульскай канвенцыі. У сваю чаргу прыхільнікі кансерватыўных каштоўнасцяў завяраюць, што ўсе прававыя нормы, якія ахоўваюць ахвяр хатняга насілля, застануцца ў сіле, у тым ліку тыя, якія былі ўведзеныя Стамбульскай канвенцыяй.

Трэба сказаць, што Стамбульская канвенцыя з самага пачатку выклікала шмат рознагалоссяў. Прадстаўнікі права-кансерватыўных груповак аргументуюць, што яна пярэчыць польскай канстытуцыі і нясе пагрозу традыцыйнай польскай сям’і.

нг