Кожны, хто хоць раз паедзе ў горы Бяшчады, абавязкова павінен наведаць культавы бар «Секеразада»(Siekierezada) у вёсцы Цісна (Cisna). Цісна – гэта невялікая вёска ў Падкарпацкім ваяводстве, то бок на паўднёвым усходзе Польшчы.
Бар «Секеразада» ў Бяшчадах. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Назва «Секеразада» невыпадковая, яна звязана з вядомым у Польшчы аднайменным фільмам з 1986 года, знятым паводле рамана «Секеразада альбо зіма лясных людзей» («Siekierezada albo Zima leśnych ludzi»), аўтарства знакамітага польскага пісьменніка Эдварда Стахуры (Edwadr Stachura).
У сваёй творчасці Стахура неаднойчы навязваў да Бяшчадаў. Таму менавіта тут ладзяць шматлікія фестывалі ці паэтычныя вечары, прысвечаныя пісьменніку.
Бар «Секеразада» ў Бяшчадах. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Тым часам, паводле меркавання часткі культуразнаўцаў і літаратуразнаўцаў, сувязі Эдварда Стахуры з горамі Бяшчады – толькі і выключна легенда. На іх думку, Бяшчады выдатна ўпісваліся ў біяграфію паэта – аўтсайдара, а кінафільм толькі ўмацаваў яго бяшчадскі міф. Яны пераконваюць, што акрамя жонкі Зыты Оршын, якая паходзіла з адной з мясцовых вёсак Загужа (Zagórze), у пісьменніка не было асаблівых сувязяў з Бяшчадамі, а паводле ягоных дзённікаў, ён сам пабываў у Бяшчадах толькі адзін раз.
Нягледзячы на гэта, бяшчадскага легенда Эдварда Стахуры пачала жыць уласным жыццём.
Бар «Секеразада» ў Бяшчадах. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Ёсць некалькі прычын, па якіх варта наведаць «Секеразаду». Па-першае, тут можна добра паесці, выпіць у добрай кампаніі, паслухаць цікавыя бяшчадскія гісторыі і пры нагодзе паглядзець інтэрʼер бару, які выглядае, як самага высокага ўзроўню галерэя.
Бар «Секеразада» ў Бяшчадах. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Бар на пачатку 1990-х гадоў заснаваў мясцовы жыхар Рафал Дамінік. Першапачаткова ён быў месцам сустрэчы «лясных людзей», то бок лесарубаў і вугальшчыкаў, якія выпальваюць драўляны вугаль. Таму і сімвалам згаданага месца стала сякера. Аднак, гэты сімвал хутка перамог іншы – бяшчадскіх д’яблаў. Цяпер гэта менавіта скульптуры бяшчадскіх д’яблаў – найбольш характэрны элемент дэкору.
Бар «Секеразада» ў Бяшчадах. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Дарэчы, гэта не здзіўляе, паколькі паводле адной з легендаў, назва Бяшчады (Bieszczady) паходзіць ад спалучэння слоў «Bies», то бок д’ябал і «Czady».
Бар «Секеразада» ў Бяшчадах. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Паводле згаданай гісторыі, у даўнія часы страшны дʼябал (Bies), які выйграў тамтэйшыя землі падчас гульні ў карты з анёламі, страшэнна пераследаваў мясцовых жыхароў. Ён не любіў людзей, таму пастаянна ўскладняў ім жыццё. Д’ябал стварыў сабе памочнікаў, якіх назваў Чады. Чады пачаткова паслухмяна выконвалі волю свайго стваральніка і сумленна здзекаваліся над людзьмі. Аднак праз некаторы час яны зразумелі, што гэта супраць іх натуры і збунтаваліся. З таго часу Чады пачалі ваяваць з Д’яблам, у чым ім дапамагалі мясцовыя жыхары. У памяць аб гэтым змаганні ўвесь рэгіён атрымаў назву Бяшчады (BiesCzady).
Бар «Секеразада» ў Бяшчадах. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Выявы д’яблаў займаюць амаль кожны свабодны куток і сценку бару «Секеразада». Гэта ў асноўным працы мясцовых мастакоў, якіх у ваколіцы жыве і працуе даволі шмат. Галовы, бюсты і фігуры д’яблаў глядзяць на гасцей з усіх бакоў.
Аднак бар стаў вядомым таксама дзякуючы групе заўсёднікаў – незвычайных і маляўнічых персанажаў, «свабодных духаў» Бяшчадаў.
Бар «Секеразада» ў Бяшчадах. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Некалькі гадоў таму будынак быў пашыраны і павялічыўся амаль удвая, у тым ліку на прасторную залу з антрэсолям, дзе праводзяцца канцэрты. Тут на сценках можна пабачыць партрэты барадатых жыхароў Бяшчадаў.
Дарэчы, заснавальнік бару прыйшоў да высновы, што багатае жыццё гэтага месца, звязаныя з ім анекдоты і гісторыі жыцця наведвальнікаў настолькі цікавыя, што варта іх запісаць. Такім чынам свет убачылі некалькі кніжак з аповедамі мясцовых жыхароў і кліентаў бару.
Бар «Секеразада» ў Бяшчадах. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Па сённяшні дзень у «Секеразаду» турыстаў прыцягвае як асаблівы клімат, выключны дызайн інтэрʼеру, вельмі смачная ежа, так і бяшчадскія аповеды, якіх пры нагодзе тут можна паслухаць.
Бар «Секеразада» – гэта таксама культурніцкі цэнтр Бяшчадаў. Тут часта адбываюцца канцэрты, паэтычныя вечарыны, выставы мастакоў і сустрэчы з аўтарамі. У сваю чаргу ў гаражы, які знаходзіцца побач, можна паглядзець калекцыю аўтамабіляў, сабраных уладальнікам.
Бар «Секеразада» ў Бяшчадах. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Думаю, што, прабываючы ў Бяшчадах, варта запланаваць адзін вечар у «Секеразадзе», хаця б дзеля таго, каб самому пераканацца, ці згаданае месца заслугоўвае тытулу бяшчадскай легенды.
Анна Задрожна