Беларуская Служба

22 жніўня 1864 года лічыцца днём заснавання арганізацыі «Чырвонага крыжа»

22.08.2020 10:07
Ідэя стварэння арганізацыі належыць швейцарскаму бізнесоўцу Жан Анры Дзюнану.
  -
"Камітэт пяцёх" - заснавальнікі "Чырвонага крыжа"Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=360823

Ідэя стварэння арганізацыі належыць швейцарскаму бізнесоўцу Жан Анры Дзюнану, які нечакана стаўся сведкай крывавай бітвы каля невялічкага італьянскага гораду Сальферына ў 1859 годзе паміж аўстрыйскім і франка-сардынскім войскамі. На полю бою засталося каля 40 тысячаў забітых і параненых салдат, якім ніхто не аказваў ніякай дапамогі. Гэта шакавала Дзюнана. Некалькі дзён ён сам аказваў неабходную дапамогу параненым вайскоўцам. Пасля вяртання ў Жэневу Дзюнан напісаў і за ўласныя грошы апублікаваў кнігу «Успаміны з Сальферына», дзе абгрунтоўваў неабходнасць стварэнне нейтральнай арганізацыі, якая аказвала б дапамогу параненым у часе воен.

У 1863 годзе Дзюнан сфарміраваў спецыяльны «Камітэт пяцёх», які дапамагаў яму далей распрацоўваць і ажыццяўляць гэтую ідэю. У хуткім часе гэты камітэт быў перайменаваны ў «Міжнародны камітэт дапамогі параненым».

У жніўні 1864 году па ініцыятыве Дзюнана «Камітэт пяцёх» склікаў у Жэневу прадстаўнікоў еўрапейскіх дзяржаваў на канферэнцыю, прысвечаную гэтай тэме. У ёй прынялі ўдзел дэлегацыі 16 краінаў.
22 жніўня прадстаўнікі 12 дзяржаваў падпісалі першую Жэнеўскую канвенцыю дзеля «Паляпшэння ўмоваў для параненых у войсках у палявых умовах». Быў таксама прыняты сімвал Чырвоны крыж, які з’яўляецца адлюстраванне нацыянальнага сцягу Швейцарыі.
У 1876 годзе Камітэт, які быў заснаваны Анры Дзюнанам прыняў новую назву «Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа», якая засталася і па сённяшні дзень.

Сёння ў «Чырвоным Крыжы» працуе каля каля 97 мільёнаў чалавек. Штабкватэра арганізацыі знаходзіцца ў Жэневе, а яе знешнія офісы працуюць у 80 краінах свету.

Праца «Чырвонага Крыжа» базуецца на сямі галоўных прынцыпах:
- гуманізм,
- непрадузятасць,
- нейтральнасць,
- незалежнасць,
- дабравольная служба,
- адзінства,
- універсальнасць

Асноўнай мэтай арганізацыі з’яўляецца: ахоўваць жыццё і годнасць ахвяраў міжнародных і ўнутраных узброеных канфліктаў.

Міжнародны «Чырвоны крыж» мае права прысутнічаць паўсюль там, дзе адбываюцца канфлікты, а канфліктуючыя бакі, павінны паважаць і бараніць прадстаўнікоў «Чырвонага крыжа».
Арганізацыя таксама мае права: весці маніторынг і сачыць за тым, як адбываецца канфлікт, арганізоўваць дагляд і дапамогу тым, хто быў паранены, назіраць за тым, у якіх умовах трымаюцца ваеннапалонныя, дапамагаць у пошуках  зніклых без вестак, арганізоўваць ахову і дапамогу грамадзянскаму насельніцтву, праводзіць перамовы паміж канфліктуючымі бакамі.


Павал Усаў

Больш на гэтую тэму: Лісток каляндара