Беларуская Служба

У Польшчы могуць быць прынятыя змены ў Закон аб ахове жывёлы

11.09.2020 13:33
Галоўныя пункты: забарона вырошчвання жывёлы на футра і выкарыстоўванне яе для забаўляльных мэтаў.
Аўдыё
  • У Польшчы могуць быць прынятыя змены ў Закон аб ахове жывёлы
Сабака на ланцугуkropekk_pl/pixabay.com/CC0

На гэтым тыдні стала вядома, што ў Польшчы могуць быць прынятыя змены ў Закон аб ахове жывёлы, прычым дастаткова радыкальныя. Галоўныя пункты: забарона вырошчвання жывёлы на футра і выкарыстоўванне яе для забаўляльных мэтаў, абмежаванне забою без аглушэння для патрэбаў лакальных рэлігійных груп, павелічэнне кампетэнцыі няўрадавых арганізацый, больш часты кантроль у прытулках, канец з трыманнем сабак на кароткіх ланцугах.

Паводле аўтараў, мэта законапраекту – лепшая абарона жывёлы і выраўніванне стандартаў польскага права ў параўнанні з законамі заходніх краін.

Старшыня «Права і справядлівасці» Яраслаў Качыньскі падтрымаў законапраект Закону аб ахове жывёлы. Лідар партыі падкрэсліў, што прапанаваныя змены павінны запэўніць лепшую абарону жывёлы і выраўняць стандарты закону да ўзроўня іншых заходніх краін. Яраслаў Качыньскі разлічвае на падтрымку ўсіх палітычных партый:

-Гэта знак змены ў лепшы бок. У гэтым выпадку мы разлічваем на падтрымку, нягледзячы на партыйную прыналежнасць. Паколькі гэта не палітычнае пытанне, а пытанне гуманнасці. Гэта ўсё пытанне дабрыні чалавека, чалавечай сумленнасці, у шырокім разуменні гэтага слова, каб чалавек быў добрым.

Законапраект падрыхтаваны маладым крылом партыі – Форумам маладых «Права і справядлівасці». Віцэ-старшыня Форуму Міхал Шпандроўскі адзначыў, што законапраект таксама прадугледжвае забарону дрэсіроўкі жывёлы:

-Ідучы ў цырк, мы не маем свядомасці, як адбываецца дрэсіроўка жывёлы, пра ўмовы, у якіх яны жывуць. Напрыклад, утрыманне слана не належыць да лёгкіх. Варта дадаць, што слон знаходзіцца пад аховай. У Польшчы працуе 17 цыркаў, якія ў сваіх паказах выкарыстоўваюць жывёлу. Мы б хацелі, каб гэтых паказаў не было. Думаю, цыркі не шмат страцяць, а ў нас будзе чыстае сумленне.

Дэпутат «Права і справядлівасці» і чалец Парламенцкай групы «Сябраў жывёлы» Кшыштаф Чабаньскі адзначыў, што пушная прамысловасць з’яўляецца паталагічнай галіной. Ён падкрэсліў, што калі можна купіць штучнае футра, то няма сэнсу здзеквацца над жывёлай.

Паводле Кшыштафа Чабаньскага, нават калі на фермах будуць выконваць усе нормы і правілы, то гэта не запэўніць жывёле дабрабыту, паколькі ёй трэба шмат месца:

-Няма ніякай неабходнасці, каб у сучасным свеце здзеквацца над жывёлай, каб у выніку іх пакут атрымаць футра. Ёсць штучнае футра і не трэба мучаць жывёлу.

Ліквідацыя пушных фермаў – гэта адна з асноўных прычын крытыкі ў адрас прапанаваных змен. Незадавальненне гучыць і з боку фермераў, якія, між іншым, займаюцца рытуальным забоем.

Міхал Москаль з Форуму маладых, адказваючы на пытанне, ці забарона вырошчвання пушной жывёлы азначала б страту для польскай гаспадаркі, сказаў, што гэта цынічны падыход, які не бярэ пад увагу цярпення жывёлы:

-Я перакананы, што ўдасца прыняць гэты закон у першую чаргу таму, што гэта комплексны праект, які не закранае, як некаторыя гавораць, толькі і выключна пушную жывёлу. Гэта таксама комплекснае вырашэнне праблемы прытулкаў для жывёлы. Гэты праект мае вельмі шмат розных элементаў.

Паводле Міхала Москаля, няпраўда, што прапанаваныя змены ўдараюць у сельскую гаспадарку:

-У некаторых СМІ стараюцца даказаць, што праект ударыць у польскіх фермераў. Гэта няпраўда. Польскі фермер любіць польскую зямлю, чыстае паветра. Але самае важнае, што польскі фермер любіць жывёлу, бо працуе з ёй усё жыццё.

Гэта другі праект «Права і справядлівасці», які тычыцца аховы жывёлы. Законапраект быў складзены ў Сейме ў 2017 годзе. Ён прадугледжваў праўную абарону жывёлы, увядзенне абавязку чыпавання сабак і стварэнне цэнтральнага спісу хатняй жывёлы. Ён таксама ўводзіў забарону вырошчвання пушной жывёлы і выкарыстоўвання жывёлы ў цырках. Некаторыя прапановы сталі прадметам гарачай публічнай дэбаты. У выніку праца над дакументам была спыненая.

ав


Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце