Беларуская Служба

Усё больш беларусаў пазначае беларускую мову як родную – вынікі перапісу насельніцтва 2019

17.09.2020 10:10
«Калі зараз пераможа беларуская рэвалюцыя, колькасць беларускіх школ павялічыцца, без сумневаў» - кажа Алег Трусаў
Аўдыё
  • Алег Трусаў пра сітуацыю беларускай мовы пасля перапісу і на фоне пратэстаў
Протести митців у БілорусіPAP/EPA/TATYANA ZENKOVICH

10 верасня былі апублікаваныя частковыя вынікі перапісу насельніцтва 2019 года. На фоне пратэстных падзеяў вынікі маглі застацца паза ўвагай некаторых беларусаў. А яны для многіх могуць быць нечаканымі і прыемна суцяшальнымі.

Прайшоў амаль год з моманту, калі вёўся перапіс насельніцтва, а толькі зараз сталі вядомыя некаторыя вынікі. Цяпер мы можам сказаць з вялікай дакладнасцю, якая доля беларускай мовы ў Беларусі – у якасці роднай яе пазначылі 54 адсоткі беларусаў. Гэты вынік складае больш, чым 10 гадоў таму, калі беларуская мова была першай мовай 53,2% беларусаў. Гэты вынік радуе і быў нечаканым – кажа сябра Таварыства Беларускай Мовы Алег Трусаў:

- Гэта павышэнне, а ўсе думалі, што будзе жахлівае паніжэнне, таму я вельмі рады. Улічваючы ў якой краіне мы жывём, як улады не любяць беларускую мову - для нас гэта добры знак. Аднак думаю, што каб перапіс быў сёння - было б 70-80%.

Перад самім перапісам і падчас яго ў Беларусі ладзіліся акцыі, як на прыклад «Беларускамоўны, Беларускамоўная». Паводле меркавання Алега Трусава, яны маглі мець уплыў на канчатковы вынік і павышэнне папулярнасці беларускай мовы. У выніках перапісу ёсць аднак адзін фактар, які не радуе – дома па-беларуску размаўляе толькі 26% апытаных, 10 гадоў таму гэта лічба складала 30%

- Гэтыя акцыя напэўна далі свой плён, але і рэзка зменшылася колькасць вясковага насельніцтва і вясковых, беларускамоўных школ стала менш. Зараз мы сталі гарадской нацыяй, а ў гарадах не размаўляюць па-беларуску і так было спрадвеку.

Папулярызацыя беларускай мовы мае месца падчас цяперашніх пратэстаў – лозунгі, плакаты і сімволіка – практычна ўсё ўтрымлівае ў сабе выразныя прыкметы беларускасці. На думку нашага суразмоўцы, распачаўся шлях да большай прысутнасці беларускай мовы, яна стала знаёмай усім, хто ходзіць на пратэсты і людзі ўсё больш цікавяцца сваёй роднай мовай.

- Людзі з кожным днём самі прыходзяць - лозунгі ў асноўным беларускамоўныя. Самае галоўнае то, што на першы план выйшла сімволіка, а сімволіка аўтаматычна цягне за сабой нацыянальную мову. Таму калі зараз пераможа беларуская рэвалюцыя, колькасць беларускіх школ павялічыцца, без сумневаў.

Нягледзячы на ўсе пазітывы, выразна кідаецца ў вочы факт, што лідарка грамадзянскага руху пратэсту – Святлана Ціханоўская – размаўляе і выступае на міжнароднай арэне па-расійску. Як гэта можа ўплываць на моўную сітуацыю Беларусі пасля магчымых перамен? Алег Трусаў лічыць, што мова лідаркі не настолькі важна, наколькі свядомасць грамадства, а ў прысутнасці беларускамоўнага лідара ён не сумняецца і называе прозвішча.

- Ціханоўская не любіць ні сімволіку, ні мову. Яна не хацела падтрымліваць сімволіку. Казала, што цудоўна валодае беларускай, а на самой справе двух слоў па-беларуску звязаць не можа. Беларускамоўны лідар ёсць - гэта Павел Латушка. Калі ён стане прэзідэнтам, вярне ўсё беларускае.

З іншых апублікаваных вынікаў перапісу насельніцтва варта ўзгадаць, што ў Беларусі жыве на амаль 100 тысяч менш людзей, чым дзесяцігоддзем раней – аднак тых, хто дэкларуе беларускую нацыянальнасць, больш на 33 тысячы. Чарговы перапіс павінен прайсці ў 2029 годзе – перад папулярызатарамі беларускай мовы шмат працы, дзеля таго, каб у наступны раз можна было вяшчаць пра рашучую большасць беларускамоўных у краіне.

Слухайце аўдыё

Альберт Ежы Вяжбіцкі