Пачаткам сур’ёзных зменаў у сацыялістычных краінах у 1956 годзе стаўся працэс дэсталінізацыі ў СССР і даклад М.Хрушчова на ХХ з’ездзе КПСС з крытыкай культу Сталіна, што паўплывала на стабільнасць палітычных сістэмаў у краінах-сатэлітах СССР.
З кіроўных пасадаў адсоўваліся сталіністы. У Польшчы ў дадатак адбылося шэраг значных падзеяў: у сакавіку нечакана і таямніча памёр першы сакратар партыі Баляслаў Берут, які быў з візітам у Маскве; у чэрвені адбыліся масавыя забастоўкі працоўных у Познані, якія былі задаўлены войскам. Агульна, сітуацыя выглядала даволі напружана і кіроўныя эліты разумелі неабходнасць зменаў. У гэтых умовах 19 кастрычніка адбыўся пленум ЦК ПАРП, які павінен быў прыняць прынцыповыя рашэнні, звязаныя з дэсталінізацыяй і зменамі ў сацыяльна-эканамічным жыцці.
Гэтыя змены не маглі не хваляваць Крэмль, бо маглі прывесці да нечаканых вынікаў. На пачатку кастрычніка партыйцы ў Польшчы вырашылі вярнуць Уладыслава Гамулку на кіруючыя пасады. Як вядома, ён з 1951 па 1954 год знаходзіўся ў вязніцы. Савецкія ўлады даведаліся аб надыходзячым пленуме толькі з запіскі амбасадара, які таксама падкрэсліў магчымасць дыстансавання Польшчы ад СССР.
Масква, не гледзячы на пратэсты Варшавы, вырашыла накіраваць на пленум дэлегацыю з Хрушчовым на чале.
Хрушчоў, у характэрнай яму манеры, як толькі прызямліўся ў Акэнце, пачаў крычаць на польскіх прадстаўнікоў: «Мы пралівалі кроў за гэтую краіну, а вы жадаеце аддаць яе амерыканцам! Мы вам не дазволім!».
Канешне, гэта паўстрымала польскае кіраўніцтва ад радыкальных крокаў, але некаторыя мэты былі дасягнуты. Перш за ўсё, Гамулку прызначылі першым сакратаром партыі, і яму ўдалося адстаяць палітыку рэформаў. Гамулка запэўніў савецкую дэлегацыю, што будзе працягваць цесную супрацу з СССР.
24 кастрычніка ў Варшаве ў цэнтры горада на плошчы Дэфіляд сабралася каля 400 тыс. чалавек, перад якімі прамовіў Гамулка. З аднаго боку, ён лагодна пакрытыкаваў папярэдні перыяд будавання сацыялізму, які не адпавядаў ідэям камунізму, а з іншага боку падкрэсліў, што Польшча будзе і далей будаваць сацыялістычную дзяржаву і грамадства, разам з Савецкім Саюзам.
Так ці інакш, не гледзячы на канфрантацыю з СССР, у Польшчы пачаўся, хоць і кароткі, але перыяд палітычнай адлігі. Вынікамі яе сталася, перш за ўсё, дэсталінізацыя Польшчы. Горад Сталінград зноў стаў Катавіцэ, імя Сталіна была выкрэслена з назвы Палацу культуры і навукі, пастаўлены Масквой маршал Канстанцін Ракасоўскі быў зняты з пасады міністра абароны; з гэтага моманту на вышэйшыя вайсковыя пасады прызначаліся толькі палякі; зменшыўся ціск на каталіцкі касцёл; быў вызвалены з вязніцы кардынал Вышыньскі; выпусцілі з турмаў больш за 35 тыс. чалавек, у тым ліку жаўнераў Арміі краёвай; рэабілітавана звыш 1500 чалавек, былі арыштаваныя і асуджаныя найбольш адыёзныя ўдзельнікі сталінскіх чыстак у Польшчы.
Павал Усаў