На гэтым тыдні свет культуры пачуў сумную навіну – не стала вядомага польскага акцёра тэатра і кіно Войцеха Пшоняка. Пра яго смерць шырока таксама паведамлялі французскія СМІ, таму што Пшоняк быў вядомым у Францыі акцёрам.
Войцех Пшоняк памёр у выніку анкалагічнага захворвання на 78 годзе жыцця. Нарадзіўся акцёр вясной 1942 года ў Львове. Пад канец вайны яго сям’я пакінула Львоў і пераехала ў Польшчу, у Сілезію. Юнацкія гады і маладосць Войцех Пшоняк правёў у горадзе Глівіцы. У 1968 годзе закончыў Кракаўскую дзяржаўную вышэйшую тэатральную школу. З 1974 да 1980 года быў выкладчыкам варшаўскай тэатральнай школы. Тады выступаў на сцэне Кракаўскага Старога тэатру, а таксама варшаўскіх Нацыянальнага і Усеагульнага тэатраў.
У 1990 годзе тагачасныя найстарэйшыя акцёры прызналі Войцеха Пшоняка, разам з Пятром Франчэўскім і Анджэем Сэвэрынам, найлепшым польскім драматычным акцёрам пасля 1965 года.
На пачатку 1980-х гадоў акцёр пераехаў у Францыю, дзе служыў у тэатрах Парыжа. За ўсю кар’еру ён зняўся ў дзясятках фільмаў польскіх і замежных рэжысёраў, быў адным з любімых акцёраў Анджэя Вайды. Акрамя таго, акцёр іграў у тэатрах Лондана, таму смела можна сказаць, што Пшоняк – еўрапейскі артыст.
У 2019 годзе Войцех Пшоняк адзначыў 50-годдзе творчай працы. У студыі Другога каналу Польскага радыё яму задалі пытанне, ці есць розніца ў тым, калі ён выходзіў на сцэну 50 гадоў таму, і цяпер? Розніцы я не бачу, сказаў вялікі акцёр.
- Адчуванне такое ж самае. Эмоцыі крыху іншыя, але я не бачу розніцы ўва мне цяпер, калі стаю на сцэне, і калі стаяў на сцэне тады альбо 20 ці 30 гадоў таму. І гэта добра, таму што ў іншым выпадку я б не вытрымаў 50-і гадоў на сцэне, таму што я заўсёды хваляваўся – я акцёр, які хвалюецца. Адначасова ў мяне ніколі не было адчування руціны, таму што я стараўся іграць розныя ролі, але пры гэтым да кожнай ролі падыходзіў як да нейкай дарагой інвестыцыі. Многія ролі былі вельмі цяжкія ў эмацыйным плане. Але я заўсёды стараўся быць энтузіястам і аптымістам, таму не бачу розніцы ў маім падыходзе да творчасці цяпер і тады.
Дарэчы, дэбют Войцеха Пшоняка на тэлеэкране меў месца ў 1965 годзе, прычым гэта быў балгарскі серыял. У польскім фільме ўпершыню выступіў у 1970 годзе – гэта быў фільм пад назвай «Твар анёла».
Увогуле за ўсё творчае жыццё ён выканаў больш за 100 роляў у фільмах і серыялах, працаваў з польскімі, французскімі і еўрапейскімі рэжысёрамі, у тым ліку з такімі славутасцямі, як Фолькер Шлёндорф, Анджэй Вайда, Кшыштаф Занусі і Агнешка Холанд.
Дарэчы, Войцех Пшоняк быў частым госцем у будынку Польскага радыё, таму што шмат таксама іграў у радыёспектаклях.
У 2018 годзе падчас інтэрв’ю на Польскім радыё акцёр сказаў, што калі б цяпер выбіраў прафесію, то выбраў цырк, і найахвотней хацеў бы быць клоўнам. Хоць у фільмах і на сцэне акцёр выконваў перш за ўсё складаныя, драматычныя ролі.
Валеры Саўко
на фота: Войцех Пшоняк у студыі Польскага радыё. Чэрвень 2020 года
на відэа: фрагмен фільма «Зямля абетаванная» Анджэя Вайды, які прынёс артысту вядомасць
слухайце аўдыёфайл