2 снежня адбылося ўручэнне ўзнагароды Фонду польскай навукі за 2020 год
Часта гэтую прэмію называюць польскім Нобелям.
Сёлета за выдатныя навуковыя дасягненні былі адзначаныя прафесары: Яцэк Радван (Jacek Radwan), Эва Гурэцка (Ewa Górecka), Кшыштаф Гурскі (Krzysztof Górski) і Рамуальнд Шыльд (Romuald Shild). Уручэнне прэміі адбылося падчас анлайн -урачыстасці.
У галіне навук пра жыццё і Зямлю прэмію Фонду польскай навукі атрымаў эвалюцыйны біёлаг прафесар Яцэк Радван з Універсітэта Адама Міцкевіча ў Познані. Узнагарода прысуджана за дэманстрацыю ролі эвалюцыйнага механізму аптымізацыі генетычных змен у фарміраванні ўстойлівасці да патагенаў і ўласных антыгенаў. Або парасцей: за тлумачэнне як у выніку эвалюцыі адбываліся гэнетычныя змены, якія служаць арганізму для абароны ад патагненаў.
Даследаванне прафесара Радвана дапамагае таксама адказаць на пытанне: чаму людскі арганізм не заўсёды здольны рэагаваць на атаку патагенных мікраарганізмаў.
Прафесар Яцэк Радван падзякаваў усім, хто дапамагаў яму правесці даследаванне, уключна са сваёй маці:
- Тое, што я апынуўся сярод вучоных, якімі я заўсёды захапляўся, для мяне – вялікі гонар. Тое, што я сёння знаходжуся тут, я ўдзячны вельмі многім людзям. Пачынаючы ад маёй мамы, якая не паверыла словам маёй настаўніцы ў пачатковай школе, якая сказала, што я не адпавядаю ўзроўню ліцэю і павінен вучыцца на кухара. Я не скажу, што гатаваць мне не падабаецца, аднак жа навуковыя даследаванні мяне больш захапляюць.
Прафесар Эва Гурэцка з Варшаўскага універсітэта атрымала прэмію Фонда Польскай навукі за 2020 год у галіне хімічных навук і матэрыялазнаўства.
Прафесар Эва Гурэцка была адзначана за атрыманне вадкакрышталічных матэрыялаў з хіральнай структурай з нехіральных малекул:
- Хіральны аб'ект гэта такі, калі яго немагчыма накласці на люстраное адлюстраванне. Хіральнасць гэта даволі папулярная зʼява ў натуры. Напрыклад, нашая левая і правая рука зʼяўляюцца люстраным адлюстраваннем, аднак іх адбітак немагчыма накласці адзін на другі. Мы ўсё яшчэ не ведаем, чаму натура стварыла амінакіслоты і вугляводы і бялок толькі аднаго роду люстранога адлюстравання. Мы спадзяемся, што нашыя даследаванні ў нейкай ступені набліжаюць нас да адказу на гэтае пытанне.
У галіне матэматыкі, фізікі і інжынернай тэхнікі ўзнагароду фонду атрымаў прафесар Кшыштаф Марʼян Гурскі з Варшаўскага універсітэта і Лабараторыі рэактыўнага руху НАСА (Jet Propulsion Laboratory NASA). Узнагарода прысуджана за распрацоўку і ўкараненне метадалогіі аналізу рэліктавых карт выпраменьвання.
Дзякуючы даследаванням прафесара Гурскага ўдалося палепшыць карты Сусвету і даведацца пра яго фізічную структуру і нават знешні выгляд, які быў на самым пачатку:
- Фонду Польскай навукі адзначыў мяне за даследаванні рэліктавага выпраменьвання. Гэта, можна сказаць, экзатычная галіна, таму што ва ўсім свеце ў гэтыя даследаванні задзейнічана толькі адна тысяча вучоных. Мяне здзіўляе і захапляе тое, якім касмічным было супадзенне акалічнасцей, і які даў мне магчымасць не толькі быць сведкам развіцця гэтай надзвычайнай галіны, а таксама наўпрост у ёй удзельнічаць.
Прэмію Фонду польскай навукі ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук за 2020 год атрымаў прафесар Рамуальд Шыльд, дагістарычны археолаг з Інстытута археалогіі і этналогіі Польскай акадэміі навук у Варшаве. Журы прысудзіла ўзнагароду за ўказанне кліматычных і экалагічных дэтэрмінантаў сацыяльна-культурных працэсаў у каменным веку ў Паўночнай Афрыцы і Цэнтральнай Еўропе.
Прафесар Шыльд заўважыў, што адбылося некалькі змен, кожная з якіх выклікала значныя змены не толькі ў паўсядзённым жыцці, але і ў разуменні свету нашымі продкамі:
- Разам з кожнай зменай клімату змянялася культура жыцця грамадства. Гаспадарка эвалюявала ад палявання-збіральніцтва, праз інцыдэнтальную сельскую гаспадарку, да развітага пастырства. Разам з гэтымі зменамі адбываліся значныя змены веравання і духоўнай культуры гэтых грамадстваў.
Пераможцы выбіраюцца з групы некалькіх сотняў заявак падчас доўгага адборачнага працэсу, у якім удзельнічаюць навукоўцы з Польшчы і свету. Камітэт па прэміі падкрэслівае, што адкрыцці пераможцаў вядомыя на міжнароднай арэне і асацыююцца з Польшчай.
Прэмія за выключнае навуковае адкрыццё складае 200 тысяч злотых (больш за $54 тысячы). Узнагароды Фонду польскай навукі ўручаюцца з 1992 года.
яс