Сёння я запрашаю Шаноўнае Спадарства ў некалькі месцаў, у якіх у калядным перыядзе можна паглядзець найпрыгажэйшыя батлейкі ў Польшчы.
Батлейка, якую ў Польшчы называюць шопкай, гэта від лялечнага тэатра, перш за ўсё, на біблейскія тэмы, цесна звязаныя з калядным перыядам. Сцэнай для спектакла звычайна з’яўляецца драўляная двухпавярховая скрыня з дзвярыма, якая нагадвае святыню або дамок.
Традыцыя батлейкі пачалася ў XIII стагоддзі. Першую шопку арганізаваў святы Францішак, які хацеў звярнуць увагу на той факт, што нараджэнне Хрыста – гэта адна з найважнейшых падзеяў у хрысціянскай веры. Паколькі святы Францішак прытрымліваўся біблейскай традыцыі, то яго батлейка размяшчалася ў гроце. Аднак, цягам наступных стагоддзяў людзі пачалі ладзіць батлейкі ў канюшні. Будаўнікі батлеек сталі выкарыстоўваць не толькі біблейскія тэмы. У сучасныя часы батлейкі адносяцца да бягучых палітычных ці сацыяльных праблем. Яны маюць розную форму і выкананыя з розных матэрыялаў.
У калядным перыядзе можна паглядзець не толькі традыцыйныя батлейкі з драўлянымі фігурамі, але таксама „жывыя”, то бок з сапраўднымі акторамі і жывёламі. У другой палове сьнежня батлейкі з'явяцца па ўсёй Польшчы, як у касцёлах, так і пад адкрытым небам.
Шопка. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Наш агляд прапаную пачаць з батлейкі ў Вамбежыцах (Wambierzucach) на паўднёвым захадзе Польшчы. Гэта найстарэйшая рухомая батлейка ў Польшчы, размешчаная ля тамтэйшага санктуарыя. Аўтарам шопкі з’яўляецца гадзіннікавы майстар Лонгін Віціг (Longin Wittig) і яго сын Герман. Віціг пачаў працаваць над батлейкай, а больш канкрэтна над сцэнай, якая адлюстроўвае нараджэнне Хрыста, прыблізна ў 1850 годзе. У 1882 годзе ён пераехаў з сям'ёй у Вамбежыцы, і менавіта тады пачаў публічна паказваць батлейку, фігуры якой рухаліся дзякуючы гадзіннікаваму механізму.
Майстар пачаў пашыраць сваю працу, ствараючы сцэны, не звязаныя з Калядамі, а менавіта Крыжовы шлях. Пасля смерці бацькі працу над батлейкай працягваў сын Герман, які стварыў чарговыя сцэны на фоне сілезскіх панарамаў. Пасля Другой сусветнай вайны батлейку перанялі мясцовыя ўлады, а затым перадалі мясцовай парафіі.
У цяперашні час батлейку складаюць 800 скульптураў, з якіх 300 - рухомыя. Батлейку ў Вамбежыцах можна глядзець круглы год. Уступ платны.
Шопка. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Адной з найбольш вядомых батлеек у Польшчы з’яўляецца шопка, якую кожны год ладзяць браты францішканцы перад базылікай у Кракаве. Яна вельмі папулярная сярод мясцовых жыхароў, паколькі размяшчаецца непадалёка галоўнай плошчы горада. Гэта „жывая” батлейка - гэта значыць, што побач з прыгожымі скульптурамі на сцэне можна пабачыць сапраўдных жывёл. Апрача таго, традыцыйную батлейку францішканцаў суправаджае насычаная мастацкая праграма, у тым ліку калядныя спектаклі і канцэрты.
Успамінаючы Кракаў нельга забыць пра штогадовы конкурс калядных шопак у кракаўскім стылі, які арганізоўвае Гістарычны музей гораду Кракаў. Мерапрыемства штогод праходзіць на пачатку снежня і заканчваецца выставай на Рыначнай плошчы ў Кракаве. Зробленыя з дрэва альбо фанеры кракаўскія батлейкі - вельмі багата аздобленыя творы мастацтва.
Вялікую калекцыю батлеек мы можам пабачыць у Гістарычным музеі гораду Кракаў, а таксама ў Этнаграфічным музеі ў Кракаве.
Шопка. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Адна з цікавейшых батлеек узнікла ў 1930-х гадах мінулага стагоддзя ў гарадку Ломжа(Łomża) на паўночным усходзе Польшчы. Тамтэйшая батлейка з'яўляецца адной з самых вялікіх рухомых шопак у Польшчы. На сцэне, якая прэзентуецца ў кляштары капуцынаў, можна пабачыць ажно 50 рухомых фігураў. Хоць батлейцы ў Ломжы ўжо некалькі дзясяткаў гадоў, то яна пастаянна мяняецца. Практычна кожны год паяўляюцца новыя скульптуры.
Панэўніцкая шопка ў базыліцы ў Катавіцах.
Цікавай батлейкай з’яўляецца гэтак званая Панэўніцкая шопка(Szopka Panewnicka) ў базыліцы ў Катавіцах (Katowice) на поўдні Польшчы. Гэта адна з найвялікшых батлеек, размешчаных унутры святыні. Традыцыя мясцовай батлейкі сягае 1908 года. Ейнай характэрнай рысай з’яўляецца размяшчэнне ў цэнтры касцёла – батлейка займае ўвесь галоўны алтар, то бок каля 700 квадратных метраў. Вышыня Панэўніцкай батлейкі складае больш за 25 метраў, а шырыня – каля 20 метраў.
Не меншай з’яўляецца батлейка ў касцёле францішканцаў у Познані(Poznań) на захадзе Польшчы. Згаданая шопка прыцягвае ўвагу сваімі дэталямі. Глыбіня сцэны перавышае 30 метраў і складаецца з больш чым 200 фігур, якіх гадамі выраблялі браты францішканцы. Частка з гэтых фігураў рухомая, а скульптуры святой сям’і маюць натуральныя памеры.
Шопка. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
У вёсцы Стара Весь (Stara Wieś)на паўднёвым усходзе Польшчы знаходзіцца музей, у якім мясцовыя езуіты ўжо некалькі дзесяцігоддзяў збіраюць сакральнае мастацтва, у тым ліку батлейкі. Калекцыя тым больш цікавая, што некаторыя з іх датуюцца XVI стагоддзем.
Рухомая батлейка ў Ольштыне (Olsztyn) каля Чэнстаховы - гэта праца спадара Яна Вев’юра(Jan Wiewiór), які ствараў яе на працягу 15 гадоў. Сцэна ўсё яшчэ пашыраецца. Значных памераў батлейка складаецца з больш чым 800 фігур з ліпавага дрэва, з якіх 300 рухомыя. Яна знаходзіцца ў доме аўтара, побач Ольштынскага замка. Дарэчы, гэта менавіта мясцовы замак з’яўляецца фонам сцэны гэтай маляўнічай батлейкі.
Шопка. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Аднак, часам у краіне можна паглядзець незвычайныя батлейкі. Напрыклад, у 2010 годзе ў Гдыні перад тамтэйшым Калегіяльным касцёлам прэзентавалася батлейка, створаная з пяску. Праект меў выключны характар, паколькі ўзнік узімку і да канца не было ўпэўненасці ці атрымаецца. Батлейка ў Гдыні стала гучнай падзеяй. На яе будаўніцтва было выкарыстана сто тон спецыяльна падрыхтаванага пяску! Сама батлейка мела гатычны характар.
Сучасныя батлейкі – гэта не толькі доказ рэлігійнай традыцыі, але таксама спосаб прэзентацыі палітычных поглядаў. Шопкі атрымліваюць розныя мастацкія формы і закранаюць не толькі біблейскія тэмы.
Шопка. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Каталіцкай традыцыяй каляднага перыяду ў Польшчы сталі „паломніцтвы” па святынях і іншых месцах, дзе паказваюцца батлейкі ў пошуках найбольш кранальнай, найбуйнейшай ці незвычайнай шопкі.
аз