Супрацоўнікі Сілезскага тэхналагічнага універсітэта распрацавалі спецыяльную камеру для дэзынфекцыі ахоўных медычных касцюмаў.
Вынаходніцтва грунтуецца на вядомых і даступных дэзынфекцыйных метадах, якія выкарыстоўваюцца ў бальніцах, распавяла доктар Магдалена Багацка з факультэта Экалагічнай і энергетычнай інжынерыі сілезскай ВНУ.
- Камера поўнасцю аўтаматызаваная, з шырокай магчымасцю рэгулявання. Медык можа выбраць працягласць дэзынфекцыі і мае поўны кантроль над тым, што там адбываецца. Чалавек, які будзе праходзіць дэзынфекцыю пачуе каманды: «павярнуцца», «падняць рукі». Увесь касцюм пройдзе дакладную дэзынфекцыю.
Дэзынфекцыйную камеру ўсталявалі ў шпіталі ў Бытаме.
Поспех палякаў на міжнародным конкурсе
Гэтая камера ў траўні трапіла ў фінал міжнароднага конкурсу «Healing Solutions for Tourism Challenge». Па словах прэс-сакратара сілезскага універсітэта Ядвігі Вітэк, палякі перамаглі больш за 1100 каманд з больш чым 100 краін, і камера трапіла ў спіс 9 пераможцаў у гэтым конкурсе.
- Гэты конкурс сумесна ладзяць Сусветная арганізацыя аховы здароўя і Сусветная турысцкая арганізацыя (установа Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў). Мэтай гэтага конкурсу было найперш заахвоціць стартапы ствараць праекты прыдатныя для барацьбы з пандэміяй каранавіруса.
Энзім супраць віруса
Яшчэ ў сакавіку навуковы калектыў Вроцлаўскага політэхнічнага універсітэта пад кіраўніцтвам прафесара Марціна Дронга (Marcin Drąg) распрацаваў энзім, дзеянне якога лічылі ключавым у барацьбе з каранавірусам.
- Мы распрацавалі гэтак званую спецыфіку субстрата, то бок мы зрабілі ключ да найважнейшага бялка, які знаходзіцца ў сярэдзіне гэтага віруса. Гэты энзім адказвае за рост віруса. Калі мы спыняем дзеянне гэтага энзіму, то вірус няўхільна памрэ. Зразумела, што гэты энзім з'яўляецца нашай мэтай дзеля падборкі лекаў. Буйнейшыя лабараторыі і фармацэўтычныя кампаніі ў свеце даследуюць гэты энзім, таму што выключэнне яго прычыніцца да таго, што вірус больш не рэплікуе, то бок не зможа размнажацца.
Польскі лек ад кранавіруса
У верасні было абвешчана, што першы ў свеце лек ад кранавіруса стварыў Люблінскі Інстытут біятэхналогіяў BioMed. Папярэднія даследаванні пацвердзілі яго эфектыўнасць. Лек будзе зарэгістраваны пасля клінічных даследаванняў і вызначэння яго дазіроўкі. Пра гэта паведаміў член праўлення карпарацыі BioMed Lublin Пётр Фіц:
- Лабараторныя даследаванні пацвердзілі, што гэты прэпарат нейтралізуе каранавірус. Бяспека і эфектыўнасць такога роду тэрапіі ўжо даказаная. У сувязі з гэтым у ходзе клінічных даследаванняў мы чакаем не столькі пацверджання эфектыўнасці, колькі вызначэння дазіровак, што дазволіць нам эфектыўна ўжываць лекі.
Люблінскі прэпарат створаны ў выніку фракцыянавання плазмы пацыентаў, якія вылечыліся ад COVID-19 або перахварэлі ім бессімптомна. На рынку новы прэпарат можа быць даступны ўжо ў пачатку наступнага года.
Вакцына
Ад самага пачатку эпідэміі вакцыну супраць віруса Sars-cov-2 распрацоўвалі даследчыкі навуковых цэнтраў многіх краін, у Кітаі, Расіі, ЗША, таксама ў Беларусі і ў Польшчы.
Пераможцамі ў гэтых гонках аказаліся амерыканцы і немцы. На пачатку лістапада два фармацэўтычныя канцэрны, амерыканскі PFIZER і нямецкі BIONTECH заявілі, што паспяхова закончылі выпрабаванні прэпарата, што вакцына не дае шкодных эфектаў, і што яна паспяховая ў 90%.
А што азначае, што яна паспяховая ў 90%? Гэта значыць, што ўстойлівасць да хваробы зʼявілася ў 90% даследаваных. У астатніх 10%, якія праходзілі выпрабаванні, імунітэту няма, або не ўдалося яго пацвердзіць.
У ЗША, у краінах Еўразвязу і ў Англіі якраз пачалася маштабная акцыя па вакцынацыі.