Беларуская Служба

З 2021 году Еўрапейскі Саюз забараняе ўвядзенне на рынак пластыкавых сталовых прыбораў і саломак

29.01.2021 10:18
Гэтыя прадукты настолькі праблематычныя, што нават іх збор у рамках сегрэгацыі не дапамагае паменшыць іх колькасць. 
Аўдыё
  • З 2021 году Еўрапейскі Саюз забараняе ўвядзенне на рынак пластыкавых сталовых прыбораў і саломак
.
.manfredrichter/pixabay.com/C00

З 2021 году Еўрапейскі Саюз забараняе ўвядзенне на рынак, у прыватнасці, пластыкавых сталовых прыбораў і саломак, а таксама талерак з полістыролу. Час на апаражненне складоў вызначаны да 3 ліпеня 2021 года.

Паводле экалагічнай арганізацыі WWF, гэтыя прадукты настолькі праблематычныя, што нават іх збор у рамках сегрэгацыі не дапамагае паменшыць іх колькасць. Вялікая іх частка трапляе на звалкі, забруджвае экасістэму і з'яўляецца сапраўдным забойцам фаўны ў акіянах. Па дадзеных Еўрапейскай камісіі, больш за 80% марскога смецця – гэта пластык.

Кіраўнік Еўрапейскага інфармацыйнага пункта Europe Direct Гжэгаж Хробак тлумачыць, што забарона распаўсюджваецца на дзесяць прадуктаў:

- Гэта ў першую чаргу сталовыя прыборы, такія як відэльцы, лыжкі ці нажы, мешалкі, пластыкавыя талеркі, саломка для пітва, але таксама вушныя палачкі, пластыкавыя ручкі для шарыкаў, якія можна знайсці на розных фестывалях, а таксама сыравіна, якая падлягае гэтак званаму акісленню, то бок, напрыклад, пластыкавыя кубкі.

Томаш Мажэнда, намеснік дырэктара Дэпартамента аховы навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў у Любліне, падкрэслівае, што ўсе ведаюць: пластыку ў свеце празмерна шмат:

-Мы ведаем, што ў нас занадта шмат пластыку, бо навукоўцы знаходзяць яго ў Марыянскім жолабе, у ледавіках і нават у плацэнце ненароджаных дзяцей. Таму гэты пластык у выглядзе мікрапластыку занадта моцна ўмешваецца ў нашае жыццё. Кажуць, штогод больш за 100 мільёнаў млекакормячых у акіянах гінуць з-за забруджвання акіяна. Паколькі акіяны ў асноўным забруджаныя пластыкам, таму Еўрапейскі Саюз пачаў барацьбу з гэтым відам прадукцыі.

Гжэгаж Хробак прызнае, што, напэўна, напачатку выдаткі на вытворчасць г.зв. альтэрнатыўных тавараў могуць быць вышэй, чым вытворчасць пластыкавых дэталяў.

-Усё ж з цягам часу цана будзе зніжацца і стабілізавацца. Мы павінны памятаць, што гэта сапраўды пытанне абароны сябе, свайго здароўя і прыроды.

Уладальнік кавярні «Nie wylej» Якуб Казімерчак запэўнівае, што ён вельмі рады новым правілам. Ён звяртае ўвагу, што з моманту адкрыцця кавярні ў ёй не выкарыстоўваўся аднаразовы пластык.

-Звычайна мы стараемся карыстацца прадуктамі, якія зʼяўляюцца нейтральнымі для навакольнага асяроддзя, якія лёгка раскладаюцца. Гэта, напрыклад, аднаразовыя ўпакоўкі з кардону, сталовыя прыборы ў нас драўляныя, кубкі і вечкі – біяраскладальныя. А саломкі ў нас з саломы. Гэта проста ўнікальная альтэрнатыва, якая паходзіць наўпрост з натуры. Аказваецца, што з саломы, якая застаецца пасля жніва збожжа, можна зрабіць саломку для напояў. Таксама мы стараемся выкарыстоўваць сістэму зваротнай тары. Калі мы прадаем суп, то наліваем яго ў слоік, які каштуе 2 злотыя. Калі кліент прынясе яго назад, то мы вернем яму грошы. Таксама кліент можа прыйсці са сваім кантэйнерам ці слоікам. Гэта найлепшы выхад, паколькі мы тады не пакідаем ніякіх адкідаў.

У наступныя гады будуць уводзіцца дадатковыя абмежаваннямі. З 2025 года пластыкавыя каўпачкі і вечкі павінны будуць настала прымацоўвацца да бутэлек і кантэйнераў, інакш іх нельга будзе прадаваць. З гэтага ж года пластыкавыя бутэлькі павінны быць выраблены як мінімум у 25% з перапрацаванага матэрыялу (з 2030 г. – у 30%).

ЕС таксама паступова павялічвае ўзровень перапрацоўкі пластыка, які патрабуецца ад дзяржаў-членаў, у прыватнасці, ПЭТ-пластыкавыя бутэлькі. Да 2025 года мінімум 25% гэтых бутэлек павінны быць перапрацаваны. Да 2030 года гэты працэнт павінен складаць мінімум 30%.

З 1 студзеня бягучага году ўвайшоў у жыццё г. зв. пластыкавы падатак. Гэта азначае, што за кожны кілаграм пластыку, які не перапрацоўваецца, дзяржава-член павінна будзе заплаціць 80 еўрацэнтаў падатку. Мяркуецца, што Польшча можа плаціць да 2 мільярдаў еўра ў год за пластыкавыя адходы.

ав


Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце