Беларуская Служба

Агенцтва медыцынскіх даследаванняў: Польскай вакцыны супраць COVID-19 хутчэй за ўсё не будзе

04.02.2021 13:02
Міністэрства аховы здароўя рэалізуе некалькі праектаў, звязаных з прафілактыкай, лячэннем і вакцынацыяй супраць каранавіруса.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:jarmoluk/pixabay.com/CC0 Public Domain

Старшыня Агенцтва медыцынскіх даследаванняў Радаслаў Сярпіньскі(Radosław Sierpiński) кажа, што, хутчэй за ўсё, не варта чакаць польскай вакцыны супраць COVID-19.  Госць Польскага радыё 24 пацвердзіў, што агенцтва па замове Міністэрства аховы здароўя рэалізуе некалькі праектаў, звязаных з прафілактыкай, лячэннем і вакцынацыяй супраць каранавіруса. Радаслаў Сярпіньскі падкрэсліў, што гэта ў асноўным навуковыя працы:

- Паводле мяне нельга спадзявацца, што Польшча выпусціць уласную вакцыну.  Мы ніколі не вытваралі такіх прэпаратаў, а сам працэс больш складаны, чым, скажам так, вытворчасць парасонаў. Ён патрабуе вельмі высокіх лабараторных стандартаў і высокіх стандартаў клінічных даследаванняў.

Прафесар Сярпіньскі дадаў, што зараз рэгістрацыі чакае каля 80 новых прэпаратаў. У сваю чаргу агенцтва праводзіць даследаванні па эфектыўнасці амантадына пры лячэнні COVID-19:

- Цягам бліжэйшых тыдняў агульнапольскія даследаванні, якія па гэтай справе праводзяцца ў Любліне і Катавіцах, павінны даць першыя вынікі. Яны павінны дазволіць адказаць на пытанне, ці амантадын дапамагае пацыентам з COVID-19 хутчэй здаравець, або аблягчае сімптомы хваробы.

Агенцтва медыцынскіх даследаванняў таксама праводзіць даследаванні чарговых  мутацый віруса ў Польшчы і ўплыву вакцыны на іх.

Нагадваем надоечы навукоўцы з Варшаўскага тэхналагічнага ўніверсітэта паведамілі, што працуюць над польскай вакцынай супраць COVID-19 i шукаюць партнёра – фармацэўтычную кампанію, якая дапаможа на наступным этапе, гэта значыць у даследаваннях на людзях.

«Гэта бялковая вакцына. Мы змянілі генетычны код бактэрый такім чынам, каб яна вырабляла бялкі, якія ўваходзяць у склад віруса COVID-19», – тлумачыць прафесар Томаш Цях (Tomasz Ciach) з хімічнага інжынернага факультэта Варшаўскай палітэхнікі, які ўзначальвае каманду:

-Я ведаю, што цяпер на рынак уваходзяць новыя вакцыны. Але ўявіце, што ў некаторых месцах у свеце не прышчэплены нават ніводзін чалавек. Напрыклад, у Афрыцы. Паводле мяне, кожнае намаганне прыспешыць працу над вакцынай важнае. Таксама, паводле мяне, такіх пандэмій будзе толькі больш.

Прафесар дадае, што веды і вопыт, атрыманыя пры распрацоўцы вакцыны супраць COVID-19, будуць таксама выкарыстаны для распрацоўкі новых вакцын супраць іншых хвароб.

аз

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка