У мінулым годзе па ўсім свеце было выраблена 52 мільярды аднаразовых поліпрапіленавых масак. Згодна са справаздачай арганізацыі «Ocean's Asia», гэта смяротна для арганізмаў, якія жывуць у морах і акіянах, і, адпаведна, для клімату.
Хоць маскі павінны абараняць людзей, сярод іншага ад каранавіруса, то яны не абыякавыя для навакольнага асяроддзя. Толькі за мінулы год 1,5 мільярда аднаразовых хірургічных масак трапілі ў акіяны. На практыцы гэта азначае больш за 7 тон пластыкавых адходаў, якія з увагі на склад і рызыку інфекцый нельга перапрацаваць.
Тысячы выкарыстаных аднаразовых пальчатак і масак у морах і акіянах знішчаюць шматгадовыя намаганні па ачышчэнні вод і ліквідацыі аднаразовага пластыка.
Пра небяспеку масак кажа Катажына Гузэк з «Грынпісу»:
-Аднаразовыя маскі былі прыдуманыя і прымеркаваныя працаўнікам службы аховы здароўя. У медыцыне аднаразовы пластык выканаў цудоўную ролю, паколькі зменшылася колькасць інфекцый. У сваю чаргу медычныя адходы знішчаюцца выключным чынам. Іх збіраюць і потым спальваюць у вельмі высокай тэмпературы, каля 1000 градусаў. Аднаразовыя маскі зробленыя з розных гатункаў палімеру, таму іх нельга перапрацоўваць. Таксама гэтага не зробіш, паколькі яны могуць пераносіць вірусы і бактэрыі.
На думку аўтараў дакладу «Oceanʼs Asia», медыцынскія маскі зʼяўляюцца рэальнай пагрозай для многіх відаў жывёл, а для іх разлажэння можа спатрэбіцца больш за 400 гадоў.
-Адна з няўрадавых французскіх арганізацый, якая даследавала паяўленне аднаразовых масак, пальчатак, але таксама ўпаковак ад сродкаў для дэзынфекцыі, сцвердзіла, што гэтых прадметаў у акіянах больш, чым медуз. Гэта вельмі непакоіць і трывожыць. Ужо цяпер жыхары акіянаў церпяць ад пластыкавага смецця, а можа быць яшчэ горш. Ужо ёсць першыя сведчанні аб тым, што марскія жыхары – пінгвіны, чайкі – зʼядаюць маскі ці заблытваюцца ў іх. Таму яны ўяўляюць сурʼёзную пагрозу для экасістэмы.
У сувязі з гэтым эколагі заклікаюць выкарыстоўваць шматразовыя маскі, баваўняныя ці льняныя.
-Напэўна гэта лепшы выхад і гэта яго трэба папулярызаваць. Я сама з самага пачатку пандэміі выкарыстоўваю шматразовыя маскі з матэрыялу, мыю, сушу і зноў выкарыстоўваю. Гэта ў прынцыпе адзінае слушнае рашэнне, якое мы павінны прымаць. Нагадаю, спажыўцы па-за сістэмай службы аховы здароўя не маюць магчымасці, каб аднаразовыя маскі адпаведна ўтылізаваць. Таму мы не павінны імі карыстацца.
Праблема будзе доўгатэрміновай, бо пластык будзе раскладацца дзесяцігоддзямі.
ав