Беларуская Служба

6.03.1967 – дачка Сталіна папрасіла палітычнага прытулку ў амерыканскім пасольстве ў Індыі

06.03.2021 09:11
Святлана Іосіфаўна Алілуева – дачка Сталіна – нечакана для ўсіх, магчыма і для самой сябе, у 1967 годзе апынулася за мяжой, у ЗША.
Аўдыё
  • 1967 г. - дачка Сталіна папрасіла палітычнага прытулку ў амерыканскім пасольстве ў Індыі
  1967 .
Святлана Алілуева 1967 г.https://commons.wikimedia.org/wiki/File:Svetlana_Alliluyeva_1967cr.jpg

Мары пра «заходняе» жыццё

У сваіх успамінах «20 лістоў да сябра», яна апісвала, якім было яе жыццё ў СССР, чаканні, агульную сітуацыю ў краіне. Ужо тады, яна (а ў савецкія часы гэта было небяспечна для жыцця), наўпрост пісала пра неабходнасць адкрыцця на Захад, і марыла пра жыццё іншае, чым у савецкай краіне, яна крытычна ставілася да «савецкага пурытанізму». Яна таксама спадзявалася на тое, што новае «паслясталінскае» пакаленне будзе больш адважным у прарыве на Захад. Але гэтага не адбылося, што магчыма сталася псіхалагічным фактарам яе рашэння з’ехаць з СССР.

Даспяванне да эміграцыі

Іншым матывам была і інтэнсіўная дэсталінізацыя ў канцы 50х гадоў. Хаця «хрушчоўскія» чысткі яе асабіста не закранулі, ідэалагічная трансфармацыя сістэмы, змена стаўлення да яе бацькі зрабілі сваю справу.

«Дапамога» мужа

Святлана Алілуева мела даволі багатае амурнае жыццё. У яе было шмат раманаў і 5 шлюбаў. Адным з яе любоўнікаў быў савецкі дысідэнт і палітзняволены Андрэй Сіняўскі. Шляхам да эміграцыі Алілуевай быў чацвёрты шлюб з індыйскім камуністычным дзеячам Браджэшам Сінгхам, які прыехаў у СССР лячыцца. Яны пажаніліся ў 1963 г. Сінгх быў старэйшы за Алілуеву на 26 гадоў. Стан здароў'я Сінгха быў вельмі цяжкі, і Святлана намагалася выпрасіць дазвол на выезд у Індыю, пісала лісты асабіста Брэжневу і ў Палітбюро. Але савецкія ўлады не дазвалялі выехаць. Толькі, калі Сінгх памёр у 1966 годзе, Алілуевай дазволілі адвезці цела мужа ў Індыю.

Крок да новага жыцця

Ёй было дазволена знаходзіцца ў Індыі толькі 7 дзён у суправаджэнні 2 агентаў КДБ. У лістападзе дачка Сталіна вылецела ў Дэлі і там ёй удалося зацягнуць знаходжанне на некалькі месяцаў. Пасля таго, як Масква пачала настойліва патрабаваць вяртання, Алілуева вырашылася на радыкальны крок. 6 сакавіка 1967 году дачка Сталіна павінна была выляцець у Маскву. Яна нават сабрала рэчы, купіла білет. Савецкі амбасадар вярнуў ёй пашпарт.

Уцёкі на Захад

Перад адʼездам Святлана вырашыла прайсціся, і менавіта падчас прагулкі, нягледзячы на суправаджэнне афіцэраў КДБ, яна забегла на тэрыторыю амерыканскай амбасады. Папрасіла палітычнага прытулку і адразу ўначы таго ж дня, супрацоўнікі амерыканскага пасольства пасадзілі яе на самалёт у Швейцарыю. Пасля гэтага яе вывезлі ў ЗША, дзе яна пражыла амаль 40 год.

Туга і расчараванне

У 1984 годзе Святлана Алілуева вырашыла вярнуцца ў СССР. Гэтае рашэнне выклікала хвалю энтузіязма, ёй вярнулі пашпарт, стварылі ўсе умовы для жыцця, але праз 2 гады, расчараваўшыся, Алілуева вырашыла вярнуцца ў ЗША. Ёй гэта дазволілі толькі пасля ўмяшальніцтва першага сакратара КПСС Міхаіла Гарбачова. Святлана Алілуева памерла ў 2011 годзе.


Павел Усаў

Больш на гэтую тэму: Лісток каляндара