Янка Сычэўскі сказаў Беларускай службе ПР, што Прэзідэнт праявіў шчырае зацікаўленне і прыслухаўся да праблем беларусаў у Польшчы.
- Прэзідэнт пытаў якія адносіны паміж дзяржавай і нашай меншасцю, з якімі праблемамі сутыкаемся ў галіне культуры, асветы, у галіне грамадскага жыцця. Усё, аб чым мы гаварылі цікавіла Прэзідэнта. Анджэй Дуда выказваў сваё разуменне як у палітычным, гістарычным плане, так і ў плане сучаснага жыцця. Пытаў, ці ў Падляшскім ваяводстве назіраецца эканамічны прагрэс у параўнанні з мінулымі эпохамі развіцця дзяржавы. Анджэй Дуда шчыра падзякаваў за тое, што мы прыехалі і схацелі з ім сустрэцца.
Янка Сычэўскі, Яўген Вапа і прафесар Алег Латышонак расказалі аб праблемах з фінансаваннем беларускай культуры і культурных устаноў, пра недастатковае фінансаванне беларускага тыднёвіка «Нiва», беларускага Радыё Рацыя, пра асіміляцыю беларусаў і пра тое, што беларускія вёскі перажываюць этнічны крызіс, таксама пра суадносіны паміж польскай большасцю і нацыянальнай беларускай меншасцю.
Янка Сычэўскі закрануў тэму «выклятых жаўнераў», падкрэсліў, што ўвесь час гэтае пытанне выклікае канфлікты асяроддзе, таму што афіцыйны польскі гістарычны наратыў не ўключае ў сябе факт таго, што сярод іх былі забойцы беларусаў і праваслаўных. Прэзідэнт паставіўся да гэтага з разуменнем і сказаў, што ён вельмі заклапочаны ўзаемаадносінамі паміж палякамі і беларусамі на Беласточчыне.
«Мы яго запрасілі з візітам да нас. Анджэй Дуда не адмовіўся. Сказаў, што было б вельмі цікава прыехаць», – распавёў нам Янка Сычэўскі.
Сустрэча з прадстаўнікамі беларускай меншасці ў Польшчы была зладжана знянацку. Канцылярыя Прэзідэнта запрасіла ўдзельнікаў у чацвер, 25 сакавіка вечарам. І нечакана для запрошаных, якія думалі, што едуць на штогадовую сустрэчу Прэзідэнта з прадстаўнікамі ўсіх меншасцяў у Польшчы, аказалася, што гэта была адмысловая сустрэча з «польскімі беларусамі».
Сустрэча доўжылася цэлую гадзіну.
яс