Сёння мы хочам пазнаёміць шаноўнае Спадарства з некалькімі месцамі ў Польшчы, асабліва звязанымі з традыцыяй Велікодных святаў.
Пачнем ад вёскі, якая называецца так, як і найважнейшыя хрысціянскія святы – Wielkanoc (па-беларуску Вялікдзень). Гэта невялікая мясціна ля Кракава на поўдні Польшчы. У велікодным перыядзе яна прыцягвае турыстаў самой назвай. Цікава, што на самой справе назва вёскі не мае нічога агульнага са святам Пасхі. Яна паходзіць ад прозвішча (Wielkanocny) - сям’іі, якая раней пражывала на гэтых землях. І хоць у 600-гадовай вёсцы велікодныя традыцыі не маюць нейкага асаблівага характару, то турысты наведваюць яе, зацікаўленыя назвай. Падобнае зацікаўленне выклікаюць Пісанкі(Pisanki) – маленькая вёска на Падляшшы.
Кальварыя Зэбжыдоўская, Крыжовы шлях . Autorstwa Maciek.malec - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=20234443
Важным месцам звязаным з Вялікаднем з’яўляецца Кальварыя Зэбжыдоўская (Kalwaria Zebrzydowska) – месца рэлігійнага культу на поўдні Польшчы. Гэта месца для тых, хто плануе пражыць святы ў адпаведнасці з хрысціянскай традыцыяй. У Вялікую пятніцу ў Кальварыі традыцыйна адбываецца бадай найбуйнейшы Крыжовы шлях у краіне.
Кальварыя Зэбжыдоўская была заснавана ў пачатку XVII стагоддзя кракаўскім ваяводам Мікалаем Зебжыдоўскім(Mikołaj Zebrzydowski). Ваявода, які ўсё жыццё марыў пра паломніцтва ў Іерусалім, канчаткова вырашыў пабудаваць фрагмент святога горада ў Польшчы. На гары Яр стварыў Галгофу, а на Ланцкаронскай гары - Аліўную гару. Высілкі ваяводы высока ацанілі нашчадкі. Дарожкі, па якіх падчас Крыжовага шляху ідуць вернікі, а таксама 44 каплічкі былі ўнесеныя ў сусветны спіс ЮНЕСКА.
Велікодныя пальмы ў вёсцы Лысэ. Anna Zadrożna/PdZPR
У сваю чаргу з велікоднымі пальмамі (вербамі) атаясамліваюцца, перш за ўсё, дзве польскія вёскі: Лысэ (Łyse) у Мазовіі і Ліпніца Мураваная (Lipnica Murowana) у Малапольскім ваяводстве. Тут пальмы з’яўляюцца не толькі сімвалам Вялікадня, але таксама жывой традыцыяй, якой некалькі тыдняў да Вербнай нядзелі займаецца значная частка вяскоўцаў.
Штогод у Вербную нядзелю ў вёсцы Лысэ адбываецца конкурс, падчас якога выбіраюць найбуйнейшую і найпрыгажэйшую велікодную пальму. У гэты дзень згаданая невялікая вёска становіцца цэнтрам курп’ёўскага фальклора. Галоўнай падзеяй з’яўляецца імша ў касцёле св. Анны, падчас якой адбываецца парад з пальмамі. Дарэчы ў велікодным перыядзе конкурсы на найпрыгажэйшую пальму праходзяць у многіх гмінах па ўсяе Польшчы.
У сваю чаргу традыцыя конкурса на велікодную пальму ў вёсцы Ліпніца Мураваная на поўдні Польшчы сягае 1958 года. Тут у конкурсе прымаюць удзел толькі пальмы, вырабленыя паводле традыцыйнага ўзору і з натуральнай сыравіны.
Велікодны кірмаш у Варшаве. PAP/Albert Zawada
Яшчэ адным элементам традыцыі велікоднага перыяду з’яўляюцца кірмашы – гэта звычай, які культывуецца амаль па ўсёй Польшчы. Такія мерапрыемствы ладзяцца, сярод іншага, у Варшаве, Гданьску, Лодзі, Быдгашчы і дзясятках іншых малых і вялікіх гарадоў. Адным з найбольш славутых лічыцца велікодны кірмаш у Кракаве. На кірмашы можна купіць святочныя ўпрыгажэнні, паспрабаваць традыцыйныя стравы, прыняць удзел у конкурсах альбо паглядзець, як узнікаюць самыя прыгожыя велікодныя яйкі.
Калі гаворка ідзе пра велікодныя яйкі, то іх найбуйнейшая калекцыя ў Польшчы знаходзіцца ў гарадку Цехановец (Ciechanowiec) на Падляшшы. У цяперашні час яна налічвае больш за 2 тысячы экспанатаў з усяго свету. Сярод іх не толькі традыцыйныя птушыныя яйкі, але і яйкі страусаў і пінгвінаў; драўляныя, пластыкавыя, шкляныя яйкі іг.д.
Калекцыя пачалася з аднаго яйка, пафарбаванага ў чорны колер і з кветкавым матывам, якое ў 1968 годзе ад свайго будучага мужа атрымала прафесар Ірэна Стасевіч-Ясюк. Калі збор павялічыўся да амаль 1,5 тысячы экспанатаў, яго ўладальніца вырашыла перадаць калекцыю ў Сельскагаспадарчы музеі імя ксяндза Кшыштафа Клюка (K. Kluk). Цяпер калекцыя з’яўляецца асобнай установай - Музеем велікодных яек.
Сюда-Баба ў Лядніцы Гурнай. Autorstwa Agnieszka Kwiecień, Nova - Praca własna, CC BY-SA 3.0 pl, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=4127509
У сваю чаргу ў другі дзень Вялікадня, калі па ўсяе Польшчы паліваюцца вадой, то ў Вялічцы(Wieliczka) ці Лядніцы Гурнай(Lednica Górna), можна пазнаёміцца з унікальнай традыцыяй, якая называецца Сюда-Баба (польск. Siuda Baba). Гэта старадаўні польскі народны звычай, які сёння захаваўся толькі ў вёсках пад Кракавам. Сюда-Баба, то бок, мужчына, апрануты ў жанчыну запэцканую сажай і ў падранай вопратцы, ходзіць па хатах, збірае ахвяраванні і шукае маладых жанчын, каб запэцкаць іх сажай.
Анна Задрожна