Беларуская Служба

NASA зноў пераносіць палёт верталёта на Марсе

15.04.2021 17:39
З-за праблем падчас тэставання амерыканскае касмічнае агенцтва NASA зноў перанесла палёт Ingenuity на Марсе.
Аўдыё
  • NASA зноў пераносіць палёт дрона на Марсе; Польскія вучоныя распрацоўваюць геномную карту Польшчы; Навукоўцы даследуюць механізм, які прадухіляе пашкоджанне клетак у экстрэмальных умовах
Dron Ingenuity
Dron IngenuityPAP/EPA/NASA/JPL-Caltech/HANDOUT

Ingenuity – так называецца невялікі верталёт-беспілотнік, які быў дастаўлены на Марс марсаходам Perseverance. Марсаход сеў на Чырвонай планеце 18 лютага. Пасля першых выпрабаванняў пачалася падрыхтоўка да палёту Ingenuity.

Першапачаткова палёт беспілотніка планаваўся «не раней за 8 красавіка». Потым NASA вырашыла перанесці гэты тэрмін на 11 красавіка, а затым - на 14 красавіка ці нават пазней. Аднак 12 красавіка было абвешчана, што затрымка будзе яшчэ большай.

Праблема ўзнікла падчас выпрабавання на Марсе вінта верталёта на вялікай хуткасці. NASA зазначае, што верталёт знаходзіцца ў бяспецы і ў добрым стане. Ужо выпраўлена праграмнае забеспячэнне для ліквідацыі праблемы з вінтом.

Падчас палёту беспілотнік будзе спажываць шмат энергіі – сотні ватаў. Батарэя, якая сілкуе рухавікі Ingenuity, павінна справіцца са скачкамі магутнасці, калі беспілотнік будзе змагацца з ветрам і яго парывамі. Дзеля гэтага неабходна забяспечыць дастатковы зарад батарэі. Праблемай з'яўляюцца таксама халодныя ночы на Марсе, пасля якіх у батарэі застаецца няшмат энергіі. Яна зараджаецца днём ад Сонца.

NASA вядзе інтэнсіўную падрыхтоўку да палёту беспілотніка Ingenuity на Марсе. Чакаецца, што дата першага палёту ў атмасферы іншай планеты будзе вызначаная на наступным тыдні.

яс

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка