«Першабытныя радзімы межаў не мелі», — пісаў польскі пісьменнік Цыпрыян Каміль Норвід. Сёлета спаўняецца дзвесце год з дня яго нараджэння — вандроўнага паэта, які пісаў у дарозе, удалечыні ад дома, у чужых дамах. Гэты настрой сёння актуальны і для многіх літаратараў з Беларусі. З ліпеня да снежня гэтага года некалькі пісьменнікаў і перакладчыкаў з Беларусі атрымаюць магчымасць бясплатна пажыць і заняцца творчасцю ў Варшаве.
Варшаўскі Старамесцкі дом культуры сёлета дорыць пісьменнікам, пісьменніцам, перакладчыкам і перакладчыцам з Беларусі, Украіны і Расіі ўнікальную магчымасць правесці некалькі тыдняў у Варшаве. Бясплатна. І з сутачнымі. Першы тур прыёму заявак ад кандыдатаў скончыўся 7 мая. Тыя, каго выбера журы, наведаюць Варшаву ўжо ў маі-чэрвені. Але ёсць шанс прыехаць у сталіцу Польшчы па выніках другога туру адбору.
Паўліна Андручык, каардынатар праектаў Старамесцкага дома культуры: — 2021 год Сейм і Сенат Польшчы аб’явілі Годам польскіх пісьменнікаў Цыпрыяна Каміля Норвіда, Кшыштафа Каміля Бачыньскага, Тадэвуша Ружэвіча і Станіслава Лема. Праўда, у гэтым пераліку імён няма ніводнай жанчыны. Таму Старамесцкі дом культуры да спісу творцаў і патронаў дадаў Юлію Хартвіг, і 2021 год мы абвясцілі годам адзначэння гадавін літаратараў.
У сувязі з гэтым мы распрацавалі праграму рэзідэнцый для літаратараў — пісьменнікаў, пісьменніц, перакладчыкаў і перакладчыц з Беларусі, Украіны і Расіі ў Варшаве. Мы запрашаем іх правесці некалькі творчых тыдняў у цэнтры сталіцы Польшчы пад апекай Старамесцкага дома культуры. Мы выберам пяцярых рэзідэнтаў для пражывання на працягу двух-шасці тыдняў.
Арганізоўваючы гэтыя рэзідэнцыі, мы хочам далучыць замежных пісьменнікаў і перакладчыкаў да варшаўскага літаратурнага свету. Мы запрашаем іх правесці некалькі тыдняў у Варшаве і пазнаёміцца з мясцовай мастацкай сцэнай, гісторыяй горада і культурнай панарамай сталіцы. Мы выдзяляем нашым рэзідэнтам кватэру ў цэнтры са зручным месцам для творчай працы, стыпендыю ў памеры 840 злотых брута (амаль 180 еўра) на тыдзень, лагістычную і матэрыяльна-тэхнічную падтрымку, а таксама далучаем іх да дзейнасці нашай установы.
Праект ажыццяўляецца ў рамках партнёрства польскіх гарадоў-арганізатараў рэзідэнцый — Кракава, Гданьска і Варшавы і двух літаратурных аб'яднанняў: таварыства “Літаратурны саюз” і Таварыства перакладчыкаў літаратуры. Гэтае супрацоўніцтва прывядзе не толькі да знаходжання пісьменнікаў і перакладчыкаў з Беларусі, Украіны і Расіі ў трох гарадах Польшчы, але і да стварэння сумеснага сайта, які будзе пашыраць ідэю літаратурных рэзідэнцый, а таксама да складання базы даных аб стыпендыях у Польшчы і за мяжой.
Паўліна Андручык: — Мы запрашаем да ўдзелу ў адборы пісьменнікаў і перакладчыкаў з Беларусі, Украіны і Расіі, у т.л. тых, хто цяпер жыве ў Польшчы. Кандыдаты павінны адпавядаць наступным крытэрыям: у іх ёсць хаця б адна кніга, том паэзіі альбо пераклад, якія з’явіліся ў друку, яны павінны размаўляць на англійскай ці польскай мове, а таксама ў гэты момант працаваць над літаратурным праектам. У Варшаву яны могуць прыехаць са сваім партнёрам або сям’ёй. Мы прапануем ім кватэру ў поўнае распараджэнне.
Рэзідэнты будуць мець вельмі шырокія магчымасці для творчага і асабістага жыцця ў Варшаве.
Паўліна Андручык: — Рэзідэнты могуць правесці ў Варшаве ад двух да шасці тыдняў. І могуць самі вырашаць, на што прысвяціць гэты час. Ці будуць у гэты час пісаць кнігу, на якой працуюць — паэтычную або пераклад. Мы таксама заахвоцім іх да кантактаў з мясцовымі творчымі людзьмі з супольнасці літаратараў Варшавы. Таксама будзем заахвочваць пазнаць гісторыю горада, прагуляцца па прыгожых ваколіцах Старога горада. Таму я ўпэўнена, што нашы госці правядуць час у Варшаве вельмі актыўна і згодна са сваімі патрэбамі.
Мы таксама папросім рэзідэнтаў, каб яны расказалі пра сваю працу і творчасць у польскіх СМІ, а таксама ў тых польскіх СМІ, якія арыентаваны на ўкраінскую меншасць у Польшчы. Там можна будзе расказаць пра сваю творчасць і працу.
Рэзідэнцыі для пісьменнікаў і перакладчыкаў варшаўскі Старамесцкі дом культуры арганізуе ўпершыню. Але летась, напрыклад, была ажыццёўлена праграма стыпендый для пісьменнікаў і перакладчыкаў, якая працягваецца і сёлета. Старамесцкі дом культуры невыпадкова стаў пляцоўкай для майстроў пяра.
Паўліна Андручык: — Старамесцкі дом культуры на працягу многіх гадоў супрацоўнічае з літаратарамі і перакладчыкамі, на працягу многіх гадоў падтрымлівае асяродкі маладых творцаў. Таму мы запрашаем падаваць заяўкі на нашы рэзідэнцыі ў т.л. тых, хто яшчэ толькі пачынае свой шлях у літаратуры.
Старамесцкі дом культуры — само па сабе незвычайнае месца ў самым сэрцы Варшавы.
Паўліна Андручык: — Старамесцкі дом культуры знаходзіцца ў самым цэнтры варшаўскага Старога горада, у камяніцы на плошчы Рынак Старога горада. Гэта месца з багатай гісторыяй. І я адчуваю, што гэта месца натхніць творчых людзей.
Паўліна Андручык спадзяецца, што беларускія пісьменнікі на пэўны час знойдуць у Варшаве спакойны другі дом — творчы закуток для ажыццяўлення сваіх ідэй.
Паўліна Андручык: — У кантэксце тых гарачых падзей за ўсходняй граніцай Польшчы мы прыйшлі да вываду, што варта накіраваць нашу прапанову да творцаў з суседніх з Польшчай дзяржаў, з якімі ўвесь час адносіны складваюцца па-рознаму, якія часта мяняюцца і з’яўляюцца вельмі інтэнсіўнымі, але, як я адчуваю, вельмі шчырыя.
Заяўкі можна дасылаць па адрасе rezydencje@sdk.pl да 30 чэрвеня 2021 года. І магчымасць пражывання ў рэзідэнцыях будзе доўжыцца да канца гэтага года.
Заяўкі будзе разглядаць журы ў складзе: Ханна Янкоўская з Таварыства перакладчыкаў літаратуры, Агнешка Драткевіч з таварыства “Літаратурны саюз”, а таксама прадстаўнік Старамесцкага дома культуры.
Умовы і час знаходжання рэзідэнтаў у Варшаве будуць абмяркоўвацца ў кожным выпадку індывідуальна.
Заяўка павінна складацца з запоўненага фармуляра, CV са спісам апублікаваных літаратурных твораў, суправаджальнага ліста з апісаннем канцэпцыі творчай працы на час знаходжання ў Варшаве (не болей за 5000 знакаў з прабеламі), фрагмент апублікаванай працы (максімум 10 старонак А4). Пра падрабязнасці таксама даведвайцеся на сайтах:
literaryresidenciespoland.pl
https://sdk.pl/wydarzenia/literary-residencies-in-warsaw-for-writers-and-translators-from-belarus-ukraine-and-russia/
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё