Беларуская Служба

Кляшчы - ворагі чалавека і жывёлы

07.05.2021 15:00
Што рабіць, каб засцерагчы сябе ад наступстваў укусу кляшча?
Аўдыё
  • Кляшчы - ворагі чалавека і жывёлы
КлешчPhoto:JerzyGorecki/pixabay.com/CC0 Public Domain

Усё больш кляшчоў з'яўляецца ў лясах і на лугах. Гэтыя малюсенькія павукападобныя насякомыя зʼяўляюцца крыніцай сурʼёзных захворванняў – як для людзей, так і для жывёлы. Што рабіць, каб засцерагчы сябе ад наступстваў укусу кляшча?

Найбольшая актыўнасць кляшчоў назіраецца на пераломе сакавіка і красавіка да кастрычніка- лістапада. Найбольш актыўныя яны ў траўні і чэрвені. Важнай з’яўляецца прафілактыка. Каб прагулка былы бяспечнай, трэба паклапаціцца пра адпаведную вопратку – гаворыць спецыяліст лясной службы ў Пулавах Леапольд Леська.

-То бок, апранаць кашулю з доўгім рукавом, доўгія нагавіцы. Некаторыя нават прафілактычна зацягваюць шкарпэткі на нагавіцы, каб кляшчы мелі ўскладнены доступ да цела. Яны вельмі любяць месцы, дзе наша скура вельмі далікатная. Пасля вяртання з лесу леснікі рэкамендуюць праверыць усё цела, асабліва далікатныя месцы: пад пахамі, месцы, дзе цела згібаецца.

Кляшчы перадаюць як мінімум некалькі сурʼёзных захворванняў, якія, на жаль, на пачатковай стадыі хваробы немагчыма дыягназаваць з-за адсутнасці характэрных сімптомаў, адзначае Артур Бодыс, лекар са шпіталя ў Пулавах.

-З пункту гледжання інфекцыйных захворванняў самымі важнымі з’яўляюцца два. Іх выклікаюць патагены, якія пераносяць кляшчы. У першую чаргу гаворка ідзе пра Хваробу Лайма, а таксама кляшчовы энцэфаліт. Калі клешч яшчэ не ўпіўся, то яго трэба звычайна зняць са скуры. Калі клешч нас укусіў, то істотным з’яўляецца час. Ёсць даследаванні, якія паказваюць, што калі кляшча выдаліць на працягу 72 гадзін ад укуса, то рызыка захворвання невялікае. Ёсць спецыяльныя прыборы, дзякуючы якім лягчэй выцягнуць кляшча. У аптэках прадаюць адмысловыя кручкі, якія ахопліваюць кляшча. Ёсць таксама прыборы ў выглядзе ласо. Там ёсць нітка, якой мы хапаем кляшча і спрабуем выцягнуць.

Кляшчы таксама пераносяць бабезіозы – хваробы, небяспечныя для сабак, кажа ветэрынар Яцэк Красуцкі:

-Кляшчы небяспечныя, асабліва для сабак. Гэта смяротная хвароба. Калі гаспадар не пойдзе да ветэрынара і не будзе шукаць дапамогі, то сабака памрэ. Таксама трэба памятаць, што сабакі і каты могуць прынесці кляшчэй дадому, што можа быць небяспечным для нас. Можна сур’ёзна захварэць.

Кляшчэй цяпер можна сустрэць ня толькі ў лесе. Дастаткова, што гэта будзе вільготнае месца, найчасцей сярод лісцевых дрэў. Немагчыма цалкам пазбегнуць месцаў, дзе жывуць кляшчы.

ав


Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце