Беларуская Служба

15 траўня 1940 году нацысты падрыхтавалі план выкрадання польскіх дзяцей

15.05.2021 11:45
Генрых Гімлер распрацаваў рэкамендацыі для праграмы выкрадання польскіх дзяцей.
Аўдыё
  • 15 траўня 1940 году нацысты падрыхтавалі план выкрадання польскіх дзяцей
Польскія дзеці ў лагеры працыAutorstwa Nieznany - Józef Fajkowski: Wieś w ogniu. Eksterminacja wsi polskiej w okresie okupacji hitlerowskiej. Warszawa: Ludowa Spółdzielnia Wydawnicza, 1972, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=32625355

«Генеральны План Ост»

Гітлераўская Нямеччына распрацавала маштабны план па, фактычна, расавым вынішчэнні і германізацыі захопленых абшараў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (у тым ліку тэрыторыяў СССР). Гэты план называўся «Генеральны План Ост». Ён прадугледжваў знішчэнне альбо высяленне ў Сібір з захопленых немцамі тэрыторыяў да 80% насельніцтва. Гэты план распрацоўваўся пад кіраўніцтва рэйхсфюрэра СС Генрыха Гімлера, які таксама займаў пасаду камісара па пытаннях кансалідацыі нямецкага народа.

На самым пачатку вайны нацысты складалі план, што зрабіць з палякамі

Яшчэ 25 лістапада 1939 году спецыяльнае Міністэрства па палітычных і расавых справах падрыхтавала адмысловы даклад «Пытанне адносінаў да насельніцтва былых польскіх абшараў з расавага і палітычнага пункту гледжання».
Згодна з планам, значаная частка насельніцтва, якое не будзе паддавацца германізацыі, павінна быць выселена на іншыя тэрыторыі, аднак з гэтай групы павінны быць выключаны расава годныя дзеці, якія будуць выхаваныя немцамі ў адпаведных адукацыйных установах, альбо ў нямецкіх сем’ях. У гэтую групу дзяцей уключаліся толькі тыя, якім споўнілася максімальна 8-10 гадоў, бо толькі ў дачыненні да іх магла адбыцца паспяховая перанацыяналізацыя.

15 траўня 1940 году Гімлер прадставіў асноўныя пункты праграмы выкрадання польскіх дзяцей.

Гэтую напрацоўку ён назваў «Некалькі думак пра адносіны да іншапляменных на ўсходзе». У гэтую праграму ўключаліся наступныя дзеянні:
- Ушчамленне школьнай адукацыі, абмежаванне яе да 4 пачатковых класаў, у якіх павінны навучыць пісаць уласнае прозвішча, лічыць да 500 і ўнушаць верыць у тое, што божым правам палякі павінны падпарадкоўвацца немцам.
- Тыя польскія бацькі, якія хацелі б, каб іх дзеці маглі вучыцца далей, павінны атрымаць спецыяльны дазвол, і быць абсалютна лаяльнымі ў дачыненні да ІІІ Рэйху.

- Штогод павінна праводзіцца селекцыя дзяцей ва ўзросце ад 6 да 10 гадоў. Тыя, хто цалкам адпавядаў патрабаванням нямецкай расавай еўгенікі, то бок адзначаліся пажаданым генафондам, павінны былі трапіць у Нямеччыну, дзе прайшлі б праз працэс канчатковай германізацыі.

У германізацыі і выкраданні польскіх дзяцей быў моцна зацікаўлены сам Гітлер

20 чэрвеня 1940 году дакумент быў падтрыманы Гітлерам. Працэс выкрадання і германізацыі дзяцей меў расшыраную структуру. Галоўнымі інстытутамі, якія займаліся фільтрацыяй і селекцыяй дзяцей, іх пераразмеркаваннем у Польшчы з’яўлялася «Лебенсборн» і адмысловыя лагеры для дзяцей, напрыклад «Прафілактычны лагер для польскай моладзі ў Лодзі».
Згодна з даследаваннямі, да 200 тыс. польскіх дзяцей былі скрадзены для розных мэтаў, у тым ліку для прымусовай працы ў Нямеччыне. Пасля вайны толькі каля 15% маглі вярнуцца да сваіх бацькоў.

Павал Усаў

Больш на гэтую тэму: Лісток каляндара