Беларуская Служба

Уяўленне - галоўная тэма сёлетняга навуковага фестывалю Copernicus festival 2021

20.05.2021 16:01
Што такое насамрэч фантазія? Адкуль яна? Ці ёсць у фантазіі нейкія межы? 
Аўдыё
  • Уяўленне - галоўная тэма сёлетняга навуковага фестывалю Copernicus festival 2021
(zdj. ilustracyjne)
(zdj. ilustracyjne)TweSwe/Pixabay/dom. publiczna

Галоўнай тэмай сёлетняга навуковага фестывалю Copernicus festival 2021,  які ладзіць кракаўскі Ягелонскі ўніверсітэт, з'яўляецца ўяўленне.

Арганізатары спрабуюць даць адказ на пытанні, якія напэўна не раз і нас хвалявалі, напрыклад: Што такое насамрэч фантазія? Адкуль яна? Як магчыма, каб нашыя маленькія мазгі маглі так геніяльна і эфектыўна выкарыстоўваць гэты дзівосны інструмент? А таксама ці ёсць у фантазіі нейкія межы? І калі яны ёсць - што за імі знаходзіцца?

Спецыялісты вылучаюць некалькі відаў уяўлення: слыхавое, тактыльнае і, найбольш папулярнае, зрокавае.

Дзякуючы ўяўленню чалавек мае перспектыўнае мысленне, плануе, уяўленне адыгрывае вельмі важную ролю ў вырашэнні праблем, у аналізаванні.

Аднак, ёсьць выпадкі, калі ўяўленне не працуе правільна і з'яўляецца непажаданая фантазія.

Ці псіхічныя засмучэнні можна звязваць з хваробамі ўяўлення? На гэтае пытанне адказала праф. Дамініка Дудэк - псіхіятр з Collegium Medicum Ягелонскага ўніверсітэта.

- І так, і не. У псіхічных засмучэннях назіраюцца элементы, звязаныя з ўяўленнем. Такім значным карэлятам фантазіі з'яўляецца крэатыўнасць. Дакладна даказана сувязь псіхапаталогіі з крэатыўнасцю. Напрыклад, даказана, што хворыя на біпалярнае засмучэнне, або толькі з рысамі гэтай хваробы, адзначаюцца вялікімі паказчыкамі крэатыўнасці. Напэўна не выпадкова сярод артыстаў празмерна часта назіраюцца празмерныя адчуванні і эмацыйнасць. Ужо Арыстоцель звяртаў увагу, што выбітныя людзі празмерна часта трапляюць у меланхолію. Пазней гэта пацвердзілі даследаванні.

Ці можна супаставіць дэпрэсію і фантазію? Якая ў гэтым выпадку залежнасць?

- У гэтым выпадку лепш казаць пра дэпрэсіўныя засмучэнні мыслення, калі чалавек сканцэнтраваны на адмоўных аспектах сваёй асобы, свайго жыцця і сваёй будучыні. Ён кожную сітуацыю бачыць у чорных колерах. Напэўна ўяўленне адыгрывае ў гэтым выпадку  сваю ролю. Уяўленне цесна звязанае з пазнавальнымі здольнасцямі, а дэпрэсія - гэта кагнітыўная дысфункцыя. Часам назіраецца дэпрэсійная псеўдадэменцыя.

Галюцынацыі, трызненне, шызафрэнія - гэта таксама ўяўленне?

- Антоні Кэмпінскі сваю кнігу пра хворых на шызафрэнію прысвяціў "тым, хто  больш адчувае і інакш разумее". Ці можна гэта асэнсаваць як "тых, у каго больш багатае ўяўленне"? Я не ведаю, ці гэта адназначна. У мяне пэўныя сумневы, ці можна галюцынацыі і трызненне разглядаць толькі з пункту гледжання ўяўлення. Уяўленне з'яўляецца словам, якое уваходзіць у шматлікія абшары.

Ці сучасная псіхіятрыя вылучае правільнае або неправілнае ўяўленне? Ці ставіць паміж імі межы?

 - Людзі ў разнастайных сітуацыях схільныя да ўцечкі ў свет фантазіі. І гэта зусім натуральныя механізмы і ў некаторых выпадках, напрыклад у дзяцей, правільны этап ў развіцці. Дзеці часта маюць свайго ўяўнога сябра. Але калі ў дарослых расплываецца мяжа паміж уяўленнем і рэальнасцю, то гэта можа ўплываць на паўсядзённае функцыянаванне. Бо дзе знаходзіцца мяжа псіхічнага здароўя? Напэўна яе вызначаюць пакуты - свае або атачэння -  і дысфункцыя. Калі нехта закрываецца ў сабе, хаваецца ў свет фантазіі, не цікавіцца рэальным жыццём, то гэта ўжо дысфункцыя. Але з іншага боку фантазію выкарыстоўваюць для лячэння фобіі, падчас расслаблення ў тэрапеўтычным працэсе.

Як патлумачыць думкі і фантазію ў адносінах да іншых людзей, на якія ў рэальнасці чалавек не пагадзіўся б.

- Часам патрэбна штосьці перажыць у фантазіі. Гэта такі буфар, каб гэтага не зрабіць у реальнасці. Часта гэта звязана з агрэсіўнымі паводзінамі. Пачуўшы гэтае пытанне, адразу падумалася пра сексуальныя фантазіі, якія бываюць вельмі маляўнічыя і вульгарныя, але на якія мы звычайна не пагадзіліся б. Гэта тыпова для кампульсіўнага засмучэння. Гэтыя ўяўленні ніякім чынам не супадаюць з дадзенай асобай. Напрыклад, глыбокаверуючая асоба ў касцёле мае вульгарныя сексуальныя фантазіі, або маладую маці пераследуюць  кампульсіўныя ўяўленні, што яна робіць штосьці страшнае свайму дзіцяці, якое яна моцна кахае. У выпадку кампульсіўнага засмучэння пацыент не ажыццяўляе агрэсіўныя фантазіі. Ён усведамляе абсурднасць гэтых думак і фантазій.  Але пацыенту гэтае ўяўленне нясе вялікія пакуты, бо выклікае пачуццё віны.

Пра сакрэты чалавечай псіхікі, пра карысныя і некарысныя ўяўленні ўдзельнікам навуковага фестывалю Copernicus festival расказала псіхіятр, доктар Дамініка Дудэк.

Фестываль працягнецца да 23 мая. Ён праходзіць онлайн і можна яго глядзець на Youtube, на канале copernicus center.

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка