Першым быў Франклін Рузвельт, які прыбыў у 1945 годзе на Ялцінскую канферэнцыю, другім Рычард Ніксан ў 1972 годзе. Цікава, што Ніксан у 1959 годзе пад час прыезду ў СССР у якасці віцэ-прэзідэнта, паспрачаўся з Мікітам Хрушчовым і сказаў яму, што ягоныя ўнукі будуць жыць пры свабодзе. У 1974 годзе ва Уладывастоку адбылася сустрэча прэзідэнта Джэральда Форда і першага сакратара ЦК КПСС Леанідам Брэжневым.
Рональд Рэйган наведаў СССР у 1988 годзе. Рэйган лічыўся адным з тых прэзідэнтаў ЗША, якія пачалі рэалізоўваць палітыку па інтэнсіўнаму супрацьстаянню СССР, асабліва пасля ўвядзення савецкіх войскаў у Афганістан у 1979 годзе. Пасля таго, як Рэйган быў абраны прэзідэнтам, ён адкрыта назваў СССР «Імперыяй зла».
Прыезд Рэйгана ў СССР стаўся магчымым у выніку даволі доўгага працэсу выбудоўвання добрых адносін паміж бакамі, што стала магчымым пасля прыходу да ўлады ў СССР Міхаіла Гарбачова.
Першая сустрэча Гарбачова і Рэйгана адбылася ў Жэневе ў 1985 годзе. Пасля перамоваў Габрачоў назваў Рэйгана «дыназаўрам», а той Першага сакратара «цвердалобым бальшавіком». Разам з гэтым сустрэча прычынілася да спынення гонкі ўзбраенняў. У 1986 годзе адбылася двухбаковая сустрэча ў Рэйк'явіку, у 1987 Гарбачоў наведаў ЗША, а ўжо ў 1988 Рэйган прыбыў з візітам у «імперыю зла». Праўда, ужо пасля візіту ў Маскву прэзідэнт ЗША больш не называў СССР такімі словамі.
Падчас візіту павінны былі быць разгледжаны 4 пытанні: правы чалавека, рэгіянальныя канфлікт, двухбаковыя адносіны, кантроль над узбраеннямі.
Канешне, у той час СССР знаходзіўся на апошнім этапе свайго існавання і па сутнасці візіт Рэйгана стаўся знакавым.
Асноўнай тэмай візіту Рэйгана ў СССР была свабода веравызнання, таксама амерыканскі прэзідэнт падтрымаў вывад савецкіх войскаў з Афганістану і працэс «перабудовы». Візіт Рэйгана з большага быў нефармальны, хаця, падчас сустрэчы былі падпісаныя дамоўленасці па РСМД. Амерыканскі прэзідэнт прачытаў выклад па эканоміцы ў Маскоўскім Дзяржаўным універсітэце, прагуляўся па Чырвонай плошчы. Пазней Рэйган напісаў, што савецкія людзі нічым не адрозніваюцца ад амерыканскіх.
Павал Усаў